Пазбаўлены волі, змагаецца за жыццё. Гісторыя вязня Паўла Кучынскага, хворага на рак у 4-й стадыі
27-гадовага Паўла Кучынскага затрымалі ў студзені гэтага года па цэламу шэрагу артыкулаў, ладная частка з якіх — «Абраза». Хлопец — інвалід 2-й групы, мае анкалагічнае захворванне — лімфому Ходжкіна ў 4-й стадыі; яму патрэбны пастаянны медыцынскі догляд, але ён па-ранейшаму ўтрымліваецца за кратамі.
На днях Паўлу Кучынскаму выставілі канчатковае абвінавачанне, а гэта значыць, што хутка адбудзецца суд. Пра самога Паўла, пра яго хваробу і затрыманне мы пагаварылі з сястрой зняволенага Янай.
*****
Я сяджу ў шумнай кавярні і спрабую засяродзіцца на кнізе, але літары ўпарта не хочуць складвацца ў словы. Дакладней, я проста прабягаю вачыма па старонках і не магу засяродзіцца: як тут зможаш, калі ў цябе зараз мусіць быць размова з дзяўчынай, чый брат мае 4-ю стадыю рака і знаходзіцца за кратамі?
Хвіліны то бягуць, то расцягваюцца, за акном праспект жыве сваім звычайным мурашыным жыццём, і я думаю пра тое, што можна толькі ўяўляць сабе, колькі такіх цяжкіх гісторый носяць з сабою людзі, на тварах якіх так рэдка з’яўляюцца ўсмешкі.
Яна прыходзіць, калі я раблю чарговую спробу прабіцца праз непераадольную мяжу слоў. Збянтэжаная, я адразу кідаюся па гарбату: дзяўчына выглядае стомленай. Зусім не хочацца кідацца з месца ў кар’ер.
Мы пачынаем размову, і я адразу папярэджваю, што гэта не будзе стандартным інтэрв’ю: мне патрэбная гісторыя.
— Мы раслі без бацькі, — пачынае яна. — Ён памёр, калі мне было 5 месяцаў, так што мама выгадавала нас сама. Айчым з’явіўся пазней.
Калі я вучылася ў каледжы, маці з айчымам не былі распісаныя, і таму не было афіцыйнага другога апекуна, маці лічылася адзіночкай. Пакуль я вучылася, Пашу не забіралі ў армію, бо ён быў апекуном у малодшых дзяцей — нас усяго чацвёра ў сям’і.
У дзяцінстве мы з Пашам вельмі сварыліся, у нас жорсткія былі адносіны, але з маіх гадоў 14-ці мы пачалі блізка камунікаваць, і ён стаў маім любімым брацікам.
Я ўсміхаюся, узгадваючы сваіх братоў, і пытаю, ці не было ў іх сітуацый, калі Пашы трэба было заступацца за сястру.
— Ён гаварыў, маўляў, калі што, то... Канечне, мог за мяне пастаяць, але не было патрэбы.
Яна смяецца, і я ўсміхаюся ў адказ. Здаецца, мы размаўляем пра звычайныя рэчы, якія бывалі з кожным. Адна і тая ж гісторыя, толькі ў розных варыяцыях і з рознымі дэкарацыямі. Магла б быць адной з такіх гісторый — калі б не хвароба. І не затрыманне.
— Калі мы раслі, маме дапамагалі бабулі з дзядулямі — дзядуля быў з намі ўсё наша дзяцінства. Цяпер, калі мы з Пашам выраслі, я дапамагаю маме з малымі, бо яна ўжо вельмі стамілася. Калі трэба, магу пасядзець з дзецьмі, урокі з імі вывучыць, спаць пакласці — яны мяне больш слухаюцца, чым маму (усміхаецца). Яна стомленая, бо з Пашам гэтая сітуацыя ўся... Ён спачатку захварэў, а пасля яшчэ і забралі. Мама за гэтыя пару гадоў вельмі пастарэла.
Я прашу Яну расказаць трошкі пра самога Паўла — які ён, што яго цікавіць, што было ў яго жыцці да хваробы, і высвятляю, што Павел скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІРа, пасля працаваў у Маладзечне, перавёўся ў Мінск на «Інтэграл» і доўгі час жыў у сталіцы, а яшчэ год служыў на мяжы з Украінай.
