«Аддайце нашых дзяцей!»: сотні людзей дзяжураць ля Акрэсціна
Ужо некалькі дзён запар каля ізалятара на завулку Акрэсціна ў Мінску збіраюцца сотні людзей, якія спрабуюць даведацца інфармацыю пра затрыманых блізкіх. Час ад часу за браму турмы заязджаюць машыны хуткай дапамогі, а таксама ваенныя, што надае яшчэ больш драматызму і без таго распаленай сітуацыі.
Пасля другой ночы пратэстаў 11 жніўня пад сценамі ІЧУ/ЦІП сабралося больш за сотню чалавек. У асноўным — жанчыны: маці, жонкі, нявесты, сёстры. Другі дзень запар яны спрабуюць даведацца нешта пра сваіх затрыманых блізкіх, але большасць так і не атрымлівае ніякай інфармацыі. Валанцёры складаюць спісы затрыманых і перадаюць іх дзяжурным міліцыянтам. У адказ тыя абяцаюць прадаставіць спісы людзей, якія ўтрымліваюцца на Акрэсціна, але не робяць гэтага.
— За два дні мы ўжо запісалі каля 1000 чалавек. Учора мы чакалі да дзвюх гадзін ночы, і нам удалося пацвердзіць 48 прозвішчаў, — распавяла «Новаму Часу» адзна з дзяўчат, якія складалі спісы. Ёй самой пакуль не ўдалося нічога высветліць пра сваіх затрыманых знаёмых.
Людзі складаюць спісы затрыманых
Сына Алены Струкавай Аляксея затрымалі пасля выбараў, уноч на 10 жніўня.
— У тры гадзіны ночы ён развітаўся з сябрам каля Камароўкі. Я не ведала, што яго затрымалі, а сябра не мог да яго дазваніцца. Я, ні пра што не падазраючы, патэлефанавала яму ў гадзіну дня. Спачатку доўга не здымалі, а потым знялі, але не адказвалі. Толькі пасля я зразумела, што яму неслі тэлефон. Ён паспеў мне сказаць: «Я ў міліцыі, кладзі слухаўку». Мы нават не ведаем, дзе ён, зараз паедзем у РАУС па месцы прапіскі. Але кажуць, што тых, каго бралі пасля трох гадзін ночы ў цэнтры горада, завезлі ў Жодзіна.
Адна з жанчын сама падыходзіць да карэспандэнта НЧ і пачынае распавядаць сваю гісторыю. Яе завуць Ірына Багданава, а палове на другую ночы 10 жніўня затрымалі двух яе сыноў — Уладзіслава і Станіслава.
Ірына Багданава
— Мы сустрэліся з імі на скрыжаванні Ціміразева і Кальварыйскай. Да гэтага часу ўжо ўсіх разагналі, і мы накіраваліся дадому па мосце. Гэта была нашая памылка: за мостам нас ужо чакалі АМАПаўцы. Калі пачаліся стрэлы, я схавалася за слуп, і мы з дзецьмі згубіліся. Мяне ўкладваў тварам уніз чалавек у шэрай форме і ў шлеме. Мне здалося, што ён размаўляў на чыста рускай мове, як расіянін. Мы не размаўляем так. Ён лаяўся матам: «С*ка, бл***, ляжаць!». Потым іншы кажа: «Паднялася, сыйшла!». Я паднялася, а іншы кажа — усё роўна ляжаць. Я ляжала. Маёй сяброўцы ў галаву зарадзілі берцам. Потым мяне акуратненька ўзялі за шкірку і засунулі ў аўтазак. У аўтазаку куча людзей у крывішчы, душна. Пяць хвілін я там пасядзела, сваіх дзяцей не знайшла, і нам з сяброўкай сказалі: «На выхад».
Толькі на наступны дзень у 15.30 стаў даступны тэлефон старэйшага сына. Ён сказаў, што падпісаў усе дакументы: ніякіх прэтэнзій да АМАПу не мае, прызнае, што ўдзельнічаў у мітынгу. Ён падпісаў пратакол і яго адпусцілі. А малодшага — яму 19 — чамусьці не адпускаюць, хаця мы дамовіліся падпісваць усё. Апошні раз брат бачыў яго тут, у ІЧУ, ён сказаў, што яны былі ўдваіх у камеры, усяго ў ёй было 15 — 25 чалавек на пяць коек. А ўвогуле Улад казаў, што там тысячы людзей.
