IKEA сышла з РФ — а на гомельскім прадпрыемстве людзі ў роспачы

На гомельскім прадпрыемстве з-за рашэння IKEA — сур’ёзныя праблемы з вытворчасцю.

Гомельскае прадпрыемства «Делком40», якое супрацоўнічала з IKEA. Фота: delkom40.by

Як распавялі супрацоўнікі прадпрыемства, цяпер там выплачваюць толькі дзве траціны заробку. А з наступнага тыдня работнікам давядзецца прыходзіць на працу і «проста сядзець». Нават у начную змену, піша «Салідарнасць».

Прадпрыемства «Делком40» — даччыная кампанія польскай групы кампаній «COM40», якая вырабляе мэблю і іншую прадукцыю для IKEA. На сайце кампаніі пазначана, што ў штаце працуюць 2100 чалавек, «у асноўным, рабочыя прафесіі». Некалькі з іх распавялі пра тое, што цяпер адбываецца на прадпрыемстве.

— Першыя праблемы пачаліся пасля вайны і сыходу IKEA з расійскага рынку, — кажуць работнікі. — Нас усіх адправілі ў чарговыя адпачынкі. Пасля перавялі на 2/3 акладу (гэта крыху больш за 350 рублёў на рукі). У гэты час мы сядзелі дома.

А 27 красавіка на агульным сходзе супрацоўнікам «Делком40» абвясцілі: з наступнага тыдня ім прыйдзецца прыходзіць на працу і проста знаходзіцца ў месцы для прыёму ежы. Гэта значыць, у сталовай. Такое распараджэнне тычыцца як мінімум цэха вытворчасці мяккай мэблі.

— З 4 траўня мы павінны па сваім працоўным графіку прыходзіць на працу і знаходзіцца ў месцы збору, пазначаным працадаўцам. А ў выпадку няяўкі, згодна з Працоўным кодэксам, будзе звальненне з-за прагулу, — распавядаюць супрацоўнікі прадпрыемства.

У рабочым графіку ў людзей тры змены, ёсць і начныя. Няўжо трэба прыходзіць і сядзець у сталовай ноччу? Рабочыя кажуць, што зразумелі гэта менавіта так.

— Усё тое ж самае. Ранішнія, дзённыя і начныя змены, згодна з графікам, але зараз мы проста абавязаныя быць на працоўным месцы, — кажуць яны.

«Прапанавалі тры варыянты: ехаць у Польшчу, сядзець на 2/3 або звальняцца»

Супрацоўнікі «Делком40» ужо звярталіся на гарачую лінію Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Там адказалі, што парушэнняў у такім рашэнні працадаўцы няма.

— Сказалі, калі калектыўны дагавор, падчас прастою супрацоўнікі павінны быць на месцы. Гэта значыць, сядзенне ў сталовай за 360 рублёў падчас прастою і па начах у рамках Працоўнага кодэкса? — абураюцца працоўныя.

Колькі будзе доўжыцца прастой, дакладна невядома. Адзін з суразмоўцаў удакладніў, што на агульным сходзе агучылі верагодную дату прастою — да канца траўня. Многія работнікі вырашаюць, што рабіць, некаторыя сабраліся звальняцца.

— Многія спешна і не падумаўшы напісалі заявы на звальненне па ўласным жаданні, — кажа адзін з рабочых. — Два тыдні таму набралі работнікаў для двух вытворчых ліній (блізу 40 чалавек), якія робяць паўфабрыкаты для польскага прадпрыемства «СОМ40». Кажуць, кампанія збіраецца рабіць мэблю на ўнутраны рынак Беларусі і РФ, але пакуль атрымаюць сертыфікаты, пакуль знойдуць сетку для рэалізацыі... гэта таксама вельмі доўгая песня.

Па словах работнікаў, на сходзе кіраўніцтва заявіла, што не варта чакаць паляпшэнняў праз месяц, і прапанавала ім варыянты.

— У выніку прапанавалі тры варыянты: ехаць у Польшчу (адпраўляюць без праблем, першая партыя людзей туды ўжо з'ехала), сядзець на 2/3 або звальняцца —  кажуць нашы суразмоўцы.

Канапы, якія для IKEA рабіў «Делком40». Фота delkom40.by

  

«Мы страцілі 90% збыту, вытворчасць практычна спыненая» 

Тыдзень таму кіраўнік праекта па закупцы металу «Делком40» Сяргей Патапаў у каментары расійскаму выданню bfm.ru прызнаваўся, што ў дадзены момант вытворчасць практычна спыненая. Хоць раней прадпрыемства рабіла для IKEA каля 20 тысяч канап на тыдзень.

— IKEA сышла, а ў нас уся вытворчасць была арыентаваная на іх, — кажа Сяргей Патапаў. — Цяпер мы стараемся знайсці альтэрнатыўныя крыніцы, куды можна рэалізоўваць сваю прадукцыю, — запусціць лінейку мэблі пад сваёй гандлёвай маркай. Стараемся знайсці новыя рынкі збыту — гандлёвыя сеткі, можа, аптовых пакупнікоў. Робім усё для таго, каб адкрыць уласную рознічную сетку, як было ў далёкіх планах. Мы страцілі 90% збыту, вытворчасць практычна спыненая.

Патапаў адзначыў: для таго, каб выйсці хоць бы ў нуль, па яго разліках, спатрэбіцца дзесьці каля паўгода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: