«Мяне вельмі парадавала, што хаця б мой муж жывы»
У Наваградку перад выбарамі затрымалі мужчыну,
які падвозіў мясцовага актывіста. Ён дагэтуль за кратамі. Пра гэта даведалася Радыё Свабода.
Жыхара Наваградку Дзяніса Цярэшчанку затрымалі
дома ў ноч на 8 жніўня. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за «масавыя
беспарадкі». Ягоная жонка Вераніка запэўнівае, што яны ніколі не былі апазіцыянэрамі.
Вераніка Цярэшчанка расказала гісторыю свайго
36-гадовага мужа Дзяніса. Сям’я жыве ў Наваградку ў прыватным доме, у іх двое
непаўналетніх дзяцей.
Прыкладна а гадзіне ночы 8 жніўня Вераніка
пачула, як моцна забрахалі сабакі. Нехта пастукаў у акно. Пачала будзіць мужа.
Убачыла, што праз плот пералезлі вельмі шмат людзей у міліцэйскай форме і ў
цывільным.
«Я была ў шокавым стане, не разумела, што
адбываецца. Мы нават забылі запытацца, хто гэта. Я так зразумела, што гэта
людзі і з Наваградку, і з Карэлічаў, і яшчэ аднекуль», — успамінае Вераніка.
Дома правялі ператрус. Паводле Веранікі,
нічога не знайшлі, забралі сістэмны блок, ноўтбук, два мабільныя тэлефоны.
Дзяніса таксама адразу забралі, сказалі, што
возьмуць тлумачэнні і ранкам адпусцяць. Так ён і сядзіць ужо амаль тры тыдні.
Спачатку яго перавялі ў Карэлічы, потым у Горадню.
Пазней Вераніка даведалася, што мужа падазраюць у крымінальнай справе аб масавых беспарадках (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Жанчына не разумее, за што яго трымаюць за кратамі.
«Мой муж не ўдзельнічаў ні ў якіх групах, мы не хадзілі ні на якія мітынгі. Сачылі, як усе нармальныя людзі, за сітуацыяй у краіне. Для майго мужа было ня самае галоўнае, каго выберуць. Для яго было важнае развіццё эканомікі, бо ён індывідуальны прадпрымальнік, займаецца каванымі вырабамі. Нас цікавіла развіццё. І мы, як і ўсе нармальныя людзі, супраць гвалту. А астатняе, што будзе... Галоўнае, што ў нас няма вайны, спакойна», — кажа Вераніка.
На думку Веранікі, ёсць адзіная зачэпка, праз якую Дзяніс мог мець дачыненне да апазіцыі. Гэта было на пачатку тыдня перад выбарамі. Пасля сустрэчы з даверанай асобай Святланы Ціханоўскай у Наваградку Дзяніса папрасілі падвезці мужчыну, які выступаў на гэтай сустрэчы. Вераніка ведала яго толькі завочна, бо чула ягоную прамову. Пазней яна даведалася імя актывіста — Уладзімір Гарох. Дзяніс тады не адмовіў і падвёз Уладзімера да дому. Той забыўся ў машыне нататнік, таму мужчыны сустрэліся яшчэ раз. Праз некалькі дзён Дзяніса затрымалі.
Пазней следчыя прыяжджалі да Веранікі на допыт. Яна зразумела, што Гароха шукаюць, але ня могуць знайсці.
Нядаўна жанчына атрымала ад мужа ліст. Паводле Дзяніса, калі б ён прызнаў віну, яго б выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Аднак ён піша, што не хоча браць на сябе таго, чаго не рабіў.
«Сказаў, што будзе абараняць сябе да апошняга», — пераказвае мужавы словы Вераніка.
Пратэсты ў Менску пасля выбараў 9 жніўня 2020 году.
Сям’я доўга ня мела дакладнай інфармацыі пра Дзяніса, праз тэлефон ім не пацьвярджалі, дзе ён.
«У сувязі з той сітуацыяй, што адбываецца, што людзі знікаюць, ня вельмі добрыя чуткі хадзілі, што знаходзілі і памерлых. Таму мяне вельмі парадавала, што хаця б мой муж жывы», — кажа Вераніка.
Адвакат нядаўна бачыў Дзяніса ў СІЗА, сказаў, што той выглядае досыць добра, яго ня білі, ён не схуднеў. Раней праблемаў з законам у Дзяніса не было, хіба што мог са спазненнем сплаціць падаткі.
«Ён прачынаўся а 5–6-й ранку, рабіў мне каву, на ім усё трымалася. Ён быў сцяна, апора наша. Я цяпер баюся, бо я не працую, перажываю, як плаціць крэдыты, банкі чакаюць. Не разумею, колькі часу яго будуць трымаць, колькі будзе ісці следзтва», — кажа Вераніка.
Калі ў Наваградку быў пасля выбараў дазволены мітынг, Вераніка са сцэны расказала гісторыю свайго мужа.