«У цэнтры Еўропы мэтанакіравана забіваюць чалавека. Адказнасць за гэта будуць несці канкрэтныя людзі»

Аўтарка "Новага Часу" Алена Церашкова выказвае вялікую трывогу за лёс свайго брата, Максіма Вінярскага, а таксама іншых вязняў Акрэсціна — Крысціны Вітушка, Паўла Севярынца і інш., якія знаходзяцца ў невыносных умовах, пазбаўленыя магчымасці атрымаць медыцынскую дапамогу.

Максім Вінярскі. Фота Арцёма Лявы

Максім Вінярскі. Фота Арцёма Лявы


Зварот да тых, каму не абыякавы лёс беларусаў — Макса Вінярскага, Крысціны Вітушка, Паўла Севярынца ды іншых.
Я, урач Алена Церашкова, сястра палітычнага актывіста Максіма Вінярскага, прашу дапамогі журналістаў, праваабаронцаў, медыкаў і ўсіх добрых і абазнаных людзей.
Максім Вінярскі — адзін з тых, каго ўлады пераследуюць за ягоныя перакананні, ён змагаецца за правы беларусаў з 1999 года — і па сёняшні дзень. У суме ягоныя адміністрацыйныя арышты доўжацца больш за год, і ўсё гэта — палітычна матываваныя прысуды.
На дадзены момант мой брат, знаходзячыся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў як адміністрацыйна арыштаваны, ужо з 02.08 трымае сухую галадоўку.
Напрыканцы траўня падчас папярэдняга адміністрацыйнага арышту Максім, адседзеўшы за кратамі больш за 20 дзён (паўторна асуджаны ўжо падчас арышту) у сувязі са значным пагаршэннем здароўя дастаўляўся ў 1 ГКБ г.Мінска, тым самым адбыванне арышту было прыпыненае. Тыдзень таму Максім быў дастаўлены ў ЦІП па вул.Акрэсціна для працягу адбывання арышту і абвясціў галадоўку пратэста.
Але ў аўторак 04.08 ён быў чарговы раз асуджаны суддзёй Маскоўскага раённага суда Т.Мотыль на 13 сутак адміністрацыйнага арышту, што ў суме з папярэднімі арыштамі складае 43 дні.
Падчас працэсу Максім Вінярскі папярэдзіў, што трымае сухую галадоўку і будзе яе трымаць на знак пратэсту супраць ганебных супрацьзаконных судовых рашэнняў. Мне адмовілі ў прыёме перадачы для яго, матывуючы тым, што Вінярскі адмаўляецца ад перадач.
09.08.2020 са мной звязаўся чалавек, які адбываў адміністрацыйнае пакаранне ў адной камеры з Максімам, і паведаміў наступнае. Максім працягвае галадоўку пратэсту і пачуваецца кепска, у яго падвышаны ціск. Тым не менш, медычная дапамога яму не аказваецца, яму толькі перыядычна мераюць ціск, але незалежна ад лічбаў адмаўляюць у выкліку «хуткай дапамогі». Адначасова ў камеры ствараюцца невыносныя ўмовы існавання: перыядычна падсяляюцца асацыяльныя арыштанты, усе, хто ў камеры, пазбаўленыя шпацыраў, зранку да вечара ў камеры няма матрасаў. Супрацоўнікі аказваюць на Вінярскага маральны ціск, пастаянна здзекуюцца і спрабуюць нацкаваць на яго сукамернікаў, выстаўляючы яго прычынай кепскіх умоў утрымання.
У тым самым ЦІП, верагодна, знаходзіцца Крысціна Вітушка, затрыманая 11.08. Крысціна хварэе на дыябет, яна не мае пры сабе неабходных лекаў, яе стан можа раптоўна пагоршыцца ў кожны момант, наступіць кома, пры якой немагчыма нават паклікаць на дапамогу, вынікам будзе смерць саракагадовай жанчыны, маці непаўнагадовага сына.
Паважаныя журналісты і праваабаронцы Беларусі і замежжа, калегі-лекары, проста неабыякавыя людзі! У сталіцы краіны ў цэнтры Еўропы мэтаскіравана забіваюць чалавека. Дапамажыце данесці да адказных за гэта людзей: мы ведаем, што адбываецца, мы не будзем маўчаць. Калі з Максімам Вінярскім, Крысцінай Вітушка, Паўлам Севярынцам, іншымі людзьмі, якіх рэжым кінуў за краты за іхныя перакананні, здарыцца непапраўнае, адказнасць за гэтае злачынства будуць несці канкрэтныя людзі: начальнік ЦІП і ягоныя падначаленыя, у тым ліку медыкі. Прашу салідарнасці. Прашу розгаласу.