940-вы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы ведалі загадзя пра планы УСУ па наступе на Курскую вобласць
Расія працягвае абстрэльваць мірныя ўкраінскія тэрыторыі. У выніку «прылётаў» па некаторых рэгіёнах Украіны ёсць ахвяры.
***
Расійскае ваеннае камандаванне меркавала, што Украіна можа пачаць сваю аперацыю ў Курскай вобласці РФ і на працягу некалькіх месяцаў распрацоўвала планы па яе прадухіленні, піша «The Guardian» са спасылкай на дакументы, якія ўкраінская армія канфіскавала з пакінутых расійскіх пазіцый у гэтым рэгіёне.
Выданне піша, што яго журналісты напрыканцы жніўня сустрэліся з украінскім спецназам, які захапіў расійскія дакументы. Сярод канфіскаванага з будынкаў у Курскай вобласці — расійскія дакументы МУС, ФСБ і войска. Журналісты мелі магчымасць праглядзець іх і сфатаграфаваць.
Выданне адзначае, што не змагло самастойна праверыць сапраўднасць дакументаў, але пры гэтым падкрэслівае, што «яны маюць прыкметы сапраўднай расійскай ваеннай камунікацыі».
Гэтыя расійскія дакументы ўтрымліваюць шматмесячныя папярэджанні пра магчымы наступ украінскіх войскаў, а таксама сведчаць пра занепакоенасць адносна маральнага духу расійскіх вайскоўцаў.
Некаторыя з дакументаў — гэта раздрукаваныя загады, разасланыя розным падраздзяленням, а іншыя — рукапісныя журналы, якія фіксуюць падзеі і праблемы на канкрэтных пазіцыях. Самыя раннія запісы датаваныя канцом 2023 года, тады як самыя свежыя дакументы — усяго за шэсць тыдняў да таго, як Украіна пачала наступ на Курскую вобласць 6 жніўня.
Дакументы ў асноўным паходзяць з падраздзяленняў 488-га гвардзейскага мотастралковага палка УС РФ, у прыватнасці, з 2-й роты яго 17-га батальёна.
«Наступ Украіны на Куршчыну заспеў знянацку заходніх партнёраў Кіева і многіх прадстаўнікоў украінскай эліты, паколькі планаваннем аперацыі займалася вельмі невялікая колькасць людзей. Але расійскія ваенныя дакументы ўтрымліваюць шматмесячныя папярэджанні пра магчымае ўварванне ў гэты раён і спробу захапіць Суджу, горад з насельніцтвам 5 000 жыхароў, які ўжо больш за месяц знаходзіцца пад украінскім кантролем», – піша «The Guardian».
У прыватнасці, пра «магчымасць прарыву на дзяржаўнай мяжы» з боку ўкраінскіх узброеных фарміраванняў гаварылася яшчэ ў паведамленні ад 4 студзеня. Тады ж расійскім войскам загадвалі ўзмацніць вучэнні для падрыхтоўкі да адбіцця любога нападу.
19 лютага камандзіраў расійскіх падраздзяленняў папярэдзілі пра планы Украіны адносна «хуткага прарыву з Сумскай вобласці ўглыб расійскай тэрыторыі на глыбіню да 80 км з мэтай стварэння чатырохдзённага "калідора" да прыбыцця асноўных падраздзяленняў украінскай арміі на бронетэхніцы».
У сярэдзіне сакавіка расійскія памежныя падраздзяленні атрымалі загад узмацніць абарончыя рубяжы і «арганізаваць дадатковыя заняткі» ў рамках падрыхтоўкі да трансгранічнай атакі з боку Украіны.