— Калі ён трапіў ва ўніверсітэт, — працягвае Яна, — нават дырэктар школы ганарыўся, што іх вучань паступіў на такую спецыяльнасць — «нанатэхналогіі», усім расказваў. Павел вучыўся добра, праўда, пару разоў стыпендый пазбаўлялі, але не адлічалі, нічога такога. Пасля ўніверсітэта пачаў адразу працаваць. Пакуль жыў у Маладзечне, нешта атрымліваў, ды хутка ўсё адно перавёўся.
Апошнія пару гадоў ён быў дома, з сям’ёй — дакладней, жыў у бабулі з дзядулем. Бываў у цёткі — у сястры нашага бацькі, — дапамагаў даглядаць яе сына (ён інвалід). Калі яна хадзіла ў касцёл, сына пакідала на Пашу, таму што больш няма на каго: яе старэйшыя дзеці за мяжой.
Паша дапамагаў ёй, а так асабліва нікуды не хадзіў, бо імунітэт быў аслаблены пасля хіміятэрапіі. Максімум выходзіў пагуляць на вуліцу. Адно што, калі прыязджалі стрыечныя браты з сёстрамі, мы хадзілі ў кіно. У касцёл ён таксама хадзіў. Ездзіў на дзядулевай машыне, таму што дзядуля па стане здароўя ўжо не можа вадзіць, дык Паша падвозіў нас з малымі — у школу, да касцёла, яшчэ некуды. Маме таксама дапамагаў. Але апошнім часам мы рэдка яго бачылі.
У гэты момант я напружваюся, спрабуючы ўгадаць прычыну. Гэта як пазл: у цябе ёсць набор звестак, і ты з іх спрабуеш скласці карцінку, зразумець, як сябе паводзіў чалавек, што ён адчуваў і што стала падставай — бо можа быць што заўгодна: нечаканая хвароба ці затрыманне, якіх саміх па сабе зашмат для аднаго чалавека, ці нешта яшчэ, чаго я не ведаю. Яна тлумачыць — і я ледзь хаваю здзіўленне:
— Першы раз яго забралі на «размову» восенню, за пару месяцаў да затрымання. Адразу ж тады ў цёткі забралі яго ноўтбук. Можа быць, яму трэба было з’ехаць, але ён лячыўся і нікуды не паехаў. Я не ведаю, пра што з ім размаўлялі, бо Паша падпісваў паперку аб неразгалошванні, але сам факт, што выклікалі, ён хаваць не стаў. З таго часу ён дома і не з’яўляўся.
Я прашу прабачэння за магчымую нетактоўнасць і адразу ж пытаю, як Павел даведаўся пра сваю хваробу. Мне складана сабе нават уявіць, што адчуваў 26-гадовы хлопец, калі яму сказалі пра рак у апошняй стадыі. Жыццё нікога да гэтага не рыхтуе.
— Дыягназ паставілі ў сакавіку 2021 года, але з восені 2020-га ў яго пасля войска былі болі ў спіне, пастаянна нешта непакоіла, і ён шмат хадзіў па абследаваннях. Доўгі час яму не маглі паставіць нармальна дыягназ: адзін, другі, трэці... Пасля ўжо, у сакавіку, высветлілася, што гэта менавіта лімфома Ходжкіна — у 4-й стадыі. То-бок, калі б на паўгода раней паставілі дыягназ, цяпер, магчыма, было б лепей.
Як Паша адрэагаваў? Бывае, што не адразу даходзіць. Але праз некаторы час у яго нібыта апусціліся рукі. Ён сядзеў у бабулі з дзядулем, не выходзіў нават прайсціся па двары. Бабуля гаварыла яму: «Выйдзі хоць падыхай свежым паветрам!» — але ён адказваў толькі: «Я сабе фортку адчыню падыхаць». Увогуле нічога не хацеў. Але гэта было толькі нейкі перыяд. Пасля ён пачаў выходзіць, хадзіць да цёткі, больш часу бавіць з сям’ёй, у «настолкі» гуляў з намі, сустракаўся з сябрамі, але вельмі рэдка. Са школьным сябрам нават паспеў пабываць на вяселлі — быў там сведкам.
