У Брэсце грандыёзны мітынг
Вынікі скандальных прэзідэнцкіх выбараў вывелі берасцейцаў на вуліцы, а ў нядзелю акурат праз тыдзень пасля асноўнага дня галасавання — на цэнтральны пляц імя Леніна.

Учора дваццацітысячную грамаду туды не пусцілі, і людзі прайшлі па цэнтральных вуліцах. Сёння на плошчы Леніна перад аблвыканкамам стаяла ацэначна ў два разы больш. Людское мора выйшла з берагоў і запаўняла прылеглыя вуліцы таго сама Леніна ды Пушкінскую, сягаючы Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі.

З вакон колішняга будынка гаркама КПСС, дзе месціцца консульства, добра аглядная была плошча, уся бел-чырвона-белая. Насупраць статуі правадыра бальшавіцкага перавароту маладыя людзі разгарнулі блізу пяцідзесяціметровае бел-чорвана-белае палотнішча. Многія трымалі ў руках лозунгі. Вось некаторыя з іх: “Сыходзь мірна”, “Мы за мирные перемены”, “Мы против насилия”, “Мы не быдло мы не трусы мы беларусы”.


Было і некалькі прыхільнікаў Савецкага Саюза з адпаведным сцягам артадаксальных камуністаў. Адзін з іх патлумачыў, што яны не за Ціханоўскую тут, а таму што незадаволеныя Лукашэнкам. Што дзіўна, бо толькі іх усе 25 гадоў пускалі на пляц Леніна ўскладваць кветкі ды мітынгаваць. І толькі ім Аляксандр Лукашэнка дазволіў камфортную, з вялізнай скідкай, арэнду партыйных офісаў у кожным раёне Беларусі.

Будынкі адміністрацыі Брэсцкай вобласці, горада і Ленінскага раёна аддзяліў ад шматтысячнага мітынгу лядачы шэраг людзей у форме АМАП. Ці быў гэта сапраўды атрад міліцыі асобага прызначэння, сумніўна: хлапцы выглядалі на маладых салдацікаў, якіх засунулі ў гэтую падобную да касмічных скафандраў форму.

Як і ўчора, сёння па гораду ездзілі аўто і матацыклы з беларускімі нацыянальнымі сцягамі, быў чуцён Віктар Цой, “Разбуры турмы муры”. Нават брэсцкая дзятва пачала гуляць у пратэсты.

На мітынгу з’явілася гукаўзмацненне. Гучалі рэзкія выступы з патрабаваннямі адстаўкі Лукашэнкі, пераліку галасоў або новых выбараў наўзамен сфальшаваных. Людзі хочуць дабівацца гэтага няўхільна і любымі мірнымі сродкамі.
Гэта, безумоўна, самая буйная акцыя за ўсю найноўшую гісторыю Берасця. На мітынг супраць ГКЧП (спроба аднавіць СССР) у 1991 годзе сабралася тысяч дваццаць-дваццаць пяць, але ж не было такога, каб плошчы не хапіла. Удзельнічалі амаль выключна людзі маладога і сярэдняга веку. Яны хочуць, не, яны прагнуць новай Беларусі.