Уся Еўропа пад пагрозай ядзернай катастрофы, горшай за ЧАЭС

Існуе сур'ёзная пагроза ядзернай катастрофы на АЭС. Гэта па сутнасці, тое ж, што і прымяненне Расіяй ядзернай зброі. Зяленскі папярэдзіў аб сур'ёзнай пагрозе ядзернай катастрофы

3a7a9def5ac60c4b2d79bebd3ff0f51b.jpg

Украінскі прэзідэнт заявіў,  што Расія ператварыла Запарожскую АЭС у поле бою — і ўсведамляе магчымыя наступствы гэтага.

Уладзімір Зяленскі адзначае, што Расія можа справакаваць найбуйнейшую ў гісторыі радыяцыйную аварыю на Запарожскай атамнай станцыі. Пра гэта Зяленскі казаў у сваім выступе падчас канферэнцыі саюзнікаў Украіны з краін Паўночнай Еўропы, паведамляе УНІАН.

«Калі савецкая ўлада спрабавала схаваць Чарнобыльскую катастрофу і яе поўныя наступствы, то расійская ўлада значна больш цынічная і небяспечная: яна сама робіць усё, каб рызыка ядзернай катастрофы стала максімальнай. І хлусіць усяму свету, што вінаваты нібыта нехта там іншы», — сказаў Зяленскі.

Паўстала неабходнасць абараніць Еўропу ад гэтай пагрозы. «А верагодна, не толькі Еўропу, таму што Запарожская атамная станцыя ва Украіне — самая вялікая на нашым кантыненце, трэцяя па памерах у свеце. Шэсць энергаблокаў», — нагадаў Зяленскі.


Украінскі кіраўнік дадаў, што расійская акупацыйная армія выкарыстоўвае АЭС для тэрору і ўзброеных правакацый. «Расія ператварыла атамную станцыю ў поле бою. Калі акупанты прыйшлі на Запарожскую АЭС, іх танкі абстралялі яе. Прамой наводкай па станцыі. Размяшчаючы баявую тэхніку на тэрыторыі станцыі, і нават праводзячы там утылізацыю боепрыпасаў, расійскія вайскоўцы не могуць не ведаць, што ставяць усю Еўропу пад пагрозу ядзернай катастрофы», — падкрэсліў Зяленскі.

І расійскія ўлады, дадаў ён, «усведамляюць, якімі могуць быць наступствы, калі іх войскі абстраляюць атамную станцыю».

«Мы перакананыя, што траекторыя крылатых ракет, якімі Расія абстрэльвае тэрыторыю Украіны, не выпадкова пралягае над украінскімі АЭС. Усё гэта — праявы расійскага ядзернага тэрарызму. Расія стала дзяржавай-тэрарыстам і фактычна трымае ў закладніках атамныя станцыі. І шантажуе ўсіх верагоднай катастрофай... Расія можа справакаваць найбуйнейшую ў гісторыі радыяцыйную аварыю на Запарожскай атамнай станцыі», — падкрэсліў Зяленскі.

Ён дадаў, што па фактычных наступствах гэта можа быць яшчэ больш катастрафічна за Чарнобыль, а па сутнасці, тым жа, што і прымяненне Расіяй ядзернай зброі, але без ядзернага ўдару.

«Ніхто з нас не зможа спыніць вецер, калі ён будзе несці радыяцыю. Але мы ўсе з вамі разам здольныя спыніць дзяржаву-тэрарыста. І чым хутчэй мы спынім Расію, тым хутчэй Еўропа і свет змогуць адчуць зноў бяспеку», — сказаў Зяленскі.

Варта згадаць, што сёння ўкраінскі «Энергаатам» заявіў пра абстрэлы у раёне ЗАЭС. Каля станцыі было “зафіксавана пяць «прылётаў» у раёне камендатуры станцыі — непасрэдна побач з участкам зваркі і сховішчам крыніц выпраменьвання… Аднак вораг на гэтым не спыніўся. Яшчэ пяць «прылётаў» адбыліся ў раёне пажарнай часткі, якая размешчана непадалёк ад ЗАЭС, гаворыцца ў тэлеграм-канале «Энергаатама».