Вартая быць Чалавекам года

Інтэрнэт-рэсурс «Народныя навіны Віцебску» назваў «Чалавекам году 2012» Любоў Іванаўну Кавалёву — маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Гэта ўжо не першае прызнанне гэтай мужнай жанчыны ў галіне абароны правоў чалавека. А менавіта — у галіне абароны права чалавека на жыццё.

Самае страшнае для любой маці — гэта даведацца, што яе дзіцяці няма ў жывых. Яшчэ больш страшна — змагацца за ягонае жыццё супраць бязлітаснай і магутнай дзяржаўнай машыны, заточанай на рэпрэсіі, ведаючы, што сын жывы, але ў любы момант куля можа абарваць ягонае жыццё. Прычым не на вайне, але ў мірны час.

Любоў Кавалёва да самага апошняга дня змагалася за свайго Ўладзіка. Яна, як і многія тысячы людзей у Беларусі і па-за яе межамі, не верыла і не верыць у тое, што яе сын мог быць спрычынены да жахлівага злачынства, якое каштавала жыцця пятнаццаці і калецтвамі дзясяткам і сотням людзей, якія пацярпелі ад таго страшэннага выбуху 11 красавіка 2011 году. 

Хуткацечнае следства і такі ж хуткацечны суд, амаль «маланкавае», па мерках крымінальна-выканаўчага досведу, прывядзенне расстрэльнага выраку ў выкананне — усё гэта дазваляе многім і многім людзям меркаваць, што штосьці тут не так, што не так усё проста, як падалі справу грамадству як следчыя, так і абвінаваўцы ды суддзі. І толькі Любоў Кавалёва да апошняга верыла, што справядлівасць можа перамагчы. Але гэта не пра наш выпадак, не пра нашу сістэму.

Ні Ўлада Кавалёва, ні Дзмітрыя Канавалава, якія б грэшныя ці не яны не былі, ужо не вярнуць. Нават калі кольвеч стане вядома, што пакараны невінаватыя людзі. Але Любоў Іванаўна не апусціла рукі. Яна спрабуе вярнуць добрае імя свайму сыну. І рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека аб тым, што ўлады Беларусі парушылі права яе сына на жыццё, дае жанчыне на гэта сілы і спадзяванні. 

Але, паўтаруся, Улада ўжо не вернеш. Тым не менш, зараз Любоў Кавалёва паставіла перад сабою мэту больш шырокую, тую, якая змушае схіліць галаву перад гэтай мужнай жанчынай. Любоў Іванаўна змагаецца за тое, каб у Беларусі ўвогуле было адменена смяротнае пакаранне. Зусім і назаўжды! Бо Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца гэты антыгуманны, звярыны від пакарання — расстрэл. На Захадзе ёсць выпадкі, калі людзі дзясяткамі гадоў сядзелі ў камерах смяротнікаў, а потым высвятлялася, што яны — невінаватыя, і іх вызвалялі, прычым з адпаведнымі кампенсацыямі.

У беларускай рэчаіснасці — усё наадварот. Тут няма гарантыі ад таго, што невінаваты можа быць прызнаны вінаватым і пакараны смерцю. Варта ўзгадаць «Віцебскую справу» за савецкімі часамі, калі невінаватага мужчыну расстралялі, а маньяк-забойца яшчэ доўга гуляў на волі. Альбо хлопцаў з таго ж Віцебску, якіх працяглы час трымалі за кратамі за быццам бы арганізацыю і здзяйсненне выбухаў у грамадскіх месцах абласнога цэнтру, але якіх потым таксама адпусцілі, бо іх віна не была даказаная нават нашымі спецыфічнымі ў плане доказаў органамі. 

Не дай, Божа, апынуцца на месцы сваякоў тых, каго асуджаюць на смерць. Альбо на месцы саміх «смяротнікаў». Любоў Кавалёва ведае, што гэта такое, калі на расстрэл асуджаны родны сын. І змагаецца, каб больш ніводная маці не зведала нічога падобнага. Жыццё — самае дарагое, што Бог даў чалавеку. І ніводзін іншы чалавек не ў праве адабраць гэты найвялікшы Божы дар.

Любоў Кавалёва — носьбіт гэтай праўды, гэтага ведання. Таму яна па праву названа віцяблянамі «Чалавекам году», а таксама «Праваабаронцам году», паводле версіі «Праваабарончага альянсу» ды іншых праваабарончых арганізацыяў. І Любоў Іванаўна мае на гэта поўнае права.