Ірына распавядае, што ў нейкі час тэлефон малодшага сына стаў даступны, але яна зразумела, што яго ўключылі міліцыянты.
— Я стала пісаць СМС-кі, што я — яго маці, што перамога будзе за намі, міліцыя з народам. Але потым, відаць, батарэя села, і тэлефон зноў стаў недасяжны.
Жанчына ўжо трое сутак не спіць і не есць, і ледзьве стрымлівае слёзы. Але ўсё роўна збіраецца стаяць пад ізалятарам да таго часу, пакуль не ўбачыць сына.
— У РАУСе ніякай інфармацыі не даюць, да ЦІП і ІЧУ не дазваніцца, у Жодзіна таксама ніхто не падыходзіць. Гэта генацыд свайго народа, я лічу, — гаворыць Ірына Багданава.
Таксама жанчына распавядае пра правакатараў, якіх бачыла на акцыі ў ноч пасля выбараў: яны носяць на руках белыя павязкі, але пры гэтым перагаворваюцца па рацыях. Некаторыя з іх заклікалі натоўп ісці ў пэўным кірунку, а пасля аказвалася, што там людзей ужо чакаў АМАП.
Сярод прысутных ля ізалятара — і жонка палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Яе муж цяпер знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, на яго распачатая крымінальная справа. Спадарыня Марына прыехала даведацца, ці ёсць тут хто з яе знаёмых, падтрымаць родных затрыманых, а таксама заклікаць іх да самаарганізацыі.
— Я проста прашу людзей — аб’ядноўвайцеся, аб’ядноўвайцеся каля судоў, бо інакш — ніяк, — гаворыць Марына Адамовіч.
Тым часам да ізалятара пад’ехала машына хуткай дапамогі. Медыкаў запусцілі на тэрыторыю ІЧУ. Праз нейкі час машына выехала, але людзі заблакавалі ёй шлях, каб даведацца, каму прыехалі аказваць дапамогу. Пасля патрабаванняў медыкі здаліся і назвалі прозвішча чалавека — Здор, дадаўшы, што шпіталізацыя яму не спатрэбілася. Раней з ізалятара выязджала яшчэ адна машына хуткай, удалося даведацца, што на ёй вывезлі Уладзіміра Вераценіка.
Але былі гісторыі, калі праз траўмы затрыманых вызвалялі. Так адбылося з хлопцам, які стаяў ля ізалятара з перабінтаванай левай рукой.
— Перакрылі ўсе дарогі, на вуліцы Валадарскага ўзялі ў ачапленне. Я ўзняў рукі, каб бачылі, што я не супраціўляюся, але наляцела чалавек пяць і сталі збіваць, а потым прывезлі сюды, — распавядае пра свае прыгоды ўноч на 10 жніўня Віталь.
Малады чалавек звярнуўся да медыкаў са скаргамі на боль у руцэ, але яму далі толькі таблетку анальгіна. Потым руку зафіксавалі яго ж курткай, і так Віталь прасядзеў чатыры гадзіны. Толькі каля шасці раніцы яго на хуткай завезлі ў бальніцу, дзе наклалі гіпс, а адтуль адпусцілі без складання пратакола. Дакладны дыягназ — ушыб ці ўсё ж пералом — дактары хлопцу так і не паставілі.
— Сёння я з’ездзіў у судовую экспертызу зняў пабоі, учора даваў паказанні следчым, зараз паеду ў Маскоўскі РАУС пісаць заяву аб збіцці.
На вачах карэспандэнта НЧ на тэрыторыю ізалятара заехала некалькі УАЗікаў з людзьмі ў балаклавах, апранутымі ў адзенне колеру хакі. Праз нейкі час гэтыя людзі з’явіліся на даху ізялатара і зверху назіралі за тым, што адбываецца. Па словах прысутных, яны былі на даху і ўчора.
— Мой муж учора ў 12 ночы паспеў даслаць паведамленне, што яго затрымалі, ён у аўтазаку. Але не ведаю, у якім раёне, і не разумею механізму іх далейшых дзеянняў, паводле якога рэгламенту працуе гэтая структура, — распавядае «Новаму Часу» жанчына ў слязах.
