У Латвіі будуць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку ваенных злачынстваў Расіі

Сейм Латвіі падтрымаў тэрміновыя папраўкі ў Закон аб грамадзянстве, якія прадугледжваюць магчымасць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку ваенных злачынстваў.

14062720_0_0_2049_1153_2072x0_60_0_0_db8c8529e550225a4e72a8cb9756760e.jpg


Як паведамляецца на сайце Сейма, асобы, якія падтрымліваюць ваенныя злачынствы ці іншыя міжнародна-каральныя злачынствы супраць іншай дэмакратычнай дзяржавы, могуць быць пазбаўленыя латвійскага грамадзянства, перадае АФН.

«Асоба можа быць пазбаўленая грамадзянства Латвіі, калі яна зрабіла значную фінансавую, матэрыяльную, прапагандысцкую, тэхналагічную ці іншую падтрымку краінам або асобам, якія ўчынілі дзеянні, у тым ліку генацыд, злачынствы супраць міру, злачынствы супраць чалавечнасці, вайсковыя злачынствы, якія падрываюць або пагражаюць дэмакратыі, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці дзяржаў або канстытуцыйнаму ладу. Гэта таксама можна будзе зрабіць у выпадках, калі асоба ўдзельнічала ў вышэйзгаданых дзеяннях», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама Сейм прыняў заяву, у якой прызнае за генацыд ваенныя злачынствы Расіі на тэрыторыі Украіны.

Дзеянне абноўленага закона аб грамадзянстве будзе распаўсюджвацца на тых, хто будзе падтрымліваць вайну, развязаную Расіяй супраць Украіны. Інфармацыя аб тым, што асоба здзейсніла любы з гэтых дзеянняў, будзе прадастаўлена органамі нацыянальнай бяспекі. Аспрэчыць і абскардзіць рашэнне можна, але гэта не прыпыніць яго дзеянне.

Тлумачачы матывацыю такога рашэння, у Сейме адзначаюць, што латвійскае грамадзянства не павінна захоўвацца за асобамі, якія ажыццяўлялі і падтрымлівалі дзейнасць, несумяшчальную з каштоўнасцямі Латвіі як дэмакратычнай дзяржавы і якая ставіць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасць дэмакратый.

Delfi адзначае, што грамадзянства змогуць пазбавіць толькі ў выпадку, калі чалавек не стане асобай без грамадзянства. Гэта значыць, грамадзянства могуць адабраць у тых, хто мае падвойнае грамадзянства. Прыхільнікі ваенных злачынстваў, у якіх ёсць толькі грамадзянства Латвіі, застануцца грамадзянамі гэтай краіны.