Краіны G7 патрабуюць ад РФ вярнуць Украіне атамную станцыю
G7 патрабуе неадкладна вярнуць кантроль над ЗАЭС Украіне.
![2758827.jpg 2758827.jpg](/img/v1/images/2758827.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кіраўнікі МЗС «Групы сямі» (G7) апублікавалі заяву з нагоды сітуацыі на Запарожскай атамнай электрастанцыі. У ёй ад Расіі патрабуюць неадкладна вярнуць кантроль над АЭС Украіне, паведамляе «Еўрапейская праўда».
У заяве краін G7, апублікаванай на сайце МЗС Германіі сёння, 10 жніўня, гаворыцца: «Мы патрабуем, каб Расія неадкладна вярнула законнаму суверэннаму ўласніку, Украіне, поўны кантроль над Запарожскай атамнай электрастанцыяй, а таксама над усімі ядзернымі аб'ектамі ў межах міжнародна прызнаных межаў Украіны для забеспячэння іх бяспечнай і надзейнай эксплуатацыі».
Украінскі персанал, які абслугоўвае Запарожскую АЭС, павінен мець магчымасць выконваць свае абавязкі без пагроз і ціску, дадалі міністры краін G7.
«Кантроль Расіі над станцыяй уяўляе пагрозу для рэгіёну», — гаворыцца ў заяве. Міністры заявілі аб падтрымцы намаганняў генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі па ўмацаванні ядзернай бяспекі ва Украіне і падкрэслілі важнасць садзейнічання экспертнай місіі МАГАТЭ на Запарожскай АЭС для вырашэння пытанняў ядзернай бяспекі спосабам, які «паважае поўны суверэнітэт Украіны над яе тэрыторыяй і інфраструктурай».
«Супрацоўнікі МАГАТЭ павінны мець бяспечны і бесперашкодны доступ да ўсіх ядзерных аб'ектаў ва Украіне і наўпрост і без ўмяшання мець зносіны з украінскім персаналам, адказным за эксплуатацыю гэтых аб'ектаў», — дадаецца ў заяве.
![Расія робіць з ЗАЭС ваенную базу ядзерных тэрарыстаў Расія робіць з АЭС ваенную базу ядзерных тэрарыстаў](/img/v1/images/6a2bea06_325d_49b1_bea4_2d9b693baf03_w1200_r1.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
6 жніўня Еўрасаюз асудзіў вядзенне Расіяй ваеннай дзейнасці з тэрыторыі вакол Запарожскай АЭС.
Нагадаем, кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі звярнуўся да ўладаў Расіі з заклікам дапусціць на станцыю экспертаў дзеля таго, каб пазбегнуць магчымай аварыі. Ён адзначыў, што на ЗАЭС у Энергадары былі парушаныя практычна ўсе прынцыпы ядзернай бяспекі.
9 жніўня ў МАГАТЭ заявілі, што абстрэл ЗАЭС нанёс шкоду станцыі, але радыяцыя пакуль у норме.