Даследаванне: палова беларусаў лічаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне Расіі супраць Украіны

Доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі агучыў вынікі даследавання, якія праводзіла яго «Беларуская аналітычная майстэрня». KYKY.org публікуе галоўнае.

89_main_v1619097806.jpg


Частка 1. Што беларусы думаюць пра вайну

Апытанне беларусаў праводзілася ў сярэдзіне траўня па тэлефоне. Усяго ў даследаванні ўдзельнічалі 1000 рэспандэнтаў. Далей паказваем пытанні, якія задаваліся беларусам, і расказваем, як на іх адказвалі людзі.
У якім саюзе было б лепш жыць народу Беларусі: у ЕС ці ў саюзе з Расіяй?
За саюз з Расіяй выступілі 46% беларусаў, за варыянт з ЕС — каля 30%. Адзначым, што ў сакавіку беларусам задавалі такое ж пытанне, але да траўня працэнтныя суадносіны ў адказах фактычна не змянілася — гэта значыць, беларусаў, якія б хацелі жыць у саюзе з Расіяй, не сталі моцна больш ці менш.
«З моманту пачатку вайны абедзве пазіцыі застылі, крышталізаваліся — як прарасійская, так і праеўрапейская, і застаюцца на тым жа ўзроўні. Але ўспомнім, якой была гэтая ж сітуацыя ў 2018-м. Тады блізу 60% беларусаў былі прарасійскай арыентацыі, а цяпер — толькі 45%. Праеўрапейская арыентацыя была ў раёне 22-24%, а цяпер падышла да 30%.
Можна сказаць, што ваенныя дзеянні, як бы яны ні былі адчувальныя, не паўплывалі на базавыя геапалітычныя арыентацыі беларусаў. У тым ліку, таму што сітуацыя [вайна] не вельмі бачная ўнутры Беларусі. Мы жывём у розных інфармацыйных коканах — беларусы ў дыяспарах за мяжой атрымліваюць больш інфармацыі, і яна больш сумная і трагічная, чым у беларусаў унутры краіны», — кажа Андрэй Вардамацкі.
Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войск на тэрыторыю Украіны?
85% беларусаў (старэйшыя за 18 гадоў) ставяцца да ўводу беларускіх войск ва Украіну адмоўна, прыкладна 11% — станоўча. Такія даныя агучваліся ў сакавіку, да траўня ж колькасць беларусаў, якія выступаюць за ўдзел беларускіх войск у вайне, стала яшчэ меншай — толькі 8,2% адказалі, што ставяцца да гэтага станоўча.
Як вы ставіцеся да таго, што дзеючая ўлада дазволіла размясціць расійскія войскі ў Беларусі?
Супраць войск РФ у Беларусі 47% беларусаў, 41% — «за». Яшчэ 10% беларусаў не змаглі вызначыцца з адказам.
Ці ўхваляеце вы дзеянні Расіі ў бягучым узброеным канфлікце з Украінай?
39,7% беларусаў ухваляюць дзеянні РФ. 51,4% беларусаў не ўхваляюць рашэнне Расіі весці вайну супраць Украіны.
Якому з бакоў канфлікту вы спачуваеце?
Больш за палову беларусаў — 50,3% — адказалі, што суперажываюць Украіне. Толькі 21% сказалі, што спачуваюць Расіі. Яшчэ 19% беларусаў спачуваюць абодвум бакам.
У якім ваенна-палітычным саюзе павінна быць Беларусь?
52% беларусаў лічаць, што Беларусь у прынцыпе не павінна быць у падобных саюзах. 27% лічаць, што нашай краіне трэба ўступіць у АДКБ. За ўступленне ў НАТА — усяго 4% беларусаў.
Як вы лічыце, ці з'яўляецца Беларусь саўдзельнікам ваеннага канфлікту ва Украіне?
«Не» — так на гэтае пытанне адказалі 61% беларусаў. І толькі 33% беларусаў лічаць, што Беларусь удзельнічае ў вайне. «Людзі кажуць: які ўдзел? Якія мы агрэсары? Калі мы самі супраць гэтай вайны — мы ніякія не агрэсары», — дадае Вардамацкі.
Ці лічыце вы, што бягучы узброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай ўяўляе пагрозу суверэнітэту Беларусі?
Меркаванні падзяліліся: амаль палова беларусаў лічыць, што пагроза суверэнітэту ёсць, але 46% адказалі, што не бачаць падобных рызык. «Альбо гэта "нябачная" беларусамі вайна, альбо геапалітычны рамантызм, але мы бачым змякчанае ўспрыманне людзьмі таго, што адбываецца», — кажа сацыёлаг.
Якім медыя вы давяраеце?
21,9% беларусаў давяраюць незалежным медыя, 1,6% — дзяржаўным і яшчэ каля 1% беларусаў схільныя давяраць расійскім медыя. «З прычыны тых абставінаў, што часцяком у беларускіх дзяржаўных і расійскіх СМІ падобны наратыў», — тлумачыць Вардамацкі.
Якія ютуб-каналы вы глядзіце?
Топ-3 самых папулярных ютуб-каналаў у беларусаў: «N*xta», «Onliner» і «Радыё Свабода». Варта дадаць, што ютуб-канал праўладнага тэлеканала ONT глядзяць каля 12% беларусаў. Таксама трэба ўдакладніць, што многія беларусы (каля 30%) наогул не ведаюць беларускіх ютуб-каналаў.
Ці дастаткова дасведчаныя аб тым, што адбываецца ва Украіне?
74% беларусаў адказалі на гэтае пытанне «так», а 22% — «не». Адзначым, што ў сакавіку большы працэнт беларусаў гаварылі, што добра валодаюць інфармацыяй па ўкраінскай сітуацыі (амаль 80%). «У любой падзеі, любой перадачы ёсць жыццёвы цыкл. Да ўсяго цікавасць паступова сыходзіць. Магчыма, мы можам гаварыць пра пачатак гэтага працэсу, які з'яўляецца абсалютна натуральным, і ў Беларусі [пра страты цікавасці да вайны]», — кажа Вардамацкі.

Частка 2. Як украінцы ставяцца да беларусаў

Далей будуць даныя, якія былі атрыманы ў ходзе апытання ўнутры Украіны ў канцы траўня 2022-га.
Як змянілася ваша стаўленне да беларусаў пасля 24 лютага?
«Пагоршылася» — так адказалі 68% украінцаў, то-бок большасць грамадзян Украіны.
Ці з'яўляецца Беларусь саўдзельнікам вайны?
Больш за 80% украінцаў лічаць, што Беларусь — хаўруснік Расіі ў гэтай вайне.
«Украіна глядзіць не на тонкія душэўныя ваганні гуманітарных струн у душах беларусаў, а на колькасць ракет, якія вылятаюць з тэрыторыі Беларусі. Гэта нашы рэаліі», — каментуе сацыёлаг. Мы толькі нагадаем, што на аналагічнае пытанне больш за 60% беларусаў адказалі, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне.
Ці згодныя вы з тэзісам, што беларусы і ўкраінцы — адзін народ?
Больш за 60% украінцаў адказалі, што не згодныя з гэтым сцвярджэннем. Дадамо, што на пытанне, ці лічаць украінцы сябе адным народам з расійцамі, «не» адказалі 91% грамадзян Украіны.
Як вы зараз ставіцеся да беларусаў?
«Добра» — такі адказ далі 43% украінцаў. 47% украінцаў адказалі, што ставяцца да беларусаў дрэнна. А на пытанне «Як вы ставіцеся да расійцаў?» адказ «дрэнна» далі 82% украінцаў.