Прымушалі, прымушаем і будзем прымушаць!

Мой факультэт заўсёды быў у перадавіках, што б гэта ні было. Гэта і знакамітая рэформа вышэйшай адукацыі, якая так і не была да канца праведзена, але ў выніку якой вывучэнне гісторыі на гістфаку спыняецца на трэцім курсе. Гэта і згон на выбары. Наш дэкан заўсёды быў і застаецца вельмі выканаўчым. Вось і ў гэтым годзе распачаў падрыхтоўку першым.



7f01c939761597f9b832694d4c381512.jpg

Згоны студэнтаў на выбары сталі ўжо, відаць, такой звыклай справай, што ўжо і сіл няма абурацца. Я заўсёды толькі радавалася, што не жыву ў інтэрнаце, таму на мяне менш рычагоў ціску. Усё адно, усе робяць звычайна так, як каму дазваляе сумленне.
Але ў гэтым годзе наш дэканат паводзіць сябе надта цікава. Яшчэ не скончыўся верасень, а ўсім старастам ужо уклалі ў вушы неабходную інфармацыю. Але як? З такім жа “майстэрствам, як і пішуць прамовы для нашага самага-самага.
Спачатку быў манатонны маналог пра справы факультэта, абавязкі старастаў, пра тое, што гэты будынак як дом, у якім мы жывем і пра які павінны клапаціцца. І тут неяк незаўважна дэкан перайшоў на налепкі і ўлёткі, якія будуць псаваць наш цудоўны дом. Ад налепак да культуры паводзінаў, а пасля да палітычнай культуры. Ад палітычнай культуры да грамадзянскай пазіцыі і абавязкаў. І хоп! Выснова пра тое, што трэба ісці на выбары.
Дэкана ніхто не “цягнуў за язык. Часта нават думаеш, як адзін чалавек можа так доўга размаўляць ні пра што і нібыта сам з сабой. Гэтым ён нагадвае аднаго вядомага чалавека… Але пра выбары так проста і сказаў: “Прымушалі, прымушаем і будзем прымушаць! Я аж прачнулася ад такой заявы.
Пасля размова зноў пайшла па крузе, відаць, для замацавання матэрыялу. Зноў гаворка пра тое, што гісторыкі павінны ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, і ўсё такое. Прыгадаў ранейшыя часы, распавядаў, што “вось калі рэктарам быў…, але прозвішча Казуліна так і не змог назваць, неяк дзіўна засмяяўся і замяў сітуацыю. Нельга ж называць ворагаў у прысутнасці студэнтаў… І так, падавалася, будзе цягнуцца да бясконцасці. Але, на ўсеагульнае шчасце, гэта скончылася, і на натхняльнай ноце народ разышоўся.
А я задумалася, гэта ж што будзе рабіцца на факультэце перад выбарамі, калі ўжо зараз такое? Што новага і цікавага нам будуць казаць, колькі будуць хлусіць, на якое пагадненне з сумленнем пойдуць абы забяспечыць яўку?