У Расіі завялі каля 2 тысяч спраў за дыскрэдытацыю Узброеных сілаў
З сакавіка ў Расіі было заведзена крыху менш за 2 тысячы адміністрацыйных спраў па артыкуле аб дыскрэдытацыі Узброеных сілаў.
Такія лічбы прыводзіць праект «ОВД-Инфо» на падставе
звестак з сайтаў судоў, сістэмы «Правосудие», прэс-рэлізаў МУС і паведамленняў,
якія паступаюць на гарачую лінію праваабарончага праекта. Рэальная колькасць
спраў можа быць большай, піша Св*бода.
Артыкул аб дыскрэдытацыі арміі з’явіўся ў Адміністрацыйным кодэксе РФ неўзабаве пасля пачатку расійскага ўзброенага ўварвання ва Украіну. Усе вядомыя выпадкі пераследу па гэтым артыкуле звязаныя з пратэстамі супраць вайны, прычым пратаколы складаюць не толькі за выказванні ў падтрымку Украіны ці з асуджэннем дзеянняў расійскіх уладаў, але і, напрыклад, за словы «Міру — мір» ці «Не вайне». Пратаколы склалі і на некалькіх удзельнікаў маршу «Несмяротны полк» 9 траўня — у тым ліку за плакаты «Мой дзед ваяваў супраць фашызму» ці «Яны ваявалі не за гэта».
Па даных «ОВД-Инфо», усяго вядома аб 1933 выпадках узбуджэння спраў па гэтым артыкуле. Сярэдняя сума штрафу перавышае 30 тысяч расійскіх рублёў, усяго выпісана штрафаў ужо амаль на 20 мільёнаў.
Артыкул ужываюць паўсюдна: спраў аб дыскрэдытацыі пакуль не было толькі ў Чачні, Туве і Магаданскай вобласці. Больш за ўсё — каля 200 — пратаколаў склалі ў Маскве.
За паўторную дыскрэдытацыю можа быць узбуджаная крымінальная справа. Пакуль такіх прэцэдэнтаў не было. Аднак некалькі дзясяткаў крымінальных спраў у Расіі ўзбуджана па артыкуле аб так званых фэйках аб дзеяннях арміі. Фэйкамі следчыя, як правіла, лічаць распаўсюджанне сцвярджэнняў, якія афіцыйна абвяргала расійскае Мінабароны — напрыклад, аб датычнасці расійскіх вайскоўцаў да масавых забойстваў у Бучы ці ў Марыупалі.
У суботу ў розных гарадах Расіі па артыкуле аб дыскрэдытацыі арміі былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў адзіночных антываенных пікетаў. У Екацярынбургу з плакатам «Zло не можа перамагчы» затрымалі Івана Любімава.
У Кранштаце паліцыя затрымала мясцовую жыхарку Ганну Мярлухіну з-за шыльды «Stop war» на яе ровары. У Маскве на Пушкінскай плошчы затрымалі Васіля Барысава, які выйшаў на пікет з плакатам «Не вайне».
У Пецярбургу паліцыянты затрымалі Дзмітрыя Лаўчаноўскага, які выйшаў да Нацыянальнай бібліятэкі з плакатам «МІР». Таксама ў Пецярбургу затрымалі актывіста Аляксандра Шарчанкова, які выйшаў да помніка Тараса Шаўчэнкі з плакатам «Не вайне». Гэта ўжо сёмае затрыманне Шарчанкова — паведамляе Север.Реалии.