Тыдзень, калі прыйшла вайна

Цяжка пісаць пра падзеі тыдня, калі гэтыя падзеі разгортваюцца вокамгненна, літаральна за гадзіны. Але зразумела адно: Расія развязала чарговую вайну. А свету не знайшлося, чым ёй адказаць. Будзем спадзявацца, што не знайшлося толькі «пакуль».

1645729363_6220.jpg


Безумоўна, пачалося ўсё не так хутка. Пуцін доўга вымагаў ад Еўропы і ЗША нейкіх «пісьмовых гарантыяў» па новай архітэктуры бяспецы ў Еўропе. Сярод іх былі і даволі бязглуздыя і цалкам непрымальныя, кшталту непашырэня NATO на Усход, вываду ракет і баз NATO з Еўропы, і гэтак далей. Зразумела, такіх гарантый ніхто даваць не думаў. Усе меркавалі, што гэтыя патрабаванні – з логікі «Будзьце рэалістамі — патрабуйце немагчымага», каб у выніку перамоў атрымаць максімальную выгаду.

А «гарачая фаза» пачалася з прызнання Пуціным так званых «ДНР» і «ЛНР», квазідзяржаўных фармаванняў, якія і трымаліся выключна на расійскіх штыках. Тут Пуцін перайграў сам сябе, таму што гэтае прызнанне аўтаматычна скасавала «Мінскія дамоўленасці», — то-бок тыя самыя гарантыі, якія былі якраз і замацаваныя дакументамі. Пасля гэтага перамовы па нейкіх «гарантыях» сталі немагчымымі, бо ўсе зразумелі — нават падпісаныя дакументы для кіраўніка Расіі нічога не вартыя. У адказ Еўропа і ЗША ўвялі першыя пакеты санкцый адносна РФ. Цалкам лагічна, бо юрыдычна Луганск і Данецк — гэта ўкраінскія тэрыторыі. Індэксы Маскоўскай біржы і курс расійскага рубля папаўзлі ўніз, а расійскія алігархі страцілі пад $8 млрд.

Тут бы Пуціну і спыніцца, але ён вырашыў, што прымусіць ЕС і ЗША да дыялогу можна вайной, і напаў на астатнюю Украіну, скарыстаўшы ў тым ліку і войскі, якія знаходзіліся «на вучэннях» у Беларусі. Нягледзячы на тое, што і спадар Макей, і іншыя (без)адказныя беларускія асобы сцвярджалі, што пасля заканчэння вучэнняў (а гэта значыць, пасля 20 лютага), ніводнага расійскага салдата ў Беларусі не застанецца.

1645514783_7307.jpg


«Беларускі фронт»

Пры гэтым пра планы пачатку вайны кіраўніцтва Беларусі ніхто ў вядомасць не паставіў. Лукашэнка сам прызнаўся, што даведаўся пра гэта 24 лютага а пятай гадзіне раніцы са званка Пуціна — то-бок у той час, калі ваенная аперацыя ўжо пачалася. І гэта відавочна сведчыць пра тое, наколькі кіраўнік краіны кантралюе тую самую краіну, і наколькі ён можа прымаць рашэнні наконт таго, што ў гэтай краіне робіцца. Будзем шчырымі — Беларусь ператварылася ў «прахадны двор» для расійскіх войскаў, і паўплываць на гэта Лукашэнка проста не ў стане.

Але пры гэтым цяпер менавіта беларуская ўлада нясе адказнасць і за вайну, і за ператварэнне «мірнай Беларусі» у краіну-агрэсара.

Варта дадаць, што менавіта «паўночны накірунак» стаў самым паспяховым для наступу Расіі на Украіну: увечары 24 лютага расійскія вайскоўцы захапілі пляцоўку Чарнобыльскай АЭС. Што не дзіўна: ніхто не чакаў, што войскі высунуцца праз 30-кіламетровую забруджаную зону. У будучым, канешне, шмат хто з жаўнераў гэтай «вызвольнай аперацыі» падхопіць лейкемію, ракавыя пухліны і, можа быць, «праменевую хваробу» і будуць здзіўляцца: адкуль гэта ў іх? Ці ўзгадаюць яны свой «геройскі марш», калі будуць пляваць крывёю з бальнічнага ложку?

Праўда, праз пару гадзін ЧАЭС адбілі. А расійскія салдаты, імаверна, застаюцца на «фанячай» тэрыторыі.