«У сярэдзіне чэрвеня было больш канкрэтнае папярэджанне пра ўкраінскія планы ў кірунку Юнакоўка – Суджа з мэтай узяцця пад кантроль Суджы», што сапраўды адбылося ў жніўні. Таксама было прадугледжана, што Украіна паспрабуе разбурыць мост праз раку Сейм, каб перапыніць расійскія лініі забеспячэння ў рэгіёне, што пасля і адбылося. У чэрвеньскім дакуменце наракалі на тое, што расійскія падраздзяленні, дыслакаваныя на фронце, «укамплектаваныя ў сярэднім толькі на 60-70% і ў асноўным складаюцца з рэзервістаў са слабай падрыхтоўкай», – піша «The Guardian».
Выданне нагадвае: калі 6 жніўня пачаўся наступ украінскіх войскаў, то многія расійскія салдаты пакінулі свае пазіцыі і за тыдзень Украіна цалкам узяла пад кантроль Суджу. Таксама падчас хаатычнага адступлення расійцаў украінскія войскі ўзялі ў палон сотні салдат, многія з якіх былі «тэрміновікамі».
«The Guardian» піша, што атрыманыя дакументы даюць уяўленне пра расійскую тактыку цягам апошняга года. У адным з загадаў гаварылася пра неабходнасць стварыць акопы і пазіцыі з макетамі танкаў і манекенамі салдат, каб збіць з панталыку ўкраінскія выведвальныя беспілотнікі. Таксама паказвалася, што на гэтыя пазіцыі трэба адправіць некалькі салдат, каб яны распальвалі вогнішчы ноччу, хадзілі з паходнямі і перамяшчалі час ад часу манекены. Акрамя таго, расійцы павінны былі стварыць радыёперамовы пра гэтыя пазіцыі з мэтай іх перахопу.
Выданне падкрэслівае, што пакуль незразумела, ці былі такія пазіцыі калі-небудзь створаныя. Аператары ўкраінскіх выведвальных беспілотнікаў, якія працавалі ў гэтым раёне, паведамілі «The Guardian», што не бачылі аніякіх доказаў існавання такіх пазіцый.
У сакавіку ў расійскіх дакументах паведамлялася, што пачасціліся выпадкі, калі ўкраінскія дыверсійныя групы маскіраваліся для працы ў тыле расійскіх войскаў, апранаючы расійскую форму. Каб прадухіліць гэта, у расійскіх камандзіраў патрабавалі ўвесці ў войсках выкарыстанне пэўных апазнавальных знакаў «варыянту №6», якія павінны былі мацавацца з дапамогай празрыстай стужкі.
Таксама гэтыя дакументы сведчаць пра сур'ёзныя праблемы з маральным духам расійцаў на фронце. У прыватнасці, у іх згадваюцца самагубствы расійскіх салдат.
Акрамя таго, з іх вынікае, што камандзіры расійскіх падраздзяленняў атрымалі ўказанні забяспечыць штодзённы прагляд салдатамі расійскіх дзяржаўных СМІ для падтрымання іх «псіхалагічнага стану».
***
На думку аналітыкаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), Крэмль нарошчвае вытворчасць беспілотнікаў на фоне намаганняў паказаць кампенсацыю сацыяльных і эканамічных наступстваў вайны ва Украіне.
«Крэмль працягвае сігналізаваць аб сваёй прыхільнасці да ўдасканалення расійскіх аперацый з выкарыстаннем беспілотнікаў ва Украіне і магчымасцей вытворчасці беспілотнікаў на фоне намаганняў, накіраваных на кампенсацыю сацыяльных і эканамічных наступстваў працяглай расійскай вайны».
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін сустрэўся з ваенна-прамысловай камісіяй Расіі 19 верасня і абмеркаваў бягучыя намаганні па павелічэнні вытворчасці расійскіх беспілотнікаў.
Ён прызнаў, што беспілотнікі з'яўляюцца неад'емнай часткай сучаснай вайны і што вайна Расіі ва Украіне яшчэ больш пацвердзіла гэтую ацэнку.
