Маці палітвязня па «справе Зельцэра» Кірыла Сусліна: Яму часта сніцца дачка

Да Кірыла Сусліна сілавікі прыйшлі а палове чацвёртай раніцы 30 верасня. Ужо больш за тры месяцы хлопец з інваліднасцю сядзіць па «справе Зельцэра» нібыта за каментар. Дома ў Кірыла, якога прызналі палітвязнем, засталася маці-пенсіянерка і 1,5-гадовая дачка Надзя, якую органы апекі забралі ў крызісны цэнтр у Вілейцы, паколькі маці дзяўчынкі абмежаваная ў правах на дачку.

kiryl_suslin2_logo.jpg


Нічога не робіш — можаш быць затрыманы

У тую ноч Кірыл Суслін спаў дома з дачкой. У суседнім пакоі была яго маці Таццяна.

— Пагрукалі. Я кажу: «Кірыл, нехта ідзе — напэўна, да цябе». Ён кажа: «Добра, зараз адчыню». Пайшоў адчыняць — нейкая вазня. Надзенька прачнулася, закрычала. Сабака пачаў выць. Я адчыняю дзверы — а яны (сілавікі. — НЧ) проста ў падлогу яго паклалі, — узгадвае Таццяна Сусліна.


Таццяна Сусліна

Таццяна Сусліна

Сабака — вялізны 4-гадовы кане-корса Юніка-Стар — спужаў няпрошаных гасцей, і, мяркуе Таццяна, за гэта атрымаў порцыю газа ў пысу з балончыка ад аднаго з іх. Праз гэта жывёла вырвалася і ўцякла з кватэры праз адчыненыя дзверы. Пайсці на пошукі сабакі Таццяне не дазволілі, і ў выніку амаль два дні Юніку падкормлівалі чужыя людзі, але праз інтэрнэт гаспадыню змаглі знайсці, і суседзі прывялі сабаку.


Кірыл Суслін, Надзя і Юніка

Кірыл Суслін, Надзя і Юніка

Таццяна ўжо не памятае, колькі людзей прыйшло затрымліваць яе сына — ці тое сямёра, ці тое дзевяцёра, але двое з іх былі ў форме, з дубінкамі і балончыкамі. Адразу забралі Кірылаў тэлефон. На пытанне Таццяны «Што здарылася?» адказ быў: «За каментар». Ці быў той каментар і які ў яго быў змест, хлопец і сам не мог узгадаць.Першага кастрычніка ў кватэру прыйшлі з ператрусам, але нічога не забралі.

Таццяна Сусліна не ведае, чаму прыйшлі менавіта па яе сына. Іх сям'я, гаворыць жанчына, «як усе»: канешне, хацелася б перамен, але актыўна ў палітычных справах яны не ўдзельнічалі.

Што праўда, Кірыла аднойчы ўжо затрымлівалі 15 лістапада 2020 года, у дзень, калі ў Мінску праходзілі маршы ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку.  

— Мы пайшлі на Пушкінскую ў краму. Стаялі з прадуктамі каля месца гібелі Тарайкоўскага, бо пазваніла знаёмая, якая хацела сустрэцца і перадаць мне варэнне і грыбы. Мы ведалі, што тады планаваліся маршы, але было яшчэ толькі 10.30 раніцы. Да нас пад'ехаў серабрысты бусік. Я сказала Кірылу, каб ён бег, а ён кажа: «Навошта? Мы ж нічога не робім, у нас прадукты, чэкі».


taccjana_suslina_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo.jpg


У Кірыла з Таццянай праверылі дакументы, пазванілі нават знаёмай, з якой яны збіраліся сустрэцца. Але ў выніку ўсё роўна пасадзілі ў бус. Потым Таццяне дазволілі забраць прадукты і сыйсці, а Кірыла павезлі: «Нам патрэбныя мужчыны», — сказалі сілавікі.

У выніку Кірылу Сусліну прысудзілі 15 сутак арышту і 50 базавых штрафу.


Плакаў, калі дазволілі абняць дачку

— Ён тады працаваў на Мінскай друкавальнай фабрыцы на Валадарскага — друкавалі працоўныя кніжкі, інвалідныя пасведчанні, квітанцыі, даведкі... У яго раней была 1 група інваліднасці, але я ўсё прадала, адвезла яго ў Італію, каб яго прааперавалі, і тут некалькі аперацый было. Агулам — 13. Ён без крышталікаў, у яго занальная афакія абодвух вачэй. Па ідэі, ён увогуле не павінен бачыць, але дзякуючы рэабілітацыі і лазеру зрок крыху палепшыўся: спачатку быў +18, потым +10, цяпер +4. Доктар параіў яму вышываць, і ён вышывае, а потым свае працы камусьці дорыць. Яму трэба насіць акуляры, і ў цемры ён бачыць лепш, чым удзень. Мы ледзьве яго ўладкавалі на гэтую фабрыку. Гэта было адзінае месца, дзе ён працаваў, 9 гадоў. Але яму не працягнулі кантракт.



