«Мірнае неба». Жыхары Хойніцкага раёну просяць выканкам абараніць іх ад беспілотнікаў

На сайце petitions.by 14 кастрычніка з’явілася петыцыя «Аб абароне навучальных установаў Хойніцкага раёну ад БПЛА», заўважыў «Белсат». Што адказалі чыноўнікі?

Ілюстрацыйны здымак Getty Images

Ілюстрацыйны здымак Getty Images

Аўтары петыцыі папрасілі ўлады «ўдзяліць увагу бяспецы жыхароў Хойніцкага раёну ў звязку з частымі пралётамі БПЛА над тэрыторыяй Гомельскай вобласці». У першую чаргу складальнікі петыцыі прасілі абараніць дзяцей, якія наведваюць садкі і школы.

У петыцыі нагадвалася пра падзенне збітага беспілотніка ў Гомлі ў верасні 2024 года, што прывяло да пашкоджання будынку.

«Хоць пацярпелых не было, гэта падкрэслівае патэнцыйную небяспеку такіх здарэнняў для цывільных аб’ектаў», – зазначаецца ў звароце.

Таксама аўтары петыцыі звяртаюць увагу на тое, што палёты дронаў фіксуюцца ў памежных рэгіёнах, што стварае дадатковую пагрозу для Хойніцкага раёну.

«У нашым раёне дзеяць каля двух дзясяткаў дашкольных і сярэдніх навучальных установаў. Кожны дзень, адпраўляючы туды дзяцей, мы не знаходзім сабе месца. Мяркуем, што органы ўлады і армія абавязаныя забяспечыць дзейную абарону сваіх грамадзянаў усімі магчымымі сродкамі. Настойліва просім абсталяваць навучальныя ўстановы Хойніцкага раёну сродкамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Іх можна ўсталяваць на дахах навучальных установаў», – заяўляюць мясцовыя жыхары.

Дах будынку ў Гомлі, пашкоджаны пры падзенні беспілотніка. Фота: МНС / Telegram

Дах будынку ў Гомлі, пашкоджаны пры падзенні беспілотніка. Фота: МНС / Telegram

17 кастрычніка петыцыю скіравалі ўладам. Вельмі хутка, ужо 18 кастрычніка, прыйшоў адказ ад Гомельскага аблвыканкаму, падпісаны начальніцай упраўлення ў справе працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Наталляю Тусікаваю:

«Зварот ад 17.10.2024 скіраваны кіраўніцтвам аблвыканкаму ў Галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкаму з просьбаю паведаміць падпісантам і аблвыканкаму аб прынятым рашэнні».

У ноч на 20 кастрычніка ў Беларусь заляталі чарговыя «шагэды», паведаміў маніторынгавы канал «Беларускі Гаюн» са спасылкаю на ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

3 кастрычніка расейскі дрон упаў у Калінкавічах. Гэты гук пачулі жыхары ўсяго райцэнтру і суседніх вёсак. Жанчыну, камера дому якой зафіксавала падзенне, затрымалі сілавікі.

За апошнія некалькі месяцаў падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі рэгулярна залятаюць дроны-камікадзэ тыпу «шагэд».

У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў раёне Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было.

17 верасня наяўнасць праблемы прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Але тады ён заявіў, што ў Беларусь нібыта залятаюць і расейскія, і ўкраінскія беспілотнікі:

«Чаму гэта адбываецца? Бо і тыя, і другія дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць. І адзін з іх знайшлі аж каля Бабруйску».