Загнанне ў прыгон

Вярхоўныя ўлады не стамляюцца здзіўляць сваіх падданых разнастайнымі перламі ў выглядзе ўказаў, распараджэнняў, дэкрэтаў, загадаў ды іншых актаў, якія ў асобных выпадках маюць мала агульнага з дзеючым заканадаўствам, у тым ліку і з Канстытуцыяй. Тое, што выдаў у пятніцу галоўны тутэйшы чыноўнік, выклікае, мякка кажучы, здзіўленне.

А справа вось у чым. Аляксандр Лукашэнка, які ў апошні дзень восені наведаў Адкрытае акцыянернае таварыства “Барысаўдрэў, запатрабаваў з 1 снежня ўвесці забарону на звальненні супрацоўнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрну “Беллеспаперпрам да канца іх мадэрнізацыі. Правадыр нават загадаў тэрмінова падрыхтаваць адпаведны праект дэкрэту. “Падрыхтуйце дэкрэт. Да завяршэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка, — у звыклай катэгарычнай форме заявіў Лукашэнка.
 
Некаторыя эксперты ўжо назвалі гэткія захады беларускага кіраўніцтва вяртаннем у рабства. А што — не так? Толькі вось як жа ж гэта стасуецца за Канстытуцыяй, з правамі чалавека? У Беларусі што, афіцыйна існуе прыгоннае права?
Не для каго не сакрэт, што працоўныя людзі, не кажучы ўжо пра навукоўцаў, пра таленавітую моладзь, валам валяць за межы Сінявокай у пошуках лепшае долі. Заробкі нават у нашых не самых багатых суседзяў на тых жа спецыяльнасцях вышэйшыя за тыя, што можа прапанаваць тутэйшаму чалавеку “ўнікальная беларуская эканамічная мадэль. Таму і ўзнікае ў дзяржавы жаданне любым чынам прывязаць рабочага да свайго працоўнага месца, калі нават дзеля гэтага даводзіцца ісці на прамое парушэнне Асноўнага закону.
Калісці за савецкімі часамі было ўведзенае сапраўднае прыгоннае права для сялянаў, якім нават не выдавалі пашпартоў, каб яны не маглі пакінуць свае вёскі, свае абрыдлыя калгасы, дзе людзі былі змушаныя працаваць не за рэальныя грошы, няхай і мізэрныя, а за так званыя працадні. Цяпер, калі ў краіне бракуе сродкаў, каб забяспечыць працоўнаму люду больш-менш годнае існаванне, прыгонныя метады спрабуюць скарыстаць і дзеючыя ўлады, гвалтам прывязваючы беларусаў да месца працы. Цяжка ўявіць, што такія захады робяцца ў ХХІ стагоддзі!
Што да “мадэрнізацыі і рэканструкцыі, то добра вядома, колькі гэта можа працягвацца. Як на асобных прадпрыемствах, гэтак і ў краіне ў цэлым. У сістэме, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца метад “заката сонца ўручную, імклівых зменаў чакаць не даводзіцца. А працаваць, забяспечваць рост ВУП, выконваць рашэнні “Усебеларускага народнага сходу і прагнозныя паказчыкі камусьці трэба. Вось і спрабуюць улады на чале з першым і нязменным гарантам вылузвацца, як толькі можна. Няхай і такім сумнеўным чынам.
Цяжка сказаць, наколькі “ўзрадаваныя такой ініцыятывай галоўнага чыноўніка будуць людзі, якія працуюць у сістэме прадпрыемстваў канцэрну “Беллеспаперпрам. І як яны ўспрымуць свой новы статус. Але можна з вялікаю імавернасцю меркаваць, што на пратэсты “новыя прыгонныя не пойдуць. Адвучылі іх за васямнаццаць гадоў адстойваць свае правы, адвучылі думаць і ацэньваць учынкі і загады начальства.
А ўвогуле ў Беларусі, як той казаў, “то панос, то залатуха. То ўводзяць кантрактную сістэму, у адпаведнасці з якой любы працаўнік можа зляцець з працы нават без тлумачэння прычынаў па завяршэнні кантракту , то ўказамі правадыра намёртва прывязваюць рабочага да станка ці чагосьці іншага. Каб не збег. Вось яна, свабода, вось яны, правы чалавека па-беларуску!