Пасля гэтага Кірыл уладкаваўся дворнікам: праца займала некалькі гадзін, а потым ён увесь час быў з дачкой. Калі Кірыла забіралі, яму дазволілі абняць Надзю, і ён плакаў. Цяпер, разлучаны з ёй, ён вельмі перажывае за малечу, піша, што яна часта яму сніцца.


kiryl_suslin5_logo.jpg

kiryl_suslin3_logo.jpg


Першы час пасля затрымання Кірыла Таццяна Сусліна сама даглядала за ўнучкай, але не дала рады і працаваць, і дапамагаць сыну, і займацца Надзенькай. Таму звярнулася па дапамогу ў органы апекі, і 15 лістапада дзяўчынку забралі. У крызісным цэнтры ў Вілейцы яна знаходзіцца з 8 снежня, і, па словах Таццяны, увесь час — па бальніцах, хаця дома дзяўчынка была здаровая.

— Зараз і Кірыл, і Надзя хварэюць. У іх вельмі моцная сувязь, я думаю, можа, яна адчувае, што тату кепска? — разважае Таццяна.


kiryl_suslin6_logo.jpg

kiryl_suslin8_logo.jpg


Неўзабаве органы апекі вырашаць, ці можна аддаць назад дзяўчынку бабулі — бо прыярытэт у доглядзе за дзіцем па законе за сваякамі. Таму цяпер Таццяна ўзялася рабіць рамонт у кватэры, каб стварыць добрыя ўмовы для ўнучкі.


taccjana_suslina_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2_logo.jpg


Сын і маці спадзяюцца на хуткую сустрэчу

За больш чым тры месяцы Кірыл Суслін паспеў пасядзець у СІЗА КДБ, потым у турме ў Жодзіна, цяпер яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Першыя 1,5 месяца затрыманых за каментары па «справе Зельцэра» трымалі ў «каранціне» і не прымалі для іх увогуле ніякіх перадач. Пасля перадачы дазволілі. А нядаўна, прыехаўшы ў Жодзіна з рэчамі і прадуктамі для сына, Таццяна даведалася, што ён ужо ў Мінску. За ўвесь час следчы ні разу з ёй не звязаўся, таму пра ход справы жанчына не ведае. Адвакат таксама не мае ніякай інфармацыі, а апошнія некалькі тыдняў ён увогуле перастаў выходзіць на сувязь.


kiryl_suslin4_logo.jpg


Лісты Кірыл піша кароткія, але бадзёрыя, у кожным — спадзеў на хуткае вызваленне. Маці, у адрозненне ад сына-аптыміста, вельмі перажывае за сітуацыю, якая склалася. Дактары хуткай дапамогі сталі частымі гасцямі ў Таццяны Суслінай — звычайна паніжаны ціск у жанчыны раптам стаў высока скакаць.


taccjana_suslina_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas6_logo.jpg


І ўсё ж маці спадзяецца, што хутка зможа ўбачыць сына на волі. Яна распавядае, што Кірыл — добры, заўсёды ўсім дапамагаў, калі трэба было застацца позна на працы — заставаўся. Дзяцінства ў хлопца было не самае лёгкае: бацька сышоў з сям'і, хоць трохі дапамагаў, і цяпер імкнецца падтрымаць сына. Таццяна працавала і брала начныя дзяжурствы, пакуль Кірыл быў у кругласуткавым садку для дзяцей з праблемамі зроку.

— Я спадзяюся, што ён вернецца, можа, будзе хатняя «хімія». Я вельмі расстроілася, калі даведалася пра першы прысуд па гэтай справе, я ў шоку, гэта жахліва. Мне адвакат казаў, што ўсё залежыць ад таго, які каментар. Ён пачытаў і сказаў, што там нічога крымінальнага няма: проста спачуванні маці абодвух загінулых, — гаворыць Таццяна.

Ніхто з сяброў ні разу не напісаў

Першыя два месяцы, гаворыць маці палітвязня, яна нічога не магла рабіць, толькі плакала. Ратаваў хіба што сабака. Юніка, нягледзячы на грозны выгляд, заўсёды была добрая і ласкавая, але пасля затрымання Кірыла яна трохі змянілася.

taccjana_suslina_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg


Пасля з'явіліся людзі, якія падтрымалі, і Таццяна пакрысе стала прыходзіць у сябе і нават дапамагаць іншым.
Прызнаецца: асаблівых сяброў у яе няма, дый у Кірыла таксама: ніхто з тых, з кім ён сябраваў, ні разу нават не напісаў яму ліст.


Жанчына перажывае не столькі за сына — яна перакананая, што ён усё вытрымае, а больш за ўнучку. Сама Таццяна пакуль не працуе, але плануе вярнуцца на працу. Са сваёй пенсіі яна цяпер павінна выплачваць растэрміноўкі, якія засталіся на сыне, збіраць яму перадачы, рабіць рамонт, бо спадзяецца, што зможа забраць Надзю.
Кірылу Сусліну можна пісаць на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА 1.
Таксама можна фінансава падтрымаць маці палітвязня Таццяну Сусліну: Картка «Беларусбанка»: 6711 7600 1138 3797, тэрмін дзеяння: 06/23.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з сямейнага архіву Таццяны Суслінай