«Я адразу адчула, што за беларусамі няма ніякай дзяржавы». Маладая беларуска, чый лёс змяніла вайна

Некалькі месяцаў таму ў кватэру да Мікіты, хлопца фатографкі Веры (імя змененае), уламіліся дзевяць невядомых у масках. Пазней у Мікіты атрымалася эвакуявацца ва Украіну. Тады наша гераіня ўсё ж прыняла рашэнне развітацца з дзяржаўным медыя, у якім працавала па размеркаванні пасля журфаку БДУ, і паехаць за каханым і лепшым лёсам у Кіеў. Лепшы лёс быў знойдзены, але хутка давялося развітацца і з ім.

Акцыя ў падтрымку Украіны. Нансі, Францыя. Фота гераіні

Акцыя ў падтрымку Украіны. Нансі, Францыя. Фота гераіні


Мы размаўляем з Верай, калі яна знаходзіцца ў бяспецы на поўначы Францыі.

— Вера, як ты? Ці атрымалася крыху супакоіцца, наладзіць побыт на новым месцы?

— Не ведаю, што сказаць. З большага — ніяк, з нейкімі пробліскамі. Прымушаю сябе хадзіць у мясцовы ўніверсітэт на адкрытыя лекцыі, каб слухаць французскую мову, на бясплатныя курсы французскай, спускацца ў суседнюю пякарню па багет… Такія простыя і прыемныя справы неяк суцяшаюць. Але ў асноўным галава пустая, асабліва не атрымліваецца засяродзіцца на канкрэтных думках.

— Ты пачала вучыць французскую, значыць, плануеш там заставацца?

— На самай справе, не. Я вучу мову проста, каб рабіць нешта карыснае.

Зараз у Францыі даюць магчымасць часовай легалізацыі толькі ўкраінцам, з беларускім пашпартам мы тут нічога не можам зрабіць. Мы прыехалі ў Францыю з польскай гуманітарнай візай. У Мікіты ёсць ВНЖ ва Украіне, таксама маем дакументы, якія сведчаць пра тое, што мы выехалі з Украіны, доказы таго, што нам небяспечна вяртацца ў Беларусь. Нягледзячы на ўсё гэта, нас тут ніяк не легалізавалі, і верагодна хутка нам прыйдзецца з’ехаць адсюль.

Акцыя ў падтрымку Украіны. Нансі, Францыя. Фота гераіні

Акцыя ў падтрымку Украіны. Нансі, Францыя. Фота гераіні

— А як твой хлопец трымаецца?

— Ён малайчына. Увогуле Мікіта заўсёды на ўсё рэагуе вельмі адэкватна, хоць у апошнія дні я заўважаю, што і яго псіхіка ўжо не такая стабільная. Гэта зразумела — ён ужо вельмі даўно маральна напружаны: спачатку ў Беларусі, потым у Кіеве, зараз тут. Але ў цэлым ён спраўляецца нашмат лепш, чым я. У яго ёсць талент быць вельмі разважлівым і пры гэтым аптымістычным.

Часам я злуюся, калі ён кажа, што ў нас ёсць унікальная магчымасць быць сведкамі гістарычных падзеяў, усё такое… Думаю, як ён можа так казаць, я б лепш у самыя сумныя і спакойныя часы жыла (хаця наўрад ці я на самой справе так думаю). Так што ён і сам добра трымаецца, і мяне вельмі падтрымлівае.

— У Кіеве ў вас з Мікітам было прадчуванне вайны?

— Я прыехала ў Кіеў за два тыдні да пачатку вайны, Мікіта на гэты момант быў там ужо некалькі месяцаў. Ва Украіне ў нас была кампанія сяброў з сямі беларусаў. Па розных абставінах і кожны ў свой час, але мы ўсе пераехалі з Мінска ў Кіеў.

Вядома, з сябрамі мы ўзважвалі магчымасць узброенага наступу, але былі ўпэўненыя, што Кіеў вайна не закране дакладна.