У астатнім можна сказаць, што «бліцкрыг» Пуціна сарваўся. Розныя СМІ, якія раней распаўсюджвалі «мапы ўварвання» Расіі ва Украіну, разлічвалі, што захопленая будзе ці не траціна ўкраінскай тэрыторыі. Аднак за (умоўным) выключэннем Чарнобыля і часткі Херсонскай вобласці поспехамі Расія пахваліцца пакуль не можа. Нават расійскі Генштаб вымушаны быў прызнаць, што яны прасунуліся толькі на 6-8 кіламетраў ад расійскай мяжы. І гэта было названа «поўным выкананнем баявой задачы». Пры гэтым там не паведамілі, куды падзеўся расійскі дэсант пад Гастомелем, што ў некалькіх кіламетрах ад Кіева.

І самы галоўны пралік Пуціна — яму не ўдалося выклікаць паніку, дэзарыентацыю і дэзарганізацыю ўкраінскай улады і ўкраінскага народа, нават нягледзячы на бамбёжкі і ракетныя абстрэлы. Спрацавала гэта з дакладнасцю да наадварот — паніка ўзнікла ў Расіі.

Мапа захопу ўкраінскай тэрыторыі ў першы дзень вайны

Мапа захопу ўкраінскай тэрыторыі ў першы дзень вайны


Рублём па вайне

Еўра ў Расіі ўзляцеў да 100 рублёў, але напрыканцы дня крыху адкаціўся да 97,7. Долар падаражэў да 87,35. Асноўныя індэксы — РТС і ММВБ, — упалі на 39% і 33% адпаведна. Рызыка дэфолту Расіі ўзляцела да ўзроўняў канца 1990-х, — нягледзячы на тое, што расійскія ЗВР перавышаюць знешні дзярждоўг у 10 разоў. Кошты аблігацый Урада РФ у замежнай валюце ў чацвер абрынуліся: Russia-43 — на 44%, Russia-42 — на 41%. Набыць іх можна за палову наміналу, як, напрыклад, аблігацыі венесуэльскай нафтавай кампаніі PDVSA, якая знаходзіцца на мяжы банкруцтва.

А ўсё таму, што рынак вырашыў: калі Расія так грэбліва ставіцца да міжнароднага права, то, можа, яна і па даўгавых абавязках плаціць адмовіцца?

На гэтым фоне Пуцін запрасіў у Крэмль расійскіх алігархаў. З паведамленняў пра сустрэчу вынікае, што расійскі кіраўнік, нібыта, апраўдваецца: ён заявіў, што заходнія краіны не павінны выціскаць Расію з сусветнай эканамічнай сістэмы, і што вайна супраць Украіны — «вымушаны крок». Але пры гэтым не сказаў, хто ж яго змусіў.

А ў Дзярждуме, канешне ж, не вынайшлі нічога новага, прапанаваўшы «бамбіць Варонеж». Дэпутат Дзярждумы ад КПРФ Мікалай Арэф'еў прапанаваў, калі Захад заблакуе сродкі Расіі за межамі, канфіскоўваць грошы расіян на банкаўскіх рахунках. Нішто сабе — паваявалі ўсяго адзін дзень, да?

Расійскі ВЦІОМ, які выконвае для Пуціна ролю «прыдворнай» сацыялогіі, распаўсюдзіў «апытанку» пра тое, што 70% расійцаў вітаюць прызнанне «ЛНР» і «ДНР». Можа, гэта і дазволіла Пуціну жыць «у тэлевізары», аднак нядоўга: па Расіі пракацілася хваля антываенных пратэстаў — як «адзіночных пікетаў», так і несанкцыяваных групавых выхадаў. Паводле інфармацыі «ОВД-Инфо», затрымана больш за 1083 чалавекі ў 48 (!!!) расійскіх гарадах: каля 650 — у Маскве, 128 — у Санкт-Пецярбургу, 37 — у Екацярынбургу. Ніжні Ноўгарад, Навасібірск, Калінінград, Саратаў, Растоў-на-Доне, Пскоў — прычым, некаторыя мітынгі былі шматтысячнымі. Пад час «узяцця Крыма» ў 2014-м такога не было.