Пуцін заявіў, што расійскія кампаніі паставілі войскам РФ блізу 140 000 беспілотнікаў у 2023 годзе, і сцвярджаў, што Расія плануе павялічыць вытворчасць беспілотнікаў у дзесяць разоў (да 1,4 мільёна беспілотнікаў) у 2024 годзе.
Кіраўнік Крамля падкрэсліў, што Расія павінна «паслядоўна» нарошчваць свае магчымасці па вытворчасці беспілотнікаў і павышаць эфектыўнасць БПЛА расійскай вытворчасці, каб задаволіць патрэбы расійскіх вайскоўцаў.
Ён таксама высока ацаніў прыватныя ініцыятывы па вытворчасці беспілотнікаў.
Пуцін адзначыў, што прыватныя беспілотнікі «не саступаюць» беспілотнікам, вырабленым дзяржаўнымі абароннымі кампаніямі і што Міністэрства абароны Расіі нібыта старанна выпрабоўвае ўсе мадэлі дронаў перад тым, як перадаць іх расійскім войскам на фронт.
Расследаванне DW, аднак, выявіла доказы таго, што некаторыя расійскія нерэгулярныя сілы могуць выпрабоўваць нядаўна распрацаваныя беспілотнікі падчас удараў па ўкраінскім грамадзянскім насельніцтве, магчыма, для паскарэння выпрабаванняў.
Эксперты дадаюць, што расійскія блогеры пастаянна скардзяцца на нізкую якасць дзяржаўных беспілотнікаў і часта хваляць прыватныя ініцыятывы па вытворчасці БПЛА, называючы іх больш эфектыўнымі.
«Заявы Пуціна пра тое, што Расія плануе павялічыць вытворчасць беспілотнікаў да 1,4 мільёна адзінак у 2024 годзе, крыху ніжэй, чым запланаваныя тэмпы вытворчасці беспілотнікаў ва Украіне ў 2024 годзе.
Намесніца міністра па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Украіны Ганна Гвоздзяр у сакавіку 2024 года адзначыла, што Украіна мае намер вырабіць два мільёны беспілотнікаў ў 2024 годзе, а ўкраінскія чыноўнікі неаднаразова падкрэслівалі, што Украіна дае прыярытэт мадэрнізацыі і пастаяннай распрацоўцы новых беспілотнікаў для задавальнення патрэб украінскіх вайскоўцаў».
***
За мінулыя суткі на 11 кірунках фронту адбылося 226 баявых сутыкненняў, расійскія войскі актыўна штурмавалі Пакроўскі і Курахоўскі кірункі, дзе абаронцы адбілі 41 і 63 атакі агрэсара.
Сілы абароны Украіны «адмінусавалі» за мінулыя суткі 1 340 захопнікаў, 39 ББМ, 35 артылерыйскіх сістэм і 20 танкаў, паведаміў Генштаб УСУ ў Facebook. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 20.09.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 639 480 (+1 340) чалавек;
- танкаў — 8 725 (+20) адз.;
- баявых браніраваных машын — 17 132 (+39) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 18 212 (+35) адз.;
- РСЗА — 1189 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 949 (+2) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 15 469 (+52) адз.;
- крылатых ракет — 2 593 (+1) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 898 (+59) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 115 (+6) адз.
У ноч на 20 верасня расійскія акупанты атакавалі Украіну некалькімі ракетамі і запусцілі сем дзясяткаў дронаў камікадзэ, супрацьпаветраная абарона знішчыла 61 варожы БпЛА і адну кіраваную авіяцыйную ракету.
Расійцы атакавалі Данецкую вобласць трыма ракетамі неўстаноўленага тыпу, Днепрапятроўскую — кіраванай авіяцыйнай ракетай «Х-59» з паветранай прасторы часова акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці, а таксама 70-цю ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» (раёны пускаў: Прыморска-Ахтарск, Курск, Ейск — РФ).
Да адбіцця нападу праціўніка прыцягваліся авіяцыя, зенітныя ракетныя войскі, мабільныя агнявыя групы і падраздзяленні РЭБ Сіл абароны Украіны.