22 лютага мне стала вельмі трывожна і страшна, накрыла жудаснае прадчуванне. Але я прачнулася 23-га, бачу, нічога дрэннага не адбываецца, неяк супакоілася. Але на ноч перад 24-м трывога накрыла Мікіту. І вось каля шостай раніцы нам пачалі ўсе тэлефанаваць. Я вельмі разгубілася, замест тэлефона падымала партатыўную зарадку, карацей, не валодала сабой. А вось мой хлопец усё адразу зразумеў, і найперш тое, што калі тэлефануюць так рана — усё сур’ёзна.

Першыя дні вайны

— Мы адразу стэлефанаваліся з нашай кампаніяй, селі шукаць квіткі хоць куды-небудзь, — працягвае Вера. — Узялі квіткі ў нейкі ўкраінскі горад, нават не памятаю яго назву. Але хутка з’явілася навіна, што той горад ужо бамбяць, таму мы засталіся без варыянтаў.

Далей нам вельмі дапамагла арганізацыя SOSFreeBelarusCenter. У Кіеве ў гэтай арганізацыі была кватэра для тых, хто быў вымушаны бегчы з Беларусі — каб людзям было, дзе жыць першы час. SOS FBC абвесцілі, што будуць дапамагаць беларусам эвакуявацца з Кіева. Я адразу адчула, што за беларусамі, прынамсі за намі, няма ніякай дзяржавы, ніякіх дзяржаўных сістэмаў і інструментаў абароны ў складанай сітуацыі, якія былі ў украінцаў, таму грамадзянскія ініцыятывы — SOS FBC і падобныя — былі вельмі, вельмі патрэбныя.

Дык вось тая кватэра была кропкай збора беларусаў, якім патрэбная дапамога з эвакуацыяй, адтуль людзей і забіралі аўтобусы. Там быў запас ежы, былі дошкі, каб што-небудзь закалаціць пры патрэбе, карацей, да вайны яна была падрыхтаваная.

Кіеў. Фота гераіні

Кіеў. Фота гераіні

Калі мы ехалі ў кватэру, у горадзе было ўжо вельмі страшна, як у самым сапраўдным кіно пра вайну. Памятаю, ехала ў таксі, глядзела ў вакно і назірала за тым, як па-рознаму людзі рэагавалі на сітуацыю вакол, што з кожнай хвілінай станавілася ўсё больш апакаліптычнай. Нехта павольна гуляў з сабакам у навушніках, нехта бег са ўсіх ног, спатыкаючыся, з агромністымі валізкамі… Мы былі хутчэй сярод другіх — вельмі напужаныя. А таксіст, які вёз нас, прыгаворваў: «Ды чаго вы хвалюецеся, не будзе ніякай вайны, усё спакойна». Мы зараз часта ўзгадваем гэтага чалавека, спадзяемся, з ім усё добра. Ён казаў: «Нешта мне сёння з самай раніцы ўсе тэлефануюць, кажуць збіраць рэчы, кудысьці бегчы… А я такую смачную каву сабе заварыў, шмат гадоў такая смачная не атрымлівалася, і кажу ім — што вы ад мяне хочаце, у мяне тут кава, у мяне бутэрброд з каўбаскай, у мяне добра ўсё, і вы раслабцеся».

На месцы збора мы запоўнілі ўсе патрэбныя дакументы, увогуле, усё было арганізавана цудоўна. За намі быў замацаваны каардынатар. Дарэчы, ён фатограф, і калі ў горадзе пачаўся вельмі сур’ёзны замес, гукі сталі даносіцца яшчэ больш страшэнныя, ён пайшоў здымаць рэпартаж. Я глядзела на яго і думала: жадаю таксама быць такой, калі вырасту.

Пазней нам сказалі, што, на жаль, ніякі эвакуяцыйны транспарт зараз не можа даехаць да Кіева, таму, калі ёсць хоць бы нейкія варыянты выехаць самастойна, лепш рухацца неадкладна, таму што з кожнай гадзінай сітуацыя пагаршаецца.

