Чарнобыльскі швах. Чаму беларусам не варта недаацэньваць ядзерную пагрозу

Ядзерная пагроза падкрадаецца адразу з некалькіх бакоў. 

1__3__7.jpg


Агульнае месца ў любой аналітыцы пра вайну ва Украіне: расійскія інтэрвенты не дамагліся сваіх мэтаў у рэжыме бліцкрыга. Баявыя сутыкненні перайшлі ў фазу пазіцыйнага супрацьстаяння, войскі РФ засяродзіліся на бамбаванні ўкраінскіх гарадоў, у краіне спее гуманітарны крызіс, а ў Марыупалі ён ужо наступіў.
Відавочна, што хутка гэта ўсё не скончыцца, і тыя ж ваенныя аналітыкі цяпер гадаюць, якія дадатковыя рэсурсы мае ініцыятар нападу Уладзімір Пуцін. І тут, хочаш — не хочаш, узнікае тэма ядзернай зброі і таго славутага чамаданчыка, які мае чырвоную кнопку. Уласна, намёк на магчымае выкарыстанне гэтых страшэнных узбраенняў расійскі прэзідэнт зрабіў яшчэ 28 лютага. Тады ён, спаслаўшыся на кепскія паводзіны «заходніх партнёраў», загадаў перавесці расійскія сілы стрымання (эўфемізм ядзерных сродкаў) у «асаблівы рэжым нясення баявога баявога дзяжурства».

Паралельна ў межах ваенных дзеянняў ва Украіне развіваюцца яшчэ два кейсы адной і той жа прыроды. Расійскія захопнікі ўзялі пад кантроль дзве атамныя электрастанцыі. Адну працуючую — у Запарожжы, і другую выведзеную з эксплуатацыі — у Чарнобылі.

На чарнобыльскай АЭС, аказаўшыся фактычна ў закладніках, працягвае працаваць персанал — як і раней, ён падтрымлівае бяспеку аварыйнай станцыі, да таго ж там захоўваецца адпрацаванае ядзернае паліва, якое ўяўляе небяспеку. Напярэдадні АЭС была аварыйна абясточана, што выклікала непакой у рэгіёне. Без знешняга забеспячэння можа сапсавацца сістэма астуджэння, а гэта ўжо пагражае навакольнай экалогіі і здароўю людзей.

Навошта расійскім вайскоўцам атамныя электрастанцыі, якія мусяць служыць выключна мірным патрэбам?
Пытанне рытарычнае, улічваючы, што сама толькі наяўнасць у такіх рэжымных месцах людзей са зброяй выглядае пужальна і нібыта нічога добрага не абяцае.

Зрэшты, як ёсць, так ёсць. І ўжо гэтага дастаткова, каб напружыцца і жыць у трывозе. Ці, паслухаўшы параду ўкраінскага лекара Яўгена Камароўскага, бегчы ў аптэку і купляць таблетаваны ёд.

Ёд, дарэчы, у мінскіх аптэках ёсць, але не ўсюды. Чытачы «НЧ» паведамляюць, што ў некаторых кропках прадаўцы адразу, не залазячы ў комп, кажуць аб адсутнасці сродка, які здольны абараніць шчытападобную залозу ад радыяцыі. (Часам дадаюць нешта накшталт «усё даўно разабралі, дзе вы былі раней?») Але ў іншых месцах ёд ёсць, і не бачна асаблівага ажыятажу вакол яго набыцця. Гэта вам не долар, таму імаверна мы маем справу з сітуатыўнымі ваганнямі попыту і прапановы.

Увогуле зараз тэма ядзернай пагрозы адышла на другі план, але ёсць адчуванне, аднойчы яна можа стаць мэйнстрымам. Бо з занадта ўжо выбухованебяспечнымі рэчамі цяпер гуляецца адзін з бакоў вайны. Адзін неасцярожны рух, і, як казалі ў расійскім кіно, увесь свет у труху.

Чаму беларусам тут варта быць пільнымі і не расслабляцца? Чаму яны і не расслабяцца, бо не на Марсе жывуць? Адказ просты: у народзе жывая памяць пра тэхнагенную катастрофу на ЧАЭС напрыканцы савецкіх часоў, і гэтая памяць не толькі пужае, але і мабілізуе.

