Лідзія Ярмошына лічыць, што платформу «Голас» стварылі для масавых беспарадкаў

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць, што інтэрнэт-платформа "Голас" злачынная і накіраваная на арганізацыю масавых беспарадкаў. У сваім відэазвароце чыноўніца назвала гэты праект інтэрнэт-афёрай, паведамляе «Еўрарадыё».

Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё

Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё


"Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленнем. Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэнне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасавання і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі", — заявіла Ярмошына.

Платформа "Голас" створаная для альтэрнатыўнага падліку галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

6 жніўня Аляксандр Лукашэнка даручыў ацаніць законнасць такіх ініцыятыў аб альтэрнатыўным падліку галасоў.

Днямі быў затрыманы адзін са стваральнікаў платформы "Голас" Ілля Шапатоўскі. Яго затрымалі па "справе Белгазпрамбанка", і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

У сваім звароце Ярмошына назвала шкоднай параду кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай прыходзіць галасаваць пад канец галасавання 9 жніўня. Па словах старшыні ЦВК, пад канец дня 9 жніўня выбаркамы будуць працаваць у меншым складзе, бо яны паедуць па дамах са скрыняй для галасавання. На выбарчых участках увядуць прапускны рэжым: будуць прапускаць не больш выбарцаў, чым знаходзіцца ў памяшканні чальцоў выбаркама. У выніку некаторыя выбарцы могуць не паспець прагаласаваць да 20:00, калі зачыняцца выбарчыя ўчасткі.

euroradio.fm