Алег Панамар: Расія мусіць прайграць у вайне — так наканавана колам гісторыі
Палітолаг і вядомы ўкраінскі блогер Алег Панамар разважае, ці можна нейкім чынам вырашыць праблему захопленай Запарожскай АЭС.

1. Парадыгма мірнага часу
Калі вы пытаецеся, ці можна вырашыць праблему ЗАЭС, гэта значыць, што вы дагэтуль жывяце ў парадыгме мірнага часу і не ўсвядомілі, не прынялі таго факту, што ў Еўропе ідзе найбуйнейшая пасля WW2 вайна.
Не, не існуе асобнага рашэння па ЗАЭС, акрамя як перамагчы ў вайне. Тады ўсе лакальныя задачы вырашацца ў рамках вялікага рашэння.
2. Санкцыі
Няма ніякіх чароўных альбо асобных (за АЭС) санкцый. Ёсць адна санкцыйная стратэгія (як частка агульнай стратэгіі разам з ваеннай, эканамічнай і дыпламатычнай), якая накіравана на дасягненне адной галоўнай мэты — перамагчы Расію.
Захад уводзіць санкцыі і будзе працягваць іх уводзіць, кіруючыся гэтым, бо... глядзіце пункт 1.

3. Ці можа Пуцін, выкарыстоўваючы АЭС-шантаж, дамагчыся перамоў і выйсці з іх пераможцам?
Не, не можа.
Таму што вайна — гэта сукупнасць геапалітычных супярэчнасцей, якія назапасіліся за 80 гадоў. Гэта сусветны парадак, на які Пуцін замахнуўся. Таму такая пясчынка ў акіяне, як захоп АЭС, не можа паўплываць на зыход вайны. Гэта было б занадта лёгка і проста. Расія мусіць прайграць у вайне — так павінна стацца, гэта наканавана колам гісторыі.
Гэта як калі б Гітлер у 1944 годзе захапіў (нават у Амерыцы) нейкі аб'ект і захацеў выкарыстоўваць такі шантаж, каб перавярнуць ход вайны.
4. Ці можа Пуцін зрабіць нешта дрэннае на АЭС?
Можа. Але гэта яму нічога не дасць, акрамя як наблізіць яго паражэнне (тое ж самае тычыцца і ўжывання ядзернай зброі).
Вы скажаце: ён жа маньяк, і яму няма чаго губляць. І я адкажу: добра, няхай так. Але ён не зможа забраць з сабой на той свет усіх жыхароў Зямлі. Ён нават усю Украіну не зможа забраць з сабой на той свет.
І я не думаю, што мэта Пуціна — сысці на той свет. Я думаю, яго мэта — дамагчыся канкрэтных саступак (вынікаў), гуляючы на вашых (і Захаду) страхах.
Але на Захадзе ёсць правіла — выкуп тэрарыстам не плаціць.
Таму, як выснова — глядзіце пункт 1.

Нагадаем, як пісаў НЧ, украінскі Энергаатам паведаміў, што расійскія ваенныя абстрэльваюць ЗАЭС, каб знішчыць яе інфраструктуру і адключыць ад энергасістэмы Украіны. Але неўзабаве сітуацыя можа стаць яшчэ горшай. Дзеянні Расіі з высокай верагоднасцю могуць прывесці да «ядзернай і радыяцыйнай катастрофы, наступствы якой адчуе не толькі Украіна, але і ўся Еўропа».