Адзін з рэактараў на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі выбухнуў 26 красавіка 1986 года.
Радыеактыўнымі рэчывамі, выкінутымі ў наваколле, было знішчана шмат флоры і фаўны — і, натуральна, чалавечых жыццяў. Тыя цёплыя дні, калі аб трагедыі колькі дзён маўчалі савецкія СМІ, памятаюць сёння нават тыя беларусы, якім няма і пяцідзесяці гадоў. Жахі, страхі, чалавечыя лёсы і смерці, перапляценне праўды і міфаў — усё гэта ўвайшло, бадай, не толькі ў гістарычную памяць, але і ў генетычны код беларусаў. Радыяцыя, як нейкая нябачная трасца, здольная хутка разбурыць здароўе нават самага моцнага чалавека, зрабілася нашай ментальнай фобіяй.

Таму паўтарэння той гісторыі на новым тэхналагічным узроўні ў Беларусі баяцца — і правільна робяць.

Памятаюць беларусы і іншы цяжкі сюжэт з тых самых 80-х. Як пасля каранавання генсекам Андропава ўзнавілася гонка ўзбраенняў паміж СССР і ЗША. І спакваля яна крышталізавалася ў адно галоўнае пытанне: ці будзе ядзерная вайна паміж дзяржавамі-гігантамі? Тэма квітнела на тэлебачанні і стракатала на старонках газет, і спакою грамадству не дадавала. Па той акіяна віравалі тыя ж эмоцыі, і амерыканская школьніца Саманта Сміт здабыла сусветную вядомасць, якой пазайдросціла і Грэта Тумберг. Яна ліставалася наўпрост з Андропавым і транслявала просьбы не ціснуць на чырвоную кнопку. Потым сіметрычным чынам у антываенныя трэнды патрапіла і савецкая школьніца Каця Лычова, і неяк на гэтых лірычных хвалях пагроза вайны растварылася.

Але зноў жа: тыя пачуцці моцна заселі ў падсвядомасці савецкага — і адпаведна беларускага — чалавека. Які вельмі хутка і назаўсёды навучыўся адрозніваць ядзерны грыб ад баравіка альбо якой порхаўкі. Боязь вяртання той сітуацыі і той атмасферы жыве ў людзях дагэтуль.

Аднак сітуацыя вярнулася, і ў інфармацыйную эпоху яе не схаваць. Так, пакуль у мэйнстрыме іншае — расійская авіяцыя кідае бомбы на ўкраінскія гарады, руйнуе школы і радзільныя дамы, заганяе людзей у метро і сутарэнні. Пакуль украінцы даюць інтэрвентам мужны адпор і знішчаюць іх бронетэхніку, і бяруць у расійцаў у палон, і гуртуюцца перад тварам агульнай бяспекі. Аднак чым далей трывае статус-кво, тым большае верагоднасць, што ў гарачых маскоўскіх галовах неўзабаве вырашаць гэты вузел рассячы. Бо сваё войска гіне, страчвае веру, а прапагандзе ўсё цяжэй распавядаць, што ўсё ідзе паводле плану і злосныя ўкраінскія «нацысты» вось-вось будуць пераможаныя.

Цынічная логіка падказвае, што ў першую чаргу рассячы могуць не ракетамі, а менавіта выбухам на АЭС. Гэта можна падаць як правакацыю іншага боку і не выклікаць адпаведнага адказу Захаду. Але гэта ў любым выпадку наблізіць свет да ядзернай вайны. Калі ж з Расіі ў бок Украіны паляціць ракета — ядзерную вайну дэ-факта можна будзе лічыць пачатай.

Усё, што вышэй, пакуль ёсць выключна тэорыя, але на практыцы свет ніколі яшчэ не быў настолькі блізкі на Трэцяй сусветнай. Трэцяй — і, мабыць, апошняй у гісторыі чалавецтва.

Канечне, хай бы гэтага не адбылося. Але на ўсялякі выпадак, мусіць, варта набыць у бліжэйшым месцы ёду, і, як кажа лекар Камароўскі, няхай ён вам не спатрэбіцца.