Уражанні ад акцыі свечак. І не толькі

Каля сотні людзей не пабаяліся прыйсці ўвечары 29 кастрычніка да будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі, фарпоста “амерыканкі” — спрадвеку палітычнай турмы, дзе знайшлі свой скон сотні ні ў чым не павінных нашых лепшых суайчыннікаў. Паэтаў, мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў. 

Толькі не ўсе апазіцыянеры адгукнуліся на заклік экс-палітвязня і былога кандыдата ў прэзідэнты (2010 год) Мікалая Статкевіча выйсці да будынка КДБ са свечкамі і лампадамі.

Не буду кранацца хода самой акцыі. Проста звярну ўвагу на некаторыя моманты. Не было заўважана на гэтым мерапрыемстве прадстаўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Гэта можна зразумець, бо гэтая структура з’яўляецца спадкаемцам камуністычнай партыі, хоць і непраўладнай, але ж ідэалагічна арыентаванай на ідэі Маркса—Энгельса—Леніна, наступнікам якіх стаў Іосіф Сталін, адзін з самых крывавых тыранаў у гісторыі чалавецтва. Тут хоць штосьці можна патлумачыць.

Але чаму не былі там лідары Партыі БНФ (прынамсі, я іх там не заўважыў)? Чаму не з’явіліся каля будынка КДБ са свечкамі экс-кандыдат у прэзідэнты ў кампаніі 2015 года Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, яе шэры кардынал? Яны ж пазіцыянуюць сабе дэмакратамі, апанентамі дзейнага рэжыму, які не цураецца Сталіна, выбудоўваючы ўсялякія псеўдагістарычныя “лініі” яго імя.

Можа, у невядомым адказе на гэтае пытанне і крыецца праўда: каму вы, спадары-таварышы “аб’яднанты апазіцыі”, належыце насамрэч?

   

Ад сабе зазначу: апошнім часам у вачах многіх людзей ачоленая пасля сыходу адтуль яе лідара паэта Уладзіміра Някляева кампанія дыскрэдытавала само слова “праўда”. Мо, варта яе перайменаваць у “Сам сабе не веру”?. Але гэта так, лірыка.

Яшчэ адно назіранне. Праваахоўныя органы ў форме (візуальна і не толькі добра знаёмыя журналістам па апошніх невялікіх акцыях апазіцыі напярэдадні так званых выбараў кіраўніка дзяржавы) зноў прычапіліся да Анатоля Лябедзькі, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Хоць гэты палітык не заклікаў людзей прыходзіць да будынку КДБ 29 кастрычніка, не трымаў традыцыйнай гукаўзмацняльнай тэхнікі (як і ніхто іншы з прысутных), не выкрыкваў нейкіх там лозунгаў.

Тым не менш, упартыя міліцыянты навідавоку журналістаў і прысутных складалі пратаколы на Лябедзьку і, можна меркаваць, на іншых знаёмых ім у твар асобаў. Варта нагадаць, што напярэдадні акцыі 29 кастрычніка Лябедзька быў аштрафаваны на 9 мільёнаў рублёў за ўдзел (нават не за арганізацыю) у несанкцыянаваным шэсці 10 кастрычніка ў цэнтры беларускае сталіцы. Вырашылі праз буйныя штрафы зрабіць Лябедзьку жабраком, а потым пасадзіць за “тунеядство”?

Адзначу, што акцыя не мела за мэты звяржэнне дзейнага кіраўніцтва краіны. Яе ўдзельнікі проста хацелі ўзгадаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Але, відаць, гэтая памяць не даспадобы чынушам.

Так, 1 лістапада мае адбыцца традыцыйнае шэсце “Дзяды” ад сталічнага гадзіннікавага завода ва ўрочышча Курапаты, дзе ляжаць многія тысячы нявінна забітых сталінскімі апрычнікамі ахвяраў. Мінскія гарадскія ўлады дазволілі мерапрыемства і не запатрабавалі ад арганізатараў (Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі  БНФ) ніякіх аплатаў.

Затое чарговым разам вызначыўся кіраўнік Мінскай вобласці Сямён Шапіра. Ягонае ведамства заклікала арганізатараў заплаціць за паслугі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, хуткай дапамогі, камунальшчыкаў і гэтак далей. Як быццам бы гэтыя службы фінансуюцца з асабістай кішэні Шапіры ці яшчэ больш высокай асобы, але не з сродкаў падаткаплатнікаў. Гэта ж не кірмаш, не гулькі, не казіно, гэта акцыя па ўшанаванні памяці нашых суайчыннікаў, забітых звярамі ў фуражках з чырвонымі зоркамі. Маразм і цынізм.

Верагодна, гэтыя крывава-савецкія зоркі дагэтуль для гэтых афіцыйных постацяў ад дзяржавы ззяюць ярчэй за Іерусалімскую зорку. Ці ярчэй за пробліскі ўласнага сумлення, калі, канешне, яно ў іх яшчэ засталося. Маральны, псіхалагічны, эканамічны, сацыяльны стан краіны і грамадства сведчыць, хутчэй за ўсё, пра тое, што не засталося.