«Беларусь, якая чакае». Глыбокае малавядомае. Частка ІІ (Фота)

Пасля невялікага адпачынку працягваем нашу вандроўку па Глыбокім. Тут яшчэ шмат цікавостак! А першую частку можна паглядзець тут.

_belarus_hlybokae_razvitanne_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Квартал паміж вуліцамі Камсамольскай і Вольнай (былыя вуліцы Нарутовіча і Пілсудскага) праектаваў варшаўскі архітэктар Адольф Ігнатовіч-Любяньскі. У цэнтры яго шэсць драўляных дамоў з высокімі дахамі ў закапанскім стылі — гэта праект віленскага архітэктара Юльюша Клоса. Польская адміністрацыя зрабіла ў 1919 годзе Глыбокае цэнтрам Дзісенскага павета. Для чыноўнікаў жа пабудавалі дамы ў «нацыянальна польскім» закапанскім стылі, яшчэ і пасадзілі лістоўніцы — дрэва, болей характэрнае для Паўднёвай Польшчы, чым для памежжа гістарычных Літвы і Русі. Глыбачане так прывыклі да гэтых будынкаў, што ўжо не лічаць іх нейкімі чужымі, але чымсьці родным, сваім, што нагадвае, што ў нашым краі калісьці былі заходнія ўплывы.


Тры кіламетры на поўнач ад Глыбокага знаходзіцца Беразвечча. Цяпер яно ў межах Глыбокага, і можна сесці на плошчы ў гарадскі аўтобус або маршрутку і праз акно глядзець на прыватную забудову Беразвецкай вуліцы і Вялікае возера, пакуль аўтобус не даедзе да муроў базыльянскага кляштара, якія аплеценыя калючым дротам і абстаўленыя вышкамі з ахоўнікамі.
Тут у 1643 годзе пасяліліся, паводле тастаменту ўладальніка Глыбокага і Беразвечча, айцы базыльяне на чале з архімандрытам Габрыэлем Календам, пазнейшым уніяцкім мітрапалітам. У 1756-1763 гг. па праекце архітэктара Яна Тобіі Дыдэрштэйна была пабудаваная незвычайнай прыгажосці царква з прыгожым, з мяккімі лініямі выгнутым фасадам і з мураванай асновай іканастаса ўнутры. Цяпер тут месціцца сумна вядомая калонія, у якой менавіта зараз знаходзіцца Мікалай Статкевіч.

_belarus_hlybokae_kalonija_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


А вось тут у 2015 годзе планавалася пабудаваць лыжна-ролерную трасу, і нават пэўныя структуры Еўразвязу выдалі на гэта грошы. Але сёння нічога не нагадвае аб велічы тагачасных планаў як і аб тым, куды падзеліся грошы.


Нягледзячы на тое, што Беразвечча знаходзіцца ўжо ў межах Глыбокага, мясцовыя жыхары ў большасці сваёй на пытанне «Дзе жывяце?» працягваюць упэўнена адказваць — «У Беразвеччы». Тут падчас шпацыру можна сустрэць помнікі архітэктуры больш чым стогадовай даўніны.


Немагчыма быць у Глыбокім і не наведаць набярэжную возера, якое ў XVI стагоддзі звалася Глыбокае (хоць ёсць зусім не глыбокім), а ў ХІХ стагоддзі, калі яго арандаваў габрэйскі кагал, стала называцца Кагальным, і такая назва замацавалася за ім дагэтуль. Кругом возера зроблена зручная набярэжная — можна проста па коле абысці яго, назіраючы, як у спакойны дзень у вадзе адлюстроўваюцца вежы і сцены глыбоцкіх святыняў. Усяго ў Глыбокім пяць азёр — Бяглец, Кагальнае, Вялікае, Падлазнае і Мушкат.


Праходзячы па набярэжнай, можна заўважыць так званы «Сквер паэзіі», бюсты ў якім зроблены з цэменту мясцовым скульптарам-энтузіястам Віктарам Казлоўскім. Ну і зусім побач знаходзіцца Парк Перамогі, які выглядае так, нібыта хтосьці вельмі стараўся паставіць як мага больш рознай ваеннай тэхнікі і помнікаў на досыць малой плошчы. Нават велічэзны СУ-27 стаіць. Мясцовыя жыхары кажуць, што перавозілі яго сюды без крылаў, а калі ўжо пачалі на месцы іх мантаваць, то спатрэбілася спілаваць некалі старых дрэваў, бо ніяк па-іншаму не атрымлівалася. Невядома, каму гэта падабаецца. Але ж ёсць як ёсць.


Могілкі Копцеўка. Ад слова «капец», што азначае «насып», «пагорак». Дакладней, два пагоркі. На правым — цагляная калона з канца XVIII ст., якая ва ўсіх энцыклапедыях названая «калонай у гонар Канстытуцыі 3 Мая», але, па меркаванні сучасных глыбоцкіх краязнаўцаў, гэта міф, створаны гісторыкам Отанам Гедэманам, аўтарам выдадзенай у 1935 годзе кнігі «Глыбокае. Гістарычны нарыс». Кніга выйшла, дарэчы, за сродкі глыбоцкага краязнаўчага таварыства.


На левым — пабудаваная ў 1804 годзе капліца Святога Іллі. Гэтага святога часцей успаміналі і шанавалі праваслаўныя. Але пабудавалі капліцу айцы кармеліты — яны святога Іллю шанавалі, бо першы кляштар гэтага ордэна быў на гары Кармэль у Ізраілі, дзе святы Ілля хаваўся ад пераследнікаў. Капліца была ўжо ў стылі класіцызму і дагэтуль захавала яго рысы. Вакол яе хавалі памерлых манахаў кармелітаў, калі ўжо не хапіла месцаў для пахаванняў у сутарэннях кармеліцкага касцёла.


Ніжэй — магілы польскіх жаўнераў, загінулых падчас савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. Большасць з іх так і засталіся невядомымі. У паэта Антонія Крумана ёсць верш «Копцеўка», напісаны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя:

Гайда са мной, сябры,паўз стромкі роўкапаны.Уздоўж касцёла, абмінаючы рагі,І выйдзем раптам намурожныя лугі,Дзе мы жахліва ўбачыммёртвы горад нечакана.
Схілім галовы! ГэтаКопцеўка, васпаны, —Краіна смерці і супольнае жытло:Тут побач смерд,ліхвяр і патэр пахаваны;Чакаюць Госпада,ягонае святло.
А тыя склепызапляснелыя і сосны — О, як бяжыць ад іхтужлівая душа!Тут свет жалобны,роспачны,непераносны!
Так я калісь дасямізорнага каўшаўзлячу апоўначы і ціхіўздых апошніПраславіць Творцу,неба і зямныя пожні.



Нашае падарожжа набліжаецца да завяршэння. Безумоўна, у Глыбокім яшчэ застаюцца цікавосткі, якія мы гэтым разам не наведалі, але таму ёсць свае прычыны. На развітанне паглядзім на Глыбокае з халмоў Копцеўкі і выразім сваю падзяку выбітнаму глыбоцкаму краязнаўцу Кастусю Шыталю з сябрамі, якія натхнілі нас на гэтую вандроўку і вельмі дапамаглі ў падрыхтоўцы матэрыялу.


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.