У выніку актыўнага процідзеяння Сіл абароны дзевяць варожых беспілотнікаў лакальна страчаны ў некалькіх рэгіёнах Украіны (інфармацыя пра пацярпелых або разбурэнні не паступала).
Супрацьпаветраная абарона працавала ў Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Вінніцкай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Сумскай, Палтаўскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Хмяльніцкай, Мікалаеўскай, Адэскай і Херсонскай абласцях.
***
Расійская армія раніцай 20 верасня абстраляла сяло Шастакова Чугуеўскага раёна Харкаўскай вобласці. Пацярпелі двое мужчын.
«Паводле звестак следства, 20 верасня блізу 8:00 Узброеныя сілы РФ абстралялі сяло Шастакова Чугуеўскага раёна.
Пашкоджаны будынкі сельскагаспадарчага прадпрыемства, адбыўся пажар. Атрымалі раненні двое супрацоўнікаў: мужчыны ва ўзросце 30 і 34 гадоў».
Паводле папярэдніх звестак, расійскае войска ўдарыла па населеным пункце з РСЗА «Тарнада-С», — паведамляе Харкаўская абласная пракуратура.
***
У Херсонскай вобласці за раніцу 20 верасня загінуў чалавек, яшчэ 5 атрымалі раненні.
«Уначы пад ударамі акупантаў аказалася сяло Благавешчанскае Херсонскай грамады. Пацярпеў 35-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў двары дома», — напісаў кіраўнік Херсонскай АВА Раман Мрочка.
Пасля ў Кіндзейцы праз скід выбухоўкі з расійскага дрона атрымалі выбуховыя траўмы і аскепкавыя раненні ног мужчыны 62 і 64 гадоў.
Каля 10:30 расійскія вайскоўцы атакавалі з дрона аўтамабіль у Херсоне.
У выніку скіду выбухоўкі 60-гадовы мужчына атрымаў выбуховую траўму, множныя аскепкавыя раненні галавы, тулава, рукі і нагі.
Пасля ў абласной ваеннай адміністрацыі паведамілі, што расійскія войскі абстралялі Херсон, траўмы, несумяшчальныя з жыццём, атрымаў 27-гадовы мужчына, які ў момант абстрэлу знаходзіўся на вуліцы.
У 14:19 у АВА паведамілі пра яшчэ аднаго пацярпелага праз начны расійскі абстрэлу Благавешчанскага. У бальніцу звярнуўся 70-гадовы мужчына, які атрымаў выбуховую траўму і асколачнае раненне вока.
***
Расійскія войскі 20 верасня нанеслі ракетны ўдар па Адэсе. Чатыры чалавекі параненыя, пашкоджаная прыпартовая інфраструктура і грамадзянскае судна, паведаміў кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер.
«Абломкі, папярэдне, ракеты "Іскандэр-М" пашкодзілі прыпартовую і грамадзянскую інфраструктуру, а таксама грамадзянскае судна пад сцягам Антыгуа.
Чацвёра цывільных людзей параненыя. Ім аказваецца ўся неабходная дапамога».
***
Сёння днём расійскія вайскоўцы з артылерыі абстралялі Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці, паведаміла пракуратура рэгіёна.
У выніку цялесныя пашкоджанні атрымалі пяцёра мясцовых жыхароў — чатыры жанчыны ва ўзросце ад 60 да 88 гадоў і 57-гадовы мужчына. У пацярпелых дыягнаставаныя мінна-выбуховыя траўмы і аскепкавыя раненні, гаворыцца ў паведамленні аблпракуратуры.
Акрамя таго, у выніку абстрэлу пашкоджаныя фасады шматкватэрных дамоў, гандлёвыя павільёны, газаправод, крама, адміністрацыйны будынак, гараж, а таксама лінія электрасеткі і газаправод.