Наша кампанія з сямі чалавек і адным сабакам вырашыла, што трэба спрабаваць рухацца. Сабака, дарэчы, быў нашым талісманам і вельмі падтрымліваў у крытычных сітуацыях. Мы выклікалі таксі і паставілі самую далёкую, наколькі было магчыма, кропку ад Кіева. Гэта быў горад Белая Царква. Мы падзяліліся на дзве машыны таксі і вырашылі, што даедзем да Белай Царквы, а далей будзем вельмі прасіць кіроўцаў, каб давезлі нас як мага бліжэй да мяжы з Польшчай. Вядома, мы былі гатовыя заплаціць.

У нашых сяброў з іншай машыны атрымалася дамовіцца і яны адразу паехалі да мяжы, праўда, з Малдовай. Такая сітуацыя, што выбару не было — куды вязуць, туды едзеш. У нас жа дамовіцца не атрымалася, таму мы стаялі сярод Белай Царквы і спрабавалі высветліць, ці ёсць у горадзе бомбасховішча. Даведаліся, што бомбасховішчаў няма, затое ёсць была ваенная авіябаза. І вось мы стаім непасрэдна каля гэтай базы, разумеем, што гэта кропка для магчымага ўдара, а горад вельмі маленькі…

Кіеў. Фота гераіні

Кіеў. Фота гераіні

Крыху пазней мы сустрэлі беларуса з той кватэры, дзе ўсе збіраліся. Ён дамовіўся з кіроўцам і для нас якраз былі тры вольныя месцы ў машыне. Мы былі гатовыя закінуць рэчы і адразу ж паехаць. Тут з таксі выходзіць кіроўца і кажа: «Сябры, давайце не будзем спяшацца, заночым у гатэлі, павячэраем, а раніцай ужо паедзем». У гэты момант над намі лётае ваенная авіяцыя, равуць сірэны, чутныя выбухі… Мы прапанавалі яму больш грошаў, таму што на ноч там нельга было заставацца. У выніку таксіст сказаў, што мы павінны пакінуць  яму заклад, а паедзем толькі раніцай. Мы спрабавалі шукаць любыя іншыя варыянты, падыходзілі проста для машын. Нам назвалі кошт праезда да мяжы — больш за 1000 долараў. Пазней той жа перавозчык называў кошт у 5000. Карацей, ніхто не пагадзіўся нас везці, таму варыянтаў не было, і мы перавялі заклад таму кіроўцу, засяліліся ў гатэль, заплацілі за нумары... І тут тэлефануе наш сябар, які ехаў у першым таксі, кажа, што знайшоў нам кіроўцу, які падвязе да малдоўскай мяжы. Мы думаем: вось зараз паедзем у гэтую Малдову, у нас там нічога няма, у Польшчы хоць ведалі, куды падацца.

Але зразумелі, што той дзіўны таксіст нас дакладна кіне, нягледзячы на заклад, і трэба проста зараз рухацца на любых умовах. Таму што галоўнае ў падобных стрэсавых сітуацыях — вельмі хутка прымаць рашэнні, ад іх залежыць літаральна ўсё тваё жыццё. Кожная гадзіна запавольвання — і ты ўжо не выедзеш з горада, гэта можа скончыцца нават смерцю. Потым мы тэлефанавалі таму дзіўнаму таксісту, ён ужо заблакаваў нашыя кантакты, таму рашэнне мы прынялі правільнае.

Другі ж таксіст, з якім у выніку паехалі, проста выратаваў нас, ён цудоўны чалавек! У яго сям’я ў Белай Царкве, ён сказаў, што пакінуў іх у максімальна магчымай бяспецы, «але нехта павінен вывозіць людзей, таму я працую». Думаю, гэта было вельмі самааддана з яго боку. Таксіст быў вельмі стомлены, але стараўся нас супакоіць, весяліць, частаваў печывам. Я вельмі часта думаю пра гэтага чалавека, жадаю, каб у яго і яго сям’і ўсё было добра.

