Жыццё і смерць у навушніках

Усё часцей на вочы трапляюцца паведамленні пра трагедыі, якія здараюцца з людзьмі амаль “знічога”. Вось і зараз прачытаў, што ноччу ў суботу ў Мінску электрычка насмерць збіла маладзёна, які шпацыраваў па рэйках у навушніках. Калі прыглядзецца, то скадаецца ўражанне, што ледзь не дзевяць з дзесяці мінакоў ходзяць і ездзяць у навушніках. Пры гэтым яны падвяргаюць сябе вялікай небяспецы.

nayshniki.jpg

Ілюстрацыйнае фота

Імаверна, што загіблы хлопец, не май ён гэтых затычак у вушах, пачуў бы, што ззаду да яго набліжаецца цягнік, і паспеў бы адскочыць у бок і застацца жыць. Але, відаць, гучная музыка ў навушніках заглушыла ўсе іншыя гукі і цалкам адцягнула ўвагу небаракі ад навакольнага свету, якога хлапчыне ўжо, на вялікі жаль, больш не ўбачыць.

І гэты выпадак — не адзінкавы. Людзі ў навушніках, засяроджаныя толькі на тым, што нясецца наўпрост у галаву з мінідынамікаў, трапляюць пад колы аўтамабіляў і нават ровараў. Яны, з адключанай увагаю, шыбуючы пешкадралам, могуць нават урэзацца ў такога ж як самі мінака. Яны нібыта глухія. Ва ўсіх сэнсах.

Да чалавека ў навушніках, які едзе ў грамадскім транспарце, можна нават не звяртацца, каб нешта спытаць. У маршрутцы такога чалавека можна нават не прасіць перадаць кіроўцу грошы за праезд. Усё роўна не пачуе. Людзі ў навушніках нібы ў нірване. У нейкім іншым свеце. Калі яны ў навушніках, яны чуюць толькі сябе і тое, што льецца з навушнікаў. Нічога іншага ў гэты момант для іх не існуе.

Дзікавата выглядае, калі на вуліцы ці ў тым жа грамадскім транспарце сустракаюцца знаёмыя і вітаюцца, камунікуюць, не вымаючы навушнікаў з вушэй. Пры гэтым яны спрабуюць змагацца з музыкай, якая нясецца ім у галаву з навушнікаў, і замест таго, каб выключыць тую музыку і зняць навушнікі, яны пачынаюць літаральна раўсці на ўсю акалотку, быццам слыхавыя інваліды. Пры гэтым яны не звяртаюць увагу на тое, што сваім ровам яны перашкаджаюць іншым.

Прагрэс патрабуе ахвяраў. Зараз практычна ўсе гаджэты прадугледжваюць выкарыстанне навушнікаў. Так, гэта зручна, нават файна. Прыемна паслухаць добрую музыку ў належнай якасці. Але калі ўвесь актыўны час сутак чалавек праводзіць у навушніках… Як кажуць, “што занадта, то не здрава”. Дарэчы, медыкі ўжо даказалі, што празмернае карыстанне навушнікамі прыводзіць да істотнага пагаршэння слыху. Пра гэта могуць сведчыць і тыя людзі, хто па прычыне сваёй прафесіі вымушаны працаваць у навушніках. І паверце, лішні раз яны не будуць імі карыстацца.

Гэта не натацыя, гэта разважанне з заклікам быць пільнымі. Бо часам кожная нота з навушнікаў можа апынуцца апошняй. Як у таго хлопца, што загінуў пад электрычкаю ноччу ў суботу.