Стараўся трымацца — для сям’і, асабліва для маці, каб не хвалявалася асабліва, бо яна і так перажывае, і ён гэта таксама разумеў і стараўся не паказваць, нават калі яму было кепска. Аджартоўваўся. Ён з дзяцінства такім быў.
Наша размова пераходзіць да моманту затрымання, і я пытаю ў Яны, як усё адбылося.
— Паша прыехаў да нас першы раз за паўгода, хацеў сустрэцца са сваёй сяброўкай. Заскочыў на паўгадзіны дадому, прапанаваў маці падвезці на працу, мяне ў каледж на практыку. Мы збіраліся ўжо выходзіць, і ў гэты момант пагрукалі ў дзверы. Павіталіся, прад’явілі пастанову на ператрус і абшукалі кватэру. Праглядзелі нашы тэлефоны — мой, брата, мамы, — і забралі Пашу. Маме сказалі, што забіраюць на тры гадзіны. Праз сем гадзін, калі мы дазваніліся да іх, адказалі, што ён затрыманы на тры дні «да высвятлення абставін». Праз тры дні — што ён пад вартай да суду. Тады мы адправілі яму першую перадачу.
Адразу яго затрымалі, як сказалі, за абразу суддзі і супрацоўніка РАУСа. Пасля ўжо высветлілася, што знайшлі нібыта 18 выпадкаў (як мінімум) па чатырох артыкулах (зараз вядома, што артыкулаў пяць).
Я гэтых каментароў не бачыла, але што я, што ён вельмі эмацыйныя, і бывае, калі нешта зачэпіць, нейкае неасцярожнае слова можа выскачыць. Так што дапускаю магчымасць, але сама я не веру.
Паша не супраціўляўся, але адразу зажурыўся. Падавалася, што вось толькі-толькі ўсё пачынае наладжвацца — і раптоўна такое...
Пасля яны прыходзілі да нас яшчэ, апісвалі маёмасць, яго ноўтбук стары, якім уся сям’я карысталася.
І цяпер хлопец за кратамі. Здавалася б, што новага? Мы ўжо звыклі да ўсіх гэтых затрыманняў, рэпрэсій, выпадковых артыкулаў, дзіўных «сведкаў» і г. д. Так і бывае, калі чужыя лёсы становяцца статыстыкай. Але цяпер мы ведаем трошкі больш, чым слова «затрыманы». І калі спрабуеш выкласці перад сабой усе дэталі гэтай гісторыі, галава ідзе кругам.
— Як толькі Пашу забралі, следчая сказала, што няма ніякага дакумента, што ён хворы і яму нельга знаходзіцца пад вартай. Тады маці паехала па выпіску з яго карты — з дыягназам і пацвярджэннем, што яму патрэбныя лячэнне і пастаянны догляд. Пашу тады перавялі ў Жодзіна. Дзядуля з гэтымі дакументамі пісаў лісты ў Адміністрацыю Лукашэнкі, у пракуратуру. Адказы прыйшлі — нам адмовілі, таму што Паша нібыта «можа ўцячы».
Ад адваката мы даведаліся, што ў лютым ён хварэў, і ёсць падазрэнне, што на кавід. Адвакат дапамагаў яму пісаць заяву з просьбай аб аказанні медыцынскай дапамогі, аб тым, што яму трэба ў Бараўляны на абследаванне. Яго адзін раз вазілі ў лютым туды на тры дні на хіміятэрапію, а пасля два дні ставілі кропельніцы ў Жодзіне.
23 сакавіка яму зрабілі КТ, 25-га ўжо былі вынікі, але Пашу ўжо накіравалі ў Маладзечна на следства, і вынікі без яго нікому не давалі. Недзе ў канцы сакавіка – пачатку красавіка па іх ездзіла бабуля, бо Паша ў медыцынскай карце ўказаў, што, акрамя яго самога, інфармацыю можна даверыць толькі ёй. У заключэнні было напісана, што стан пагоршыўся, пухліна павялічылася ў памерах, з’явілася новае кістаўтварэнне і пачаўся запаленчы працэс — запаленне лёгкага. Дактары кажуць, што шанец на рэмісію маленькі, але ён ёсць.
