У беларускіх падлеткаў у ваенкаматах запытваюць пра стаўленне да вайны

Жанчына, сына якой выклікалі ў ваенкамат для пастаноўкі на вайсковы ўлік, звярнулася ў СМІ. У гэтай стандартнай працэдуры маці збянтэжыла тое, што пытанні ў анкеце для школьніка датычыліся вайны ва Украіне.

Фота: Алесь Пятровіч, «DW»

Фота: Алесь Пятровіч, «DW»

Таццяна жыве ў Мінскім раёне. У мінулым годзе яе сыну Арсенію споўнілася 15 гадоў, і неўзабаве пасля гэтага ён атрымаў ліст з ваенкамата: маладому чалавеку трэба было стаць на вайсковы ўлік. З'явіцца трэба было «ў абавязковым парадку» і прынесці стандартны пакет дакументаў з фатаграфій, пашпарта, пасведчання аб нараджэнні, піша «Люстэрка».
— У майго сына інваліднасць з-за сур'ёзнага хранічнага захворвання. У той момант ён з-за пэўных абставін нікуды прыйсці не мог. У ваенкамаце сказалі, што стаць на вайсковы ўлік усё роўна абавязаны, нават нягледзячы на хранічную хваробу. Але дакументы можа ў нашым выпадку запоўніць бацька, — распавядае Таццяна.
Маці падлетка адправілася ў ваенкамат сама. Там у яе прынялі дакументы, а таксама далі запоўніць анкету за сына. Ёй патлумачылі, што такі апытальнік праходзяць усе, каму споўнілася 15 гадоў.
— Анкета была старонкі на чатыры. Спачатку стандартныя пытанні пра нвучанне, сярэдні бал, — успамінае Таццяна. — Потым пра стаўленне да вайсковай службы: трэба выбраць паміж «адмоўна», «станоўча» ці «не хачу служыць». Былі дадатковыя палі, каб растлумачыць свой выбар. Я паставіла «адмоўна», у мяне супрацоўніца спытала чаму. Я сказала пра «дзедаўшчыну» ў войску. Былі яшчэ пытанні пра стаўленне бацькоў да службы і пра паездкі за мяжу.

Але больш за ўсё маці Арсенія збянтэжылі пытанні на апошняй старонцы анкеты. Яны тычыліся стаўлення да ваенных дзеянняў на тэрыторыі Украіны.


— Я напісала «адмоўна», натуральна. Няхай ім «для статыстыкі» не будзе таго, чаго хацелася б. Я, прынамсі, буду сумленная сама перад сабой. Але я з пазіцыі дарослага адказвала. Як на такія пытанні мусяць адказваць дзеці? Там яшчэ былі некаторыя правакацыйныя пытанні, напрыклад, пра мабілізацыю. Нешта накшталт «у якія тэрміны вы гатовы прыбыць на ўчастак у выпадку абвяшчэння мабілізацыі?».
Журналістка патэліла ў ваенны камісарыят Мінскага раёна Мінскай вобласці як зацікаўленая грамадзянка, каб даведацца, навошта школьнікаў пытаюцца пра стаўленне да ваенных дзеянняў ва Украіне і мабілізацыі.
— Звычайная анкета, усе яе запаўняюць, — адказалі ў ваенкамаце.
— А пытанні пра Украіну ж нядаўна з'явіліся? Навошта яны?
— Такі ўсталяваны ўзор, на пытанні проста трэба адказаць, і ўсё. Нічога страшнага ў гэтым няма (смяецца)!

Адказы нікуды не адпраўляюць, інфармацыя проста застаецца ў асабістай справе.