Супраць вайны выказаліся расійскія «селебрыці»: Іван Ургант, Валерый Меладзэ, спартовы журналіст Васіль Уткін, Аляксей Венядзіктаў, Юрый Дудзь, Ксенія Сабчак, Дзмітрый Муратаў (які атрымаў Нобеля з «Новай газетай»), Віктар Шандаровіч. А карэспандэнты расійскіх СМІ і эксперты, што пішуць пра знешнюю палітыку Расіі, дык увогуле склалі адкрыты ліст, у якім на вечар 24 лютага сабралося 90 подпісаў.

І ўжо зусім нікуды не лезе тое, што пад Чарнігавам здаўся ў палон цэлы выведавальны ўзвод 74 расійскай мотастралковай брыгады.

Мітынг супраць ўварвання ва Украіну. Санкт-Пецярбург

Мітынг супраць ўварвання ва Украіну. Санкт-Пецярбург


А што ж Еўропа?

А што ж Еўропа, якая абяцала «моцны і імгненны адказ» у выпадку расійскага ўварвання ва Украіну? Еўропа была шакаваная і разгубленая. Па традыцыі, выказвалі «занепакоенасць», «заклапочанасць», «абурэнне» і гэтак далей. Пакеты санкцый, нібыта распрацаваныя на гэты выпадак, былі недзе згубленыя. Кіраўнікі ЕС сабраліся для таго, каб іх «абмяркоўваць», хаця раней казалі, што ўсё ўжо падрыхтавана.

Напэўна, нездарма з ЕС выйшла Вялікабрытанія, якая абвясціла пра свае санкцыі, у тым ліку:

  • замарозка актываў усіх буйных расійскіх банкаў (прычым, актывы «Банка ВТБ» у суме 154 млрд фунтаў стэрлінгаў замарожаныя неадкладна);
  • расійскім кампаніям забараняецца прыцягваць фінансаванне ў Вялікабрытаніі;
  • уводзяцца санкцыі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія ўваходзяць у дзяржкарпарацыю «Растэх» (больш чым 100 кампаній);
  • «Аэрафлоту» забараняецца прызямляцца ў Вялікабрытаніі;
  • у бліжэйшыя дні будзе прыняты закон, які забараняе перадачу высокіх тэхналогій у Расію;
  • Вялікабрытанія будзе працаваць з «вялікай сямёркай», каб закрыць доступ да аплатнай сістэмы SWIFT.

І так было, пакуль не прачнуўся Байдэн. Той неадкладна заявіў пра новы санкцыйны пакет, у якім:

  • абмежаванне імпарту Расіяй высокатэхналагічнай прадукцыі на 50%;
  • абмежаванне магчымасці РФ весці аперацыі ў цвёрдай валюце;
  • санкцыі ЗША закрануць бонды найбуйнейшых расійскіх дзяржаўных кампаній;
  • закрануць расійскую касмічную праграму;
  • актывы шэрагу буйных расійскіх банкаў будуць замарожаныя.

Пад санкцыі трапілі «Сбер банк» і ВТБ, на якіх прыходзіцца ў сукупнасці больш за палова ўсёй банкаўскай сістэмы Расіі па кошту актываў. Пад санкцыі трапілі і «дочкі» пералічаных расійскіх кампаній, у тым ліку беларускія ААТ «Сбер Банк» і ВТБ Беларусь.

Блакавальныя санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да яшчэ трох буйных расійскіх фінансавых устаноў: Саўкамбанк, Новікамбанк і «Адкрыццё». Яны валодаюць сукупным актывамі на суму 80 мільярдаў долараў.

А сёння мы пабачым, чым адкажа Еўропа. Маскоўская біржа ў чаканні навінаў нават адмяніла ранішнія таргі.

У цэлым, Украіне варта пратрымацца некалькі дзён — да тыдня, наносячы Расіі, па мажлівасці, «страты, несумяшчальныя з жыццём». Бо, па-першае, Пуцін зусім не імкнецца захопліваць Украіну — яму трэба «фон для перамоваў», фон, на якім бы ён мог дыктаваць свае ўмовы Захаду. А па-другое, за адзін дзень вайны, нават без асаблівых навінаў пра санкцыі, расійскі фондавы рынак страціў больш за $150 млрд.

Толькі брытанская «замарозка» актываў ВТБ — гэта замарозка амаль траціны золатавалютных рэзерваў Расіі, якія складаюць $670 млрд. Калі санкцыі набудуць моц — а гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца толькі ў панядзелак, — цяжка будзе ваяваць без грошай.

Без грошай, і без падтрымкі ўласнага народа.

Украіна, трывай!