Калі мы даехалі да Вінніцы, у горадзе пачалі раўці сірэны, было сказана ўсім бегчы ў бомбасховішча, і мы проста пад гэтыя гукі сірэн імчалі па горадзе на максімальнай хуткасці. Калі крыху ад’ехалі ад Вінніцы, я зайшла ў чат горада і бачу, што там распачаўся абстрэл, а мы толькі 5 хвілін таму адтуль выехалі.

Калі даехалі да мяжы, была ўжо ноч. Чарга з машынаў расцягнулася на 6 кіламетраў. Мы заплацілі кіроўцу, развіталіся з ім, узялі валізкі. Валізку, дарэчы, я маральна была гатовая ў любы момант кінуць, толькі прыціскала да сябе камеру — самае каштоўнае, што ў мяне ёсць, і так ішла з ёй у абдымку.

Вось мы ідзем уздоўж чаргі з машын да мяжы — цёмна, халодна, вельмі страшна. Увогуле для мяне 6 кіламетраў пешшу — гэта вельмі шмат. З нас траіх я была адна дзяўчына, і калі мы выйшлі з таксі, я адразу вырашыла, што ні разу не паскарджуся, не папрашу спыніцца. Таму сціснула зубы і так ішла.

Мяжу прайшлі лёгка, нягледзячы на тое, што паўсюль былі жудасныя чуткі пра адносіны да беларусаў. Толькі адзін памежнік неяк дрэнна пажартаваў наконт таго, што за намі «бацька» павінен вярнуцца, але гэта нічога.

На памежным пераходзе паміж Украінай і Малдовай вялізны мост. Мы праходзілі яго недзе каля шостай раніцы. На мосце была намаляваная памежная лінія, мы пераступілі яе і глядзелі адтуль на шыкоўны світанак. У той момант столькі ўсяго было і ў галаве, і на душы… Гэты світанак быў для нас сімвалам моцнай надзеі, і ў той жа час — развітання з мінулым жыццём.

Так мы апынуліся ў Малдове.

Малдова. Жыццё (не)пастаўлена «на паўзу»

— У Малдове мы былі больш за два тыдні — па прыездзе адразу падалі дакументы на польскую гуманітарную візу і чакалі яе.

Калі перасяклі мяжу, нас сустрэлі валанцёры. У цэнтры для бежанцаў была гарбата, ежа, раздавалі сім-карткі. Мы крыху адпачылі, звязаліся з роднымі, мая мама вельмі чакала звестак.

Цэнтр бежанцаў MoldExpo. Кішынёў, Малдова. Фота гераіні

Цэнтр бежанцаў MoldExpo. Кішынёў, Малдова. Фота гераіні

Нашыя сябры дабраліся да Малдовы на некалькі гадзін раней і ўжо знайшлі там кватэру праз нейкіх старых знаёмых. Бывае, што ў самы патрэбны час падымаюцца такія сувязі, пра якія нават не ўзгадаў бы раней. Нас быў гатовы прыюціць цудоўны хлопец Штэфан. Але пакуль мы чакалі яго на вуліцы з валізкамі, да нас падыйшла жанчына, спытала, ці мы ўкраінцы. Мы распавялі пра сваю сітуацыю, у адказ тая жанчына спытала пра любую патрэбную дапамогу для нас. Мы сказалі, што было б цудоўна, каб у яе была магчымасць прыняць у сябе дома кагосьці з нас, таму што ўсіх 7 чалавек з сабакам у адной кватэры размясціць было складана. Так мы і заночылі ў жанчыны, якая прапанавала дапамогу толькі таму, што мы стаялі сярод вуліцы з валізкамі.

Падобных выпадкаў было даволі шмат. І таксісты, і проста мінакі ў Малдове пыталіся, чым могуць нам дапамагчы.

Цэнтр бежанцаў MoldExpo. Кішынёў, Малдова. Фота гераіні

Цэнтр бежанцаў MoldExpo. Кішынёў, Малдова. Фота гераіні

Потым мы жылі ў розных іншых знаёмых, але нават тады Штэфан тэлефанаваў гаспадарам кватэр, дзе мы спыняліся, і на румынскай пытаўся ў іх, ці дакладна яны не збіраюцца браць грошы, казаў, што нельга нажывацца на такіх абставінах. Мы былі і не супраць заплаціць, але гэта было вельмі міла.

