«Настаўнікамі затыкаюць усе дзіркі, кідаюць іх на амбразуру і твораць іх рукамі сваю волю»

Бязмежжа беларускіх уладаў дапякло ўжо нават настаўнікаў. Але ці прывядзе гэта да масавых забастовак педагогаў і чаго чакаць у новым навучальным годзе, які пачнецца ўжо менш, чым праз тыдзень?

118627825_771764140289512_7684722944920421444_n_logo_1.jpg


Раней прадстаўнікі сферы адукацыі ўжо выходзілі на пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, хоць і не так рашуча. Але калі 24 жніўня Лукашэнка заявіў, што ў школах не павінны працаваць настаўнікі, якія не прытрымліваюцца дзяржаўнай ідэалогіі, цярпенне педагогаў лопнула, і 25 жніўня яны выйшлі пікетаваць Міністэрства адукацыі, патрабуючы паважаць іх правы і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у злачынствах, якія ўлады чынілі ў Беларусі ў час выбараў і пасля іх.

Падчас пратэсту настаўнікі згадалі беларускаму кіраўніцтву ўсё: і выбары, і прымусы займацца не настаўніцкай працай, і пастаяннае прыніжэнне.

nastauniki_1_logo.jpg


Спадарыня Алена 35 гадоў працавала ў школе ў Маладзечне, цяпер яна на пенсіі, але прыехала на акцыю ў Мінск і прывезла з сабой некалькі плакатаў.

— Па-першае, мяне абурыла, што Лукашэнка не ведае артыкула 4 Канстытуцыі, дзе сказана, што ў нас дэмакратыя ажыццяўляецца разнастайнасцю палітычных партый. А яшчэ мяне абурыла, што ён апрануў на свайго сына ваенную форму — гэта недапушчальна! Паводле нашых законаў, сем’ям, дзе дзеці апранаюць форму і носяць зброю, дарога ў СНС (СОП).

Па словах спадарыні Алены, у школах цяпер адбываецца разлад. Некаторыя кажуць пра забастоўку. Але забастоўка неабходная для таго, каб у бюджэт не паступалі грошы, аднак адтуль жа плацяць заробкі і настаўнікам, таму ім трэба выходзіць на працу, мяркуе спадарыня Алена.

— Цяпер у настаўніцкіх сетках пішуць пра тое, што педагогі будуць масава сыходзяць са школ і пераходзіць працаваць у прыватныя школы, але гэта магчыма толькі ў вялікіх гарадах, а ў маленькіх, хутчэй за ўсё, будуць далей цярпець, бо яны вельмі запалоханыя, — гаворыць суразмоўца.

alena_1_logo.jpg


— Настаўнікамі затыкаюць усе дзіркі, кідаюць іх на амбразуру і твораць іх рукамі сваю волю, — гаворыць яшчэ адна суразмоўца НЧ, настаўніца мінскай школы Святлана Газенка.

Яна зазначае, што не ўсе настаўнікі ўваходзяць у выбарчыя камісіі і займаюцца фальсіфікацыяй галасоў. Па яе словах, нават сфальсіфікаваныя на ўчастках галасы потым яшчэ раз былі сфальсіфікаваныя Цэнтрвыбаркамам.

— У нашай школе нават не вывесілі выніковыя пратаколы. Але я бачыла, колькі людзей прыходзіла галасаваць 9 жніўня, і ўсе былі з белымі стужкамі, — гаворыць настаўніца.

Спадарыня Святлана заклікае сваіх калег мець гонар, выступаць за свой народ, вучыць дзяцей сумленнасці і сваім прадметам.

— Як яны будуць глядзець у вочы дзецям і бацькам? Яшчэ ніколі не было, каб так затапталі прафесію, а я ўжо больш за 25 гадоў настаўнік. На ўроках дзецям даводзяць, што трэба быць сумленнымі, а тут тыя, хто іх выхоўваюць, аказаліся прыкладам несумленнасці. Таму я тут, каб кіраўнік краіны і Міністэрства адукацыі ўбачылі, што мы — не авечкі, якімі можна пагарджаць і заганяць у стойла.

Па яе словах, большасць педагогаў цяпер займае пазіцыю чакання, яны «шукаюць метадычку», у якой будзе напісана, як сябе паводзіць. Але суразмоўца не верыць пагрозам аб масавым звальненні «ідэалагічна няправільных» настаўнікаў.

