Удзел у гэтай вайне – катастрофа для Беларусі

Chatham House у студзені-пачатку лютага правёў апытанне пра тое, што думаюць Беларусы пра тады яшчэ магчымы пачатак вайны з Украінай і канстытуцыйны рэферэндум. Яго вынікі прэзентаваў кіраўнік беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Выбарка апытання склала 755 чалавек, яно праводзілася з 20 студзеня па 9 лютага 2022 года пры дапамозе інтэрнэт-інтэрв’ю. Аўтары апытання зазначаюць, што, паколькі працавалі з меркаваннем інтэрнэт-аўдыторыі, то рэальная падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць крыху вышэйшай, чым адлюстравана ў выніках, паколькі яго прыхільнікі менш сацыяльна і эканамічна актыўныя.

Змены ў Канстытуцыю для людзей неактуальныя

Даследчыкі ўбачылі, што большасць беларусаў пра рэферэндум ведала і збіралася браць у ім удзел, хоць яўка, у параўнанні з выбарамі 2020 года, прагназавалася ніжэйшай.

— Для людзей гэта адна з нямногіх магчымасцяў палітычнага ўдзелу, якія ў іх засталіся, — удакладняе Рыгор Астапеня.

Што да стаўлення да зменаў у Канстытуцыю, большасць апытаных альбо не змагла ацаніць наступствы рэферэндума, альбо ў прынцыпе не чакае нейкіх зменаў. Таму можна зрабіць выснову, што змены ў Канстытуцыю сёння ў вачах насельніцтва неактуальныя.


За некалькі тыдняў да правядзення рэферэндума толькі менш за траціну беларусаў бачылі праект Канстытуцыі.

Як беларусы ацэньваюць тое, што, паводле новага праекта Канстытуцыі, прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, якія ён зрабіў у сувязі з выкананнем прэзідэнцкіх паўнамоцтваў? Аказалася, што мінімум палова беларусаў супраць гэтага.

Беларусы не давяраюць УНС і не гатовыя адстойваць галасы

Рэспандэнтам таксама задавалі пытанне пра тое, ці ведаюць яны пра Усебеларускі народны сход. Нагадаем, у праекце новай Канстытуцыі УНС плануецца прызнаць канстытуцыйным органам. Па выніках апытання, толькі кожны чацвёрты беларус заяўляе, што ведае пра дзейнасць УНС, пры гэтым за год інфармаванасць людзей адносна гэтага органа ўпала.


Што да стаўлення людзей да УНС — беларусы агулам не лічаць, што гэта эфектыўны спосаб дыялога паміж уладамі і іх апанентамі. Рашэнням, прынятым на УНС, давяраць нельга, і ўвогуле гэта не той орган, які добра прадстаўляе ўсіх беларусаў, лічаць рэспандэнты.


— Мы бачым, што ў параўнанні з папярэднім замерам, які мы рабілі ў студзені 2021 года, павялічылася колькасць тых, хто мае складанасці з адказам аб стаўленні да УНС. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Беларусі павялічыўся фактар страху, — удакладняе Астапеня.

Агулам імідж УНС застаецца негатыўным.

Апроч таго, сацыёлагі замералі намеры людзей адстойваць свае галасы на рэферэндуме. Рыгор Астапеня папярэджвае, што да гэтых даных трэба ставіцца з асцярожнасцю, бо яны ўяўляюць сабой пратэсны патэнцыял, які застаецца ўнутры Беларусі. Ён невялікі, але існуе. Аднак пры гэтым 52% апытаных не гатовыя нічога прадпрымаць для таго, каб адстойваць свой голас у выпадку фальсіфікацый.

 Калегі з «Народнага апытання» цяпер праводзяць сацыялагічны эксперымент, сэнс якога зводзіцца да таго, што ў беларускім грамадстве магчымыя каскадныя пратэсты. То-бок, калі будуць створаныя ўмовы для таго, каб пачаўся невялікі пратэст, пры пэўных умовах ён вельмі хутка можа стаць вялікім, — дадаў Рыгор Астапеня.

Беларусы не падтрымліваюць Расію ў вайне з Украінай

У даследаванні Chatham House 59% апытаных не лічаць нармальнай адпраўку ва Украіну з Беларусі прафесійных салдат-кантрактнікаў. 58% рэспандэнтаў не лічаць, што Беларусь павінна падтрымліваць Расію і адпраўляць ва Украіну салдат. 56% перакананыя, што ў вайне паміж Расіяй і Украінай Беларусь павінна займаць нейтральную пазіцыю. Удзел у гэтай вайне – катастрофа для Беларусі. Так думаюць 57% удзельнікаў апытання. І 79% выказаліся за тое, што беларускія салдаты тэрміновай службы не павінны гінуць у гэтай вайне.

— Падсумоўваючы, мы можам сказаць, што ідэя аб падтрымцы Крамля ў тады яшчэ магчымай вайне супраць Украіны не карыстаецца папулярнасцю сярод беларусаў, — гаворыць Рыгор Астапеня.

Сацыёлагі таксама параўналі цяперашняе стаўленне беларусаў да вайны з Украінай з тым, што было ў 2014 годзе. Тады НІСЭПД рабіў даследаванне, якое паказала такія ж самыя настроі ў беларускім грамадстве: беларусы лічылі, што наша краіна не павінна браць удзел у вайне паміж Расіяй і Украінай.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: