Жыццёвыя абставіны: высокія замежныя госці і сабачыя фекаліі

Яшчэ некалькі дзён таму падавалася, што з надыходам сакавіка прыйшла і вясна. Мне, як чалавеку, які проста ненавідзіць холад і слоту, маразы і сумёты, праз якія даводзіцца пралазіць з высілкамі нібы ў час апошняга бою за ўласнае жыццё, адліга, якая надарылася ў апошнія дні лютага і першыя дні сакавіка, вонкава падавалася прыкметаю патэнцыйных зменаў да лепшага. Карацей, надыходу вясны. І вось што прынеслі першыя вясновыя дзянькі?

А нічога, панове, добрага, прызнаюся я вам. Па-першае, адліга, павольнае таянне снегу, якое крыху спынілася апошнімі днямі, высветліла, колькі ж дзярма нас акольвае! У прамым сэнсе. Зіма была снежнаю, завірухі замяталі ўсе хібы, звязаныя з тым, што звязана з жыццядзейнасцю і двуногіх, і чатырохногіх істотаў, якія суіснуюць побач шмат тысячагоддзяў і, гледзячы па ўсім, блізкія адно да аднога як па інтэлекце, гэтак і па паводзінах, па ментальнасці.

Першыя ж цёплыя дзянькі ў гарадах, у тым ліку і ў “самым чыстым горадзе планеты”, выкацілі пад ногі тоны сабачых фекалій. І гэта не жарт. У адрозненні ад “клятых буржуінаў”, дзе “сабачнікі” носяць з сабою пакуначкі і савочкі, каб не пакінуць за сваімі “малымі сябрамі” ніякіх непрыемных успамінаў, у “ганарлівых” беларусаў, няма такой звычкі. “Браты малодшыя” часам дасягаюць ад шасцідзесці да васьмідзесяці кілаграмаў вагі, і можаце сабе ўявіць, колькі яны жаруць і колькі потым з сябе “выкідваюць”. У большасці жыхароў Сінявокай, якія маюць такіх чацвёраногіх сяброў, не ўзнікае нават думкі, што ў кучу сабачых фекалій можа ўлезці малое дзіця і потым яшчэ, апроч маральных пакутаў, атрымаць і рэальных фізічных тумакоў ад бацькоў: “Куды ты, блін, глядзеў (глядзела)? Куды ты лез (лезла)?”

Адсутнасць саўка для прыбірання дзярма за сваімі падапечнымі сведчыць пра наяўнасць “саўка” у галовах абывацеля, які выгульвае сабаку на дзіцячай пляцоўцы, пад вокнамі шматпавярхоўкі, у парку адпачынку. У галовы многіх забіты пастулат: тое, што па-за межамі сваёй кануры пад назвай “кватэра”, не ёсць сваім. “Усе вакол калгаснае”, а значыць, не маё, такі сённяшні менталітэт электарату. Нават незалежна ад фінансавага стану, ад дабрабыту.  

З жахам чакаю, калі пачнецца сапраўдная вясна. Ужо маю досвед у першыя адлігавыя дні ўлязання ў тое самае рэчыва ледзьве не па самае не магу. Уяўляю рэакцыю дворнікаў, якія пасля таяння снягоў будуць корпацца ў гэтыме, каб вычысціць наваколле ад сабачага (а мо, і не толькі?) бруду, які ўжо не мае ніякага дачынення да жывёл. Хаця, мае. Да тых жывёл, якія лічаць сябе людзьмі, але паводзяць сябе горш за сабаку, не бачачы вакол ні сметніцаў, якіх, балазе, хапае, ні наступстваў таго, проста на вуліцы адвольна шпурляючы пляшкі, пачкі ад цыгарэтаў ці цукерак, чыпсаў і гэтак далей. І гэта тут, у краіне, гонарам кіраўніцтва якой з’яўляецца менавіта чысціня вуліц. Але фактычна гэта тычыцца пераважна месцаў, дзе час ад часу праязджае тое самае найвышэйшае кіраўніцтва.

І яшчэ пра тое, што час ад часу перашкаджае жыць. Так, высокапастаўленыя госці з замежжа, тым больш еўрапейскага, — рэдкая з’ява ў Беларусі. Апошнім такім наведнікам Сінявокай сталася першая асоба Сербіі. Пра палітычны характар гэтага візіту даволі  неадназначнага сербскага прэзідэнта казаць не хачу — не той выпадак. Але пра адзін момант усё ж скажу. Ускладанне кветак да вечнага агню на Плошчы перамогі, канешне, справа добрая, а для высокіх асобаў — абавязковая, пратакольная. Але калі гэтая цырымонія адбываецца ў гадзіну-пік з перакрываннем выхадаў са станцыі метро і праходаў да самой плошчы, з перакрываннем руху наземнага транспарту, калі людзі не могуць патрапіць туды, куды едуць па справах, — гэта выклікае, мякка кажучы, раздражненне.

Мяркую, што мае пачуцці падзяляюць тысячы людзей, якія былі змушаныя блізу шаснаццатай гадзіны 13 сакавіка мяняць свае маршруты альбо тырчаць у аўтакорках у цэнтры гораду. І ўсё толькі дзеля таго, каб чарговы “новы сябра” вышэйшага беларускага чыноўніка справіў высокую пратакольную патрэбу. А абывацелі пачакаюць, чаго там. Карацей, г…о справа.