— У мяне муж — бацька двух дзяцей, ён не дайшоў дадому, да Грушаўкі. Можа, і добра, бо ў Грушаўцы ўчора тварылася вар’яцтва, дзеці бегаі па балконе і крычалі «Мама, бандыты!». Чаму мы ніяк не можам на гэта паўплываць? Кандыдат ён, ці хто — чаму ён не выходзіць да людзей пагаварыць? — дадае жанчына, звяртаючыся да кіраўніка краіны.
Сваякі гукарэжысёра Эльдара, які працаваў з беларускімі гуртамі «Крама», Nizkiz, Shuma і іншымі, распавядаюць, што маладзёна затрымалі ў нядзелю на выбарчым участку, дзе ён быў назіральнікам. Яны дасюль не ведаюць, дзе ён.
Нічога не ўдалося даведацца і ад хлопца, які выйшаў з дзвярэй ізалятара. Яго забралі ўчора на вакзале, але адпусцілі, бо ён непаўнагадовы. Маладзён распавядае, што ў камеры іх было 18 чалавек. Прысутныя сталі паказваць яму здымкі сваіх родных на тэлефнах — раптам ён бачыў кагосьці з іх? Але хлопец нікога не пазнаў і неўзабаве сыйшоў.
Разам з драматычнымі момантамі ля сценаў ізалятара здараюцца і вясёлыя. Так, адна дзяўчына гукнула свайму затрыманаму хлопцу: «Трымайся! Выйдзеш — ажэнімся. Але гэта не дакладна!». Невядома, ці пачуў адрасат, але публіка вітала гэты зварот смехам і воплескамі.
Іншая рэакцыя была на нечаканы выезд з турэмнай брамы некалькіх машын, мяркуючы па плямістай расфарбоўцы, ваенных. Іх людзі праводзілі свістам і крыкамі «Ганьба!».
На гэта тут жа адрэагавалі супрацоўнікі ДАІ, якія па гучнай сувязі са службовага аўтамабіля загадалі прысутным не стаяць на праезджай частцы і на газонах, а таксама не паркаваць ля ізалятара машыны. Але гэтаму закліку людзі не толькі не падпарадкаваліся, але і сталі гучна абурацца ў адказ: «Аддайце нашых дзяцей — тады мы прыбярэм машыны!».
Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор прыйшоў на Акрэсціна, каб перадаць перадачу жонцы Іне. Яе затрымалі ў нядзелю каля Заводскага РАУСа. Яна была назіральніцай на выбарчым участку. Старшыня камісіі адмовіўся даваць выніковы пратакол, жанчына паехала ў тэрытарыяльную камісію, і там яе затрымалі. Суда яшчэ не было, таму пакуль не вядома, як доўга пяцёра дзяцей застануцца без маці. Перадачы пакуль часова не прымаюць.
Ілля Дабратвор
Яшчэ ў адной жанчыны сына затрымалі а палове другой ночы з нядзелі на панядзелак, прычым малады чалавек зусім не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Ён прывёз сваю нявесту вырваць зуб у дзяжурную стаматалогію на вуліцы Кісялёва. Сам застаўся чакаць яе ў машыне. Калі тая патэлефанавала, што зуб вырвалі, ён выйшаў яе сустракаць. Не паспеў выйсці з машыны — як яго запакавалі ў сіні бус. Жанчыне па месцы прапіскі паведамаілі, што сын у ізалятары. Хаця ўчора ёй сказалі, што яго тут няма. Праўда, потым параілі прынесці цёплыя рэчы і ежу, але перадачу так і не прынялі.
Некаторыя людзі праз некалькі гадзін чування пад турэмнымі сценамі сталі разыходзіцца, нехта аб’явіў, што едзе ў Жодзіна, і ёсць вольныя месцы ў машыне. Але засталіся і тыя, хто мае цвёрды намер дачакацца калі не сваіх блізкіх, то хаця б нейкіх звестак пра іх. Відаць, пляцоўка перад ізалятарам яшчэ нейкі час не будзе пуставаць — у другой палове дня сюды павінны былі прывезці затрыманых падчас наступнай ночы пратэстаў. Праўда, куды ўцісківаць людзей, відаць, ужо не надта разумеюць нават самі супрацоўнікі ізалятара.
Фота аўтаркі