У Літве прапануюць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку агрэсіі РФ
Трое літоўскіх кансерватараў вырашылі змяніць закон аб грамадзянстве. Яны падрыхтавалі папраўкі да закона і прапануюць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку расійскай агрэсіі. Зрэшты, гэта можа закрануць толькі тых людзей, якія атрымалі грамадзянства Літвы ў парадку выключэння.
Паводле ідэі літоўскіх кансерватараў, грамадзянін іншай краіны, які атрымаў літоўскае грамадзянства ў парадку выключэння, можа быць пазбаўлены грамадзянства, калі яго дзеянні ўяўляюць пагрозу бяспецы і інтарэсам Літвы ці іншых краін рэгіёну, адзначае www.delfi.lt. Пазбаўляць грамадзянства прапануюць і за прыніжэнне імя Літвы.
Папраўкі плануюць зарэгістраваць сёння, 11 жніўня. Па словах кансерватараў, цяперашняя норма закона, у якой пазначаны падставы для пазбаўлення грамадзянства, не адпавядае сучаснай геапалітычнай сітуацыі.
"У адпаведнасці з артыкулам ёсць 6 выпадкаў пазбаўлення грамадзянства Літвы, аднак няма такога, які прадугледжваў бы механізм пазбаўлення грамадзянства чалавека, грамадзяніна іншай краіны, які атрымаў літоўскае грамадзянства ў парадку выключэння, калі ён падтрымлівае агрэсараў і ўяўляе пагрозу для Літвы, рэгіёну і саюзнікаў", — сказана ў тлумачэнні да праекту.
Спрэчкі пра неабходнасць мяняць закон узмацніліся пасля таго, як фігурыстка Маргарыта Драбязка і яе муж Повілас Ванагас прынялі ўдзел у шоу, арганізаваным жонкай дарадцы кіраўніка РФ Дзмітрыя Пяскова Таццянай Навка. Драбязка якраз атрымала літоўскае грамадзянства ў парадку выключэння. На фоне спрэчак учора, 10 жніўня, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пазбавіў фігурыстаў дзяржаўнай узнагароды, якая была ім уручаная за заслугі перад Літвой. Драбязка і Ванагас жывуць у Расіі.
Нагадае, як пісаў НЧ, сейм суседняй Латвіі яшчэ красавіку падтрымаў тэрміновыя папраўкі ў Закон аб грамадзянстве, якія прадугледжваюць магчымасць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку ваенных злачынстваў.