У выпадку ўступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны грамадства не падтрымае армію — апытанне

Большасць беларусаў не падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны і не жадае ўдзельнічаць у гэтай вайне.
Кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» ў Каралеўскім інстытуце па міжнародных справах Chatham house Рыгор Астапеня прадставіў вынікі чарговага сацыялагічнага апытання беларусаў адносна вайны Расіі супраць Украіны. Апытанне праводзілася анлайн з 8 па 18 красавіка, у ім узялі ўдзел 823 чалавекі, якія жывуць у Беларусі.

Паводле апытання, 40% рэспандэнтаў не падтрымліваюць вайну ва Украіне, 32% падтрымліваюць, 13% цяжка адказаць. Яшчэ 15% апытаных адказалі, што ў чымсьці падтрымліваюць, а ў чымсьці — не.

— Мы дадалі гэты варыянт адказу, каб убачыць людзей, якія, у прынцыпе, за Расію, але бачаць, што нешта не так, — каментуе Рыгор Астапеня.

Калі казаць пра наступствы ваеннага канфлікту, то толькі 19% апытаных вераць у тое, што яны могуць быць станоўчымі. Яшчэ 17% бачаць станоўчыя наступствы дзеянняў Расіі ва Украіне для сябе асабіста.

У адрозненне ад першых апытанняў, цяпер беларусы думаюць, што ваенныя дзеянні будуць доўжыцца яшчэ прынамсі некалькі месяцаў. Яшчэ ў сакавіку рэспандэнты былі перакананыя, што гэты канфлікт скончыцца хутчэй.

Агулам ад вайны Расіі з Украінай беларусы чакаюць наступстваў у выглядзе росту цэн, санкцый у адносінах да Расіі і Беларусі, пагаршэння жыцця простых людзей, дэвальвацыі, немагчымасці набыць валюту. У тое, што эканоміка Беларусі стабілізуецца, вераць менш за 15%, а ў тое, што ў нашай краіне вырашыцца палітычны канфлікт, — 14%. У тое, што жыццё простага чалавека палепшыцца, вераць 10%.

Толькі 11% рэспандэнтаў думаюць, што вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі. Што праўда, цяжкасці з адказам на гэтае пытанне ўзніклі ў 53% апытаных.

Разам з тым 54% беларусаў лічаць, што не заслугоўваюць негатыўнага стаўлення з боку заходніх краін. Толькі 15% лічаць, што звычайныя беларусы таксама вінаватыя ў тым, што з тэрыторыі Беларусі ідзе ваенная агрэсія супраць Украіны. 11% лічаць, што санкцыі супраць Беларусі не закрануць простых людзей.

У той жа час 39% апытаных лічаць, што ваенная аперацыя Расіі праходзіць хутчэй паспяхова, 33% — што непаспяхова. Як правіла, такія адказы даюць людзі, якія падтрымліваюць Расію (у першым выпадку) і Украіну (у другім). 27% не змаглі адказаць на гэтае пытанне.

— Мы не бачым, што ў Беларусі ёсць запыт на актыўнае ўмяшальніцтва ў вайну, — падкрэслівае Рыгор Астапеня.

Цікава, што 24% гарадскіх жыхароў (пераважна прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі) паверыла ў мем, што калі б Беларусь не нанесла прэвентыўны ўдар, Украіна б напала на нас. І ўсё ж 42% людзей не могуць адказаць на пытанне, ці сапраўды так і было б.

Беларусы хутчэй лічаць, што нашыя войскі не будуць удзельнічаць у вайне з Украінай. Але многія непакояцца, што Расія можа ўцягнуць Беларусь у вайну.

У выпадку, калі Беларусь уступіць у вайну супраць Украіны, беларусы закупяцца лекамі, падрыхтуюць запасы ці будуць гатовыя да пераезду. 15% апытаных адказалі, што будуць наведваць антываенныя мітынгі. Насельніцтва хутчэй не будзе падтрымліваць армію, калі яна афіцыйна ўступіць у вайну на баку Расіі. Падтрымаць войска ў такім выпадку гатовыя толькі 7% апытаных, 9% гатовыя ўступіць у шэрагі арміі. 22% не могуць даць адказ.

Толькі чвэрць апытаных лічыць, што беларускае войска прыме актыўны ўдзел ва ўзброеным канфлікце Расіі супраць Украіны. Хаця агулам у беларускім грамадстве няма разумення таго, што будзе рабіць наша армія ў выпадку афіцыйнага загаду ўступаць у вайну. Многія спадзяюцца, што вайскоўцы будуць старацца любымі спосабамі не ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях.

— Усё-такі беларусы не ўспрымаюць Расію праз прызму Пуціна. Як бы мы да гэтага не ставіліся, для многіх Расія — гэта агульная культурная, цывілізацыйная прастора. Таму няма і радыкальнага пагаршэння стаўлення беларусаў да Расіі, — зазначае Рыгор Астапеня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: