Беларусь, якая чакае: Мінск «кіеўскі»
«Новы Час» працягвае шпацыры ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае». Сёння наш шлях ляжыць у калісьці досыць небяспечны, але ж з нядаўніх часоў ужо гераічн» раён сталіцы. «Кіеў», «бульвар», «Перамены» — гэта ўсё пра яго!

Калісьці ў 80-90-х гадах мінулага стагоддзя раён кінатэатра «Кіеў» меў кепскую рэпутацыю — адзінокага вандроўніка з «іншага раёна» там чакалі досыць сур’ёзныя непрыемнасці. З «кіеўскімі» хлопцамі лішні раз сутыкацца ніхто не жадаў.
Суворыя «кіяўляне» з гадамі хто пасталеў, хто згінуў у крымінале, хто з’ехаў з раёна і ўвогуле з горада ці краіны. Цяпер гэта проста кавалак сталіцы са сваімі прывабнасцямі і праблемамі. Дзесьці за скверам шуміць бурлівая Арлоўка, а на бульвары Шаўчэнкі і навокал усё павольна і спакойна.
На першы погляд, гэта зусім нецікавае месца — няма аніякіх табе гістарычных помнікаў, архітэктурных жамчужын або чаго іншага, што можа зацікавіць турыста ці госця сталіцы. Класічны «спальнік» сярэдзіны-канца мінулага стагоддзя. Але ж гэта практычна адзінае месца ў сталіцы, дзе можна ўбачыць і хаткі, што памятаюць вайну і пасляваенныя гады, і больш маладзейшыя «хрушчобы», і зусім сучасныя шматпавярховікі. Своеасаблівы музей «архітэктурнай» гісторыі Мінска. Ды і аўтарытэты розныя сустракаюцца...
Шпацыруючы па раёне, нельга абмінуць гэтыя шматпавярховікі. Зараз яны вядомы далёка за межамі Мінска. Дзякуючы ім раён атрымаў новую назву — «Перамены» ці «Плошча Перамен». Няма сэнсу пераказваць ужо напісанае і прамоўленае — проста глядзім.
Чаму гэтыя здымкі стаяць паасобку — таксама тлумачыць не трэба. Проста памаўчым. Кожны пра сваё і нашае агульнае.
Кожны дзень — крок да таго самага Дня, пасля якога жыхары гэтага квартала будуць з гонарам вадзіць па ім экскурсіі. Гісторыя ПП працягваецца, і старонку ніхто не перагарнуў. Беларусь чакае.