Больш складаная фінансавая сітуацыя была ў украінцаў: у іх грыўны, якія нідзе не памяняць. А ў нас, беларусаў, усё ў валюце захоўваецца.

Якім быў твой эмацыйны стан падчас гэтых нечаканых малдоўскіх вакацый?

— Гэтыя два тыдні, пакуль мы чакалі візу ў Малдове, былі вельмі дзіўныя — жыццё пастаўленая на паўзу, не ведаеш, што далей. А яшчэ вельмі жадалася быць карыснай. Мы стараліся валанцёрыць, я ездзіла ў цэнтр бежанцаў, здымала там. Звязалася з украінскім медыя, рабіла для іх матэрыялы — інтэрв’ю, рэпартажы… Трэба было нечым займацца, таму што я пачала «падгрызаць» сябе за тое, што ні зрабіла ніводнага здымка Украіны падчас вайны, учапілася за сваю шкурку і забылася пра пакліканне. Вядома, гэта вельмі дэструктыўныя думкі, але ж…

Цэнтр бежанцаў MoldExpo. Кішынёў, Малдова. Фота гераіні

Цэнтр бежанцаў MoldExpo. Кішынёў, Малдова. Фота гераіні

Так мы і правялі час у Малдове. Стараліся неяк да яе прыглядзецца, таму што ўвогуле не планавалі ў сваім жыцці трапіць у гэтую краіну.

Францыя і адчуванне дома

— Мы асабліва не выбіралі кірунак, проста тут жыве мая цёця, дакладней, сястра маёй роднай бабулі. Яшчэ пры савецкай уладзе яна пазнаёмілася ў Брэсце з французам, пакахалі адно аднаго, пераехалі ў Францыю і зладзілі там вяселле.

— Якая шчаслівая жанчына!

— Так, але ж яна тады была «здрадніцай радзімы», а разам з ёй і ўся мая сям’я лічылася «здраднікамі», маіх родных часта выклікалі ў КДБ, карацей, усё гэта нас не абыйшло. Так што я не першая «здрадніца радзімы» ў сям’і. Але ў выніку ў Францыі выраслі дзеці маёй цёці, і ўвесь гэты доўгі час нашыя сем’і падтрымлівалі цёплы кантакт. Памятаю, як яшчэ маленькімі мы ездзілі да іх у госці.

У такія крызісныя моманты, калі падаецца, што ты ў свеце адзіны, жадаецца хоць неяк быць бліжэй да сям’і, каля родных людзей. Сярод усёй гэтай мітусні вельмі патрэбнае адчуванне дома. У Беларусь вяртацца нам пакуль нельга, таму і паехалі за гэтым адчуваннем да маіх цёці Светы і дзядзі Обэра.

Францыя. Фота гераіні

Францыя. Фота гераіні

— А як усе гэтыя падзеі перажывае твая мама?

— Мая мама — гераіня. Праз тое, што ў нас была вялікая кампанія і ўсе гэтыя прыгоды мы перажывалі разам, я бачыла шмат рэакцый бацькоў, у многіх маіх сяброў усё было складаней. У адной дзяўчынкі бацька казаў, што і сам паехаў бы ваяваць супраць Украіны. Былі жудасныя словы, рэакцыі, некаторыя казалі, што «няма ніякай вайны, і ў Беларусь вяртайцеся спакойна». Сваёй жа маме я жадаю прысвяціць самыя цудоўныя словы, яна вельмі моцна мяне падтрымала, знайшла нейкія вельмі дакладныя і патрэбныя словы, настроіла мяне на тое, што ўсё будзе добра, што я ўсё пераадолею. Я вельмі ёй ганаруся і абажаю яе.

— Сумуеш па маме?

