Вечар у Малінаўцы

Апошнімі днямі ў сталічных раёнах назіралася з’ява, якой даць разуменне не могуць нават спецы з Белгідрамету. Маўляў, ніякага гарэння тарфянікаў і лясоў у нас тутака і пааабапал няма. І не могуць патлумачыць, адкуль тутака смурод, бы гарыць усё і паўсюль. Нейкая паўсюдная бездапаможнасць і тупасць. 

viecharmalin_3.jpg

Падавалася, што гэтая прыродная поскудзь, якая цягнецца па-над Мінскам ужо амаль тыдзень, скончыцца пасля першых дажджоў і пахаладання пасля працяглага сталага ўтрымання стану надвор’я, але прагнозы зноў не спраўдзіліся. Дажджы лілі, халадэча наступіла раней за планы прыродных аналітыкаў-спецоў, а смурод спачатку на каторкі час крыху адпусціў, а потым зноў наваліўся.

І што, хто-небудзь з чынавенства патлумачыў, чаму мінчукі і наведвальнікі сталіцы маюць праблемы з паветрам, спадскуджаным немаведама чым? «Не ведаем, усё натуральна, усё пад кантролем», — агульная выснова «адмыслоўцаў». Тым часам, электарат задаецца пытаннямі: «Шо цэ было? Што гэта ёсцяка? Что это?» Замежнікі пры маёй прысутнасці, відаць, немцы ці аўстрыякі, ці бельгійцы, ці галандцы пыталіся: «Was ist los? Was ist das?»

viecharmalin_1.jpg

І што я ім мог адказаць, калі сам не ведаю, а чынавенства запэўнівае, што нічога страшнага, што гэта, маўляў, адмсловасць нашага неправетрывання сталічнай тэрыторыі. Дык на якую халеру вы вымотваце сталічныя экалагічныя рэсурсы, навошта вы душыце сваіх суайчыннікаў у літаральным сэнсе?

Адказу ні я не пачую, ні хто іншы, таму што нашае чынавенства жыве там, дзе можна схавацца ад экалагічнага смуроду. Яны разлічваюць, што яшчэ пражывуць доўга-доўга. Толькі вось такая бадзяга, што антыэкалагічная атрута любога паходжання не ведае межаў. Так што, вельмінешаноўныя «небажыхары», ад тае атруты схавацца не атрымаецца ні вам, ні вашым нашчадкам. Калі толькі яны ўжо не аселі ў Лондане, Баварыі ці на Мальдывах. Таму вы, чынушы, што яшчэ не збеглі адсуль, альбо зробіце высілкі дзеля захавання сваіх фундатараў у асобе электарата і падаткаплацельшчыкаў, альбо сканаецце разам з імі.

Калісьці мы чулі нешта падобнае (калі вы патопіце мяне, тады патоніце разам са мною), гадоў дваццаць таму, з вуснаў першага і дасюльнга правадыра Беларусі. Тады ён казаў гэта на адрас прадпрымальнікаў, якія сёння маглі б выратаваць краіну ў час эканамічнага крызісу. Але слова — не верабей…

viecharmalin_2.jpg

Цяперашні экалагічны смурод на вуліцах беларускай сталіцы — нібы сімвал таго, што адбываецца ў краіне апошнімі гадамі. І калі ён развеецца над намі, - не ведаюць нават сіноптыкі. А дзяржава не ведае, хто можа развеяць эканамічны, сацыяльны і палітычны смурод. Як не ведаюць гэтага, на вялікі жаль, і апаненты дзяржавы. І ад гэтага весялей дакладна не робіцца.

Фота аўтара