311-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны: дроны замест ракет, новая мабілізацыя і тры тысячы палонных
Расказваем, з чаго пачынаецца апошні дзень гэтага года ва Украіне.
***Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) паведаміла, што рэзервовая лінія электраперадач, якая забяспечвае Запарожскую атамную электрастанцыю, была пашкоджана ў выніку абстрэлу ўвечары 29 снежня, апошняя прыдатная рэзервовая лінія ЗАЭС «Ферасплаўная 1» магутнасцю 330 кілавольт была адключаная ад знешняй ЛЭП. «Эксперты МАГАТЭ паведамілі, што чулі гучныя выбухі, якія, як мяркуецца, прагучалі ў некалькіх сотнях метраў ад аб'екта, у раёне воднага канала, які злучае суседнюю Запарожскую цеплаэлектрастанцыю з Дняпром», — заявілі ў агенцтве.
Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі настойвае, што пашкоджаную лінію «важна аднавіць як мага хутчэй»: «Любыя ваенныя дзеянні, якія патэнцыйна нясуць небяспеку для ядзернай бяспекі і цэласнасці ўкраінскіх атамных электрастанцый, павінны быць неадкладна спыненыя».
***На пачатку студзеня 2023 года Расія абвесціць ваеннае становішча і закрые межы для мужчын, заявіў кіраўнік Мінабароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у відэазвароце да расійскіх ваеннаабавязаных. Ён таксама заклікаў іх адказаць на пытанне, за што канкрэтна яны збіраюцца ваяваць у выпадку прызыву.
У ваенкаматах анексаванага Расіяй паўвострава Крым ужо складзеныя спісы асоб, якія падлягаюць мабілізацыі ў студзені 2023 года, паведаміў у Фэйсбуку Генеральны штаб УСУ.
***Расія пачала больш інтэнсіўна выкарыстоўваць баявыя дроны для нападу, вынікае са штодзённай зводкі «Інстытута вывучэння вайны» (ISW). Паводле падлікаў аналітыкаў, за апошнія два дні УС РФ задзейнічалі 39 беспілотнікаў, у ноч з 18 на 19 снежня — 30 дронаў «Shahed-131» і «Shahed-136», а 14 снежня — 13 дронаў.
Паводле ацэнкі ISW ад 10 снежня, узмацненне нападаў расійскіх Узброеных сіл з выкарыстаннем беспілотнікаў можа сведчыць пра тое, што РФ назапасіла больш БПЛА іранскай вытворчасці пасля трохтыднёвага перыяду (з 17 лістапада па 7 снежня), калі яны не выкарыстоўваліся, ці пра тое, што Расія атрымала ці чакае атрымання новай партыі беспілотнікаў з Ірана.
Між тым актыўнае выкарыстанне Расіяй дронаў для нападаў на крытычную інфраструктуру Украіны можа сведчыць і пра тое, што расійскія запасы высокадакладных ракет вычарпаліся, адзначаецца ў паведамленні інстытута.
***Упаўнаважаная па забеспячэнні правоў абаронцаў пры прэзідэнце Украіны Алена Вярбіцкая ў інтэрв'ю нямецкаму выданню RND паведаміла, што, паводле яе даных, цяпер у палоне ў Расіі знаходзяцца 3392 ўкраінскіх вайскоўцаў. Яна ўдакладніла, што гэтую лічбу назваў расійскі бок. Яшчэ больш за 15 тысяч чалавек, у тым ліку грамадзянскіх асоб, лічацца зніклымі без вестак.
Яна адзначыла, што Расія не дае Чырвонаму Крыжу доступ да лагераў для ваеннапалонных, сістэматычна парушаючы Жэнеўскую канвенцыю. «А калі супрацоўнікі МКЧК атрымліваюць доступ, затрыманых адразу пераводзяць у іншыя месцы, каб выклікаць новую нявызначанасць», – дадала Вярбіцкая.
***За мінулыя суткі расійцы нанеслі па Украіне 5 ракетных і 29 авіяўдараў. Акрамя таго, было здзейснена 80 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Выведка Вялікабрытаніі не выключае, што Расія ў бліжэйшыя дні нанясе новы ўдар па Украіне, каб падарваць маральны дух насельніцтва ў перыяд навагодніх святаў. Брытанскія выведнікі ў сваёй справаздачы нагадваюць, што 29 снежня 2022 года расійцы нанеслі чарговую хвалю далёкіх удараў па Украіне, нацэліўшыся на яе аб'екты энергетыкі.
Аналітыкі звяртаюць увагу, што з кастрычніка Расія выконвае нейкую схему нанясення інтэнсіўных удараў кожныя 7-10 дзён. Гэта робіцца для таго, каб здушыць ўкраінскую сістэму СПА.
***У Генеральным штабе Узброеных Сіл Украіны пацвердзілі паражэнне УС РФ 29 снежня ў раёне Фёдараўкі на Херсоншчыне, там было ліквідавана каля 200 расійскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, паблізу Палогаў і Вялікай Белазеркі Запарожскай вобласці былі параненыя 115 салдатаў расійскай арміі, знішчана 5 адзінак ваеннай тэхнікі рознага тыпу, зенітны ракетны комплекс і склад боепрыпасаў. Таксама падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі Сіл абароны разбілі пункт кіравання, 7 раёнаў засяроджвання жывой сілы і ваеннай тэхнікі Расіі, 5 складоў боепрыпасаў, а таксама 2 радыёлакацыйныя станцыі захопнікаў.