— Я зараз вельмі летуценная, усе пачуцці моцна прытупіліся. Адчуваю, што нешта сціскае маё сэрца, але не магу даць вызначэнне сваім пачуццям. Я была б вельмі шчаслівай, каб мама зараз была побач. Мама, нашыя два коцікі, сабака, уся астатняя наша сям’я, мая цёця абавязкова… Увогуле, каб нашая хата, разам з усім нашым асяроддзем, стаяла не ў Беларусі, а ў нейкай іншай краіне, куды я зараз магла б прыехаць, гэта была б мара. Але рэальнасць такая.

Францыя. Фота гераіні 

Францыя. Фота гераіні 

А што з тваім размеркаваннем?

— Калі я ехала ў Кіеў, узяла сабе афіцыйны адпачынак на месяц. Хацела крыху засвоіцца на новым месцы, а потым вернуцца, каб аформіць звальненне і далей выплачваць грошы за адукацыю. Калі пачалася вайна, мне пазванілі з працы, клапатліва спыталі, ці жывая я. Пазней мы яшчэ звязваліся з працадаўцам, я сказала, што ў бліжэйшы час не вярнуся ў Беларусь дакладна. Увогуле мне было зусім не да гэтага.

Нядаўна з майго былога месца працы пазванілі маме, паведамілі, што звольнілі мяне і даслалі пісьмо ва ўніверсітэт. Так што чакаем умоваў выплаты, якія вылучыць БДУ.

— Можаш узгадаць, з якімі пачуццямі і спадзяваннямі ты ехала ў Кіеў?

— У Кіеў я з’яжджала ў вельмі цяжкі перыяд, калі да маіх сяброў прыходзілі з вобшукамі, калі мой хлопец быў вымушаны бегчы з краіны і мы праз гэта некалькі месяцаў не бачыліся. Я вельмі сумавала і ехала туды проста каб быць побач з ім. Але калі толькі прыехала ў Кіеў, у мяне знесла дах.

Я памятаю, як за пару дзён да вайны стаяла на вялізным мосце і проста рыдала ад таго, як прыгожа, лёгка, свабодна, як шмат ёсць магчымасцяў. З першага ж дня ў мяне з’явіліся вялізныя надзеі, ўсё адчувалася такім жывым, нібы са ўсяго знялі шэрую плёнку.

У мяне там вельмі хутка з’явіліся новыя знаёмыя, увогуле знаёміцца з людзьмі ў Кіеве было так проста! Звычайна мне трэба доўга збірацца з думкамі, пераадольваць сябе, каб загаварыць з незнаёмцам, а там усё гэта было так натуральна. Я паспела зрабіць некалькі фотасэтаў, падумала: ну, вось тут я і вырасту і ў прафесійным, і ў чалавечым плане.

А яшчэ я выпадкова трапіла на канцэрт «Океан Ельзи». Гэта ж гурт, які я так люблю! Яны проста выйшлі і зайгралі на вуліцы Кіева, без аніякай аховы, без агароджаў. І вось я іду са сваёй новай сяброўкай, з якой пазнаёмілася 20 хвілін таму, і раптоўна трапляю на канцэрт. Дастаю камеру, падыходжу да Вакарчука на адлегласць выцягнутай рукі, ён мне ўсміхаецца, я яго здымаю, потым менеджэры «ОЕ» пішуць мне ў інстаграме, якія класныя фоткі, прапануюць далей супрацоўнічаць… Гэта было проста іншае жыццё, яно магло быць доўгім і шчаслівым. Нават калі мы з’яжджалі, я думала, а можа, проста перачакаць? Было ж так добра, дзе яшчэ так добра будзе?

Святаслаў Вакарчук спявае ў Кіеве. Фота гераіні

Святаслаў Вакарчук спявае ў Кіеве. Фота гераіні

Я ведала, што абсалютнай справядлівасці не бывае, але мне падавалася, што калі ты жывеш па сумленні, то ў цэлым усё павінна быць окей. Але я ўжо не ведаю, за што трымацца. Злодзеі могуць сто разоў быць пакараныя, але яны ж запусцілі незваротныя працэсы. Я не ведаю, ува што зараз верыць.