Расія ў ААН заявіла, што не прыбярэ свае войскі з Запарожскай АЭС

Прадстаўнік Расіі ў ААН выказаўся рашуча супраць дэмілітарызацыі Запарожскай АЭС.

4e74fa735556.jpg

Пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Нябензя не падтрымаў прапанову аб стварэнні дэмілітарызаванай зоны вакол Запарожскай атамнай станцыі. Па яго словах, Расія “абараняе” АЭС — у тым ліку ад магчымых тэрактаў.

"Дэмілітарызацыя станцыі можа зрабіць яе ўразлівай для тых, хто захоча яе наведаць. Якія будуць іх мэты і задачы, ніхто не ведае. Мы не можам выключаць любых правакацый, тэрарыстычных нападаў на станцыю, якую мы павінны абараніць", — заявіў прадстаўнік РФ у ААН.


Раней генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў адвесці ўсіх вайскоўцаў і ваенную тэхніку ад станцыі і пазбегнуць размяшчэння любых іншых ваенных сіл ці ваеннага абсталявання на гэтай тэрыторыі. "Аб'ект не павінен выкарыстоўвацца ў рамках якіх бы там ні было ваенных аперацый. Замест гэтага неабходна тэрмінова прыйсці да Пагаднення на тэхнічным узроўні аб усталяванні перыметра бяспекі і дэмілітарызацыі з мэтай забяспечыць бяспеку рэгіёну", — заявіў генеральны сакратар ААН.

МАГАТЭ, украінскі ўрад і Дзярждэпартамент ЗША заклікаюць — акрамя ўстанаўлення дэмілітарызаванай зоны вакол станцыі — таксама ўвесці на яе тэрыторыю міратворчы кантынгент.


Як пісаў «НЧ», кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі звярнуўся да ўладаў Расіі з заклікам дапусціць на станцыю экспертаў дзеля таго, каб пазбегнуць магчымай аварыі. Ён адзначыў, што на ЗАЭС у Энергадары былі парушаныя практычна ўсе прынцыпы ядзернай бяспекі.

Пра тое, што існуе сур'ёзная пагроза ядзернай катастрофы на ЗАЭС, учора гаварыў Уладзімір Зяленскі. Выбух на АЭС — гэта па сутнасці, тое ж, што і прымяненне Расіяй ядзернай зброі.