— Ужо цяпер настаўнікаў не хапае, і калі звольняць іх, то хто будзе працаваць у школе? Таму ўсё гэта — толькі словы. І тое, што цяпер адбываецца (пікет. — НЧ) паказвае, што мы не згодныя прасоўваць дзяржаўную ідэалогію і абслугоўваць уладу, якую не выбраў народ.

Святлана Газенка дапускае, што забастоўка настаўнікаў можа адбыцца, але толькі з падтрымкай бацькоў — калі яны не аддадуць сваіх дзяцей у школы. Але ўсё ж вельмі шмат настаўнікаў яшчэ баяцца выступаць адкрыта.

nast_2_logo.jpg


Яшчэ адна сталічная выкладчыца з 32-гадовым стажам, спадарыня Таццяна, гаворыць, што не галасавала за Лукашэнку і выступае супраць яго ўлады. І не ён павінен вырашаць, якія настаўнікі могуць працаваць у школе, а якія — не. Гэта павінны вырашаць бацькі і дзеці.

— У маёй школе некалькі чалавек звольнілася пасля таго, што адбылося 9 жніўня. Як і паўсюль, былі фальсіфікацыі, і нязгодныя з гэтым звольніліся. У мяне таксама спачатку была такая думка, а потым я падумала і вырашыла, што гэта не мы павінны звальняцца, а тыя, хто ў гэтым быў замяшны. А сумленныя настаўнікі павінны працаваць і вучыць таму, чаму вучылі. Бо калі я цяпер прыходжу на мітынгі пратэсту — вось вынік (паказвае на моладзь, якая сабралася наўкол. — НЧ). Я задаволеная!

Яна гаворыць, што настаўнікам неабходна перамагчы страх у сабе.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы, выкладчыца Тамара Мацкевіч мяркуе, што незадаволенасць педагогаў будзе расці.

— Сярод аптымістычных чаканняў ёсць чаканне, што настаўнікі будуць масава выходзіць з прафсаюзаў, гуртавацца. Бо цяпер ідзе такая палітыка, што ўсіх спрабуюць прыціснуць па адным. Пачаўся ціск на тых, хто адмовіўся падпісваць пратаколы альбо сумленна палічыў галасы, потым сталі ціснуць на незалежных назіральнікаў. На жаль, да іх цяпер н шмат увагі журналістаў і яны не абароненыя. Іх могуць па адным нейтралізаваць. Таму цяпер ёсць тлькі адно выйсце — салідарнасць і галоснасць. Калі настаўнікі аб’яднаюцца ў нейкі прафсаюз, гэта будзе выдатна, але, баюся, цяпер ім не дадуць гэтага зрабіць. Таму застаецца гуртавацца праз суполкі.

118307370_305789633829396_7268441905773359768_n_logo_1.jpg


Тамара Мацкевіч мае аптымізм, што нейкім чынам удасца адстаяць беларускую школу. Бо педагогі выйшлі на пратэст не толькі каб адстаяць сваю годнасць, але і каб наогул адстаяць школу, каб яна не засталася без кадраў. На думку суразмоўцы, цалкам верагодна, што педагогі, прынамсі ў Мінску, абвесцяць з 1 верасня забастоўку.

Педагогі, якія сабраліся на акцыю пратэсту, распавядалі пра ціск, які адбываецца ў школах з боку адміністрацыі. Некаторыя праз гэта сыходзяць працаваць у прыватныя школы. Але ў рэгіёнах такая магчымасць ёсць не заўжды.

Так, былая настаўніца з пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці Наталля Адамаўна распавядае, што мясцовыя педагогі баяцца пратэставаць, паколькі падчас выбараў іх запалохвалі. Для таго, каб падтрымаць калег, Наталля Адамаўна здымае відэаролікі і вядзе прамыя трансляцыі ў інстаграме з акцый пратэсту, заклікаючы перастаць баяцца. Самой ёй таксама паступаюць пагрозы і запрашэнні ў міліцыю, але Наталля Адамаўна гаворыць: «Хто, калі не я?».

Пэўна, калі кожны настаўнік (урач, рабочы — спіс можна працягваць) задасць сабе такое пытанне, аднойчы мы зможам прачнуцца ў іншай Беларусі.