Яны пра нас: Беларусь падышла да чырвонай лініі

Вяртанне пратэстаў, удзел Мінску ва ўкраінскім канфлікце і іншыя падзеі, якія тычацца Беларусі, у аглядзе замежныя медыя.  

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

«У Мінску бліжэй да вечара група дэманстрантаў сабралася ля будынка Генеральнага штаба, але іх вельмі хутка разагналі, шмат каго затрымалі. Уявіце, што паўтара года ўлады не дапускалі ніякіх пратэстаў ці пікетаў! Тое, што людзі выйшлі на вуліцу, сведчыць: беларускае грамадства застаецца расколатым, непрыманне палітыкі Лукашэнкі захоўваецца. Пры гэтым трэба адзначыць, што перад намі паўстае вельмі жорсткая антырасійская Беларусь. Яшчэ два гады таму сімпатыі да Расіі былі высокія. Сёння настроі ў грамадстве мяняюцца. Апазіцыя прычыны свайго правалу перанесла на Маскву».

Новые известия (Расія)


«Самым кепскім варыянтам для балтыйскіх рэспублік стала б беларуская версія аншлюсу. Беларусь паступова аддае свой суверэнітэт Расіі, і хуткасць гэтага працэсу нарастае. У сувязі з гэтым Літва патрабуе ўвесці яшчэ больш жорсткія санкцыі ў тым ліку супраць Мінска, а найперш заблакаваць экспарт калійных угнаенняў, гандаль якімі дазваляе рэжыму Лукашэнкі трымацца на плаву ў фінансавым плане. Гэта цалкам рэальна, бо пакупнікі знаходзяцца ў тым ліку на Захадзе».

Polityka (Польшча)


«Крэмль накіраваў сігнал іншым суседнім дзяржавам, дэманструючы, што яны не могуць разлічваць на дапамогу Захаду і застануцца ў сферы расійскіх уплываў, якія працягваюць пашырацца. Прыклад Беларусі, а цяпер і Казахстана, паказвае, што ў ход ідзе адзін і той жа сцэнар. Элемент сцэнару — стварэнне ўражання, што толькі расійская дапамога дае гарантыі бяспекі кіраўніцтву тых ці іншых краін і дазволіць пазбегнуць адказнасці за свае дзеянні. Гарантыі недатыкальнасці ўжо напэўна атрымаў Лукашэнка, на яе таксама разлічваюць былы і дзейны прэзідэнты Казахстана: Назарбаеў і Такаеў».

Defence 24 (Польшча)


«Краіна моцна палярызаваная. Масавыя пратэсты 2020-га ўспыхнулі не на пустым месцы — сфармавалася крытычная маса незадаволеных людзей. Пры ўсёй сімпатыі да Аляксандра Рыгоравіча жнівень–2020 — гэта яго «заслуга». Іншая справа, што пратэставы рух імкліва вырадзіўся, набыў нейкія карыкатурныя формы. Не варта накладваць на сітуацыю ў Беларусі простыя трафарэты. Ёсць прыхільнікі Лукашэнкі, якія шчыра выступаюць за паўнавартасную Саюзную дзяржаву з Расіяй. Аднак ёсць і тыя, для каго РФ па-ранейшаму застаецца недружалюбнай, «драпежніцкай» дзяржавай. Проста яны на гэтым не акцэнтуюць увагу. На ўмоўна апазіцыйным полі розныя настроі».

Свободная пресса (Расія)


«Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што рэжым Лукашэнкі ўжо стаў часткай расійскай вайсковай аперацыі, нягледзячы на тое, што ўлады пакуль гэта адмаўляюць. Адбываецца парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі, напрыклад, перад Украінай, і самога Канстытуцыйнага ладу. Пытанне цяпер у тым, ці будуць беларускія Узброеныя Сілы выкарыстаныя ў агрэсіі. На сённяшні дзень Беларусь ужо падышла да чырвонай лініі. Калі Узброеныя Сілы будуць выкарыстаныя, то яна яе пяройдзе і наступіць кропка невяртання».

ВПС (Вялікабрытанія)


«Беларусы, заціснутыя рэпрэсіямі ўжо год, не мелі магчымасці збірацца на вуліцы нават невялікімі групамі, бо адразу ж адпраўляліся ў СІЗА на шмат сутак, ці нават траплялі пад крымінальныя артыкулы. Напярэдадні нядзелі ўлады актыўна заклікалі грамадзян прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць на рэферэндуме. Беларусы скарысталіся з гэтага, каб сабрацца разам і выказаць пратэст палітыцы ўлады.

Цяпер яны пратэстуюць не толькі супраць рэферэндуму, знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе, але і супраць таго, што ён падтрымлівае дзеянні Расіі ва Украіне».

Независимая газета (Расія)