Прынеслі следчай гэтую даведку — пра тое, што ў яго запаленне лёгкага і што яму патрэбныя супрацьзапаленчыя, патрэбна лячыцца — тым больш, што імунная сістэма аслабленая. Яна ад дзядулі не ўзяла гэтую паперку, сказала, што не прымае яе, бо яна не жодзінская — маўляў, ці мала што мы там падрабілі. Паспрабавалі перадаць праз адваката, але пакуль таксама не атрымалася.
Следчая сказала, што Павел выглядае добра і не скардзіцца. Калі што, маўляў, яму дапамогу акажуць.
«Мабыць, у гэтай сістэме трэба спачатку памерці, каб хтосьці пачаў варушыцца і нешта рабіць», — думаю я. Тэрмінова патрэбную дапамогу чалавеку з 4-й стадыяй раку аказалі толькі праз пару тыдняў: яму пракалолі супрацьзапаленчыя. Нядаўна хлопца вярнулі назад, у Маладзечна, і Яна кажа, што лекі далі з сабой і што там яго наведвае медсястра.
На днях Паўлу Кучынскаму выставілі абвінавачанне — па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэта значыць, што неўзабаве адбудзецца суд.
— Хутчэй за ўсё, яго адправяць назад у Жодзіна, — гаворыць Яна. — Адвакат кажа, што шанцаў на «хатнюю хімію» амаль няма. А яму патрэбнае пастаяннае лячэнне, трэба адсочваць дынаміку, ездзіць на хіміятэрапію, рабіць абследаванні. Калі яго адправяць у які-небудзь Магілёў, то наўрад ці яго хтосьці будзе вазіць адтуль у Бараўляны.
Размова становіцца ўсё больш балючай, і я заўважаю, што вочы дзяўчыны напаўняюцца слязьмі, але яна стрымліваецца і цвёрдым голасам адказвае на маё пытанне пра тое, як яны зараз трымаюцца:
— Маме было вельмі цяжка, асабліва першы час, яна хадзіла зусім ніякая, плакала пастаянна, у яе са сном праблемы. Толькі праз некаторы час яна стала гаварыць: «Пашы я ад гэтага лепш не зраблю, калі буду ўвесь час плакаць і перажываць».
У нас маці айчыма таксама хварэла на рак, і таксама на 4-й стадыі выявілі. Яна адмовілася ад лячэння і памерла за паўгода ў моцных пакутах. Мама тады была побач з ёю, бачыла, як усё гэта адбывалася, і цяпер яна баіцца, што ўсё гэта можа паўтарыцца з Пашам.
У мяне самой неадэкватная рэакцыя на гэта ўсё, трохі істэрычная. Дапамагаюць блізкія, родныя, сябры. Я асабліва не распаўсюджваюся на гэтую тэму, але тыя сябры, з якімі я блізка кантактую, падтрымліваюць. Нават калі гавораць «я не ведаю, што сказаць, гэта вельмі цяжка», гэтыя словы мяне падтрымліваюць. Я не кажу, што не плачу ў падушку, але ў нас з братам такая сямейная рыса: наколькі б кепска ўсё ні было — усмешка на твары сама нацягваецца, нават калі ўнутры ўсё разбураецца. Можа, таму што брат з дзяцінства замяняў мне бацьку і я яго вельмі любіла, раўнялася на яго. Напэўна, таму мы з ім вельмі падобныя — нібы частка яго жыве ў мяне ўнутры, і гэта мяне вельмі грэе.
Адправіць Паўлу словы падтрымкі можна па гэтым адрасе: 222163, СТ-8, вул. Савецкая, 22а, к. 123, г. Жодзіна, Мінская вобл. Кучынскаму Паўлу Андрэевічу.
На выпадак, калі вы захочаце падтрымаць сям’ю вязня, мы пакідаем тут банкаўскія рэквізіты яго маці:
432037002621175710/24VIKTORYIA ZHAROVINA
Фота з сямейнага архіву гераіні