Аляксандр Фядута: Дыктатура ўмее чакаць

Інтэрнэт паказвае, што ў краіне засталося тры інфармацыйныя нагоды: мітынгі, хаджэнні па вуліцах і плошчах і забастоўкі. Больш не адбываецца нічога.

Аляксандр Фядута. Фота Еўрарадыё

Аляксандр Фядута. Фота Еўрарадыё

Менавіта ў гэтым зацікаўлена сёння дыктатура. Яна ведае, што не карыстаецца падтрымкай большасці. Яна ўбачыла, што прымяненне сілы толькі ўзмацняе апазіцыйнасць і мабілізуе людзей на пратэсты. Яна разумее, што страйкі не могуць доўжыцца вечна.
Таму яна чакае.
Наша дыктатура ўмее чакаць. Наколькі б ні знасіўся за мінулыя гады Аляксандр Лукашэнка, менавіта чаканне ўдаецца яму лепш за ўсё. І ён чакае. Чакае моманту інаўгурацыі, калі атрымае пасведчанне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пачне прызначаць усіх. Урад. Суддзяў. Дыпламатаў. І перш за ўсё — сілавых міністраў і генералаў. Апошняе для яго асабліва важна. Свежы генерал будзе дзейнічаць з асаблівай лютасцю, разумеючы: паражэнне яго гаспадара можа пацягнуць за сабой вяртанне яго самога ў ранейшы статус.


У гэты час абраная прэзідэнт Святлана Ціханоўская не прадпрымае нічога. Наогул нічога. Адзіная інфармацыя пра тое, чым яна займаецца, — інфармацыя пра дзень нараджэння яе мужа, які той праводзіць у зняволенні. Гэта яшчэ не заява аб колькасці спечаных катлет, але, як мне здаецца, ужо блізка.

Тым часам у Святланы Георгіеўны засталося, у лепшым выпадку, пяць дзён — да канца гэтага тыдня. Пасля гэтага страйкавы рух пачне захлынацца, не маючы ніякіх палітычных стымулаў акрамя патрабавання сысці ў адстаўку Аляксандра Лукашэнку, які імкліва страчвае легітымнасць, але не страчвае кантроль над сілавымі структурамі і дзяржаўным апаратам.
Калі вы спытаеце мяне, ці ёсць у Беларусі сёння хоць нейкі цэнтр улады, я скажу, што — не.
Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай большасці. Мы гэта бачылі па рэпартажы з яго сустрэчы з супрацоўнікамі МЗКЦ. Але ў бліжэйшы час ён імітуе масавую падтрымку, збіраючы мітынгі з ліку бюджэтнікаў у гарадах.
Ціханоўская мае гэтую падтрымку, але не ведае, як ёю распарадзіцца. У выніку створаная па яе закліку Каардынацыйая рада злёгку нагадвае грамадскую раду пры буйным тэатры: ва ўсіх будзе сваё меркаванне, але спектакль усё ж такі павінен ставіць рэжысёр, а вось з палітычнымі рэжысёрамі там дакладна напружанка. Я налічыў у лепшым выпадку чацвярых — пецярых чалавек, якія хоць бы разумеюць, што такое кіраванне дзяржавай. Але ў гэтай структуры ўсё роўна няма статусу, няма ўплыву, няма паўнамоцтваў. Ёсць назва і спіс.
Страйкамы ўяўлялі б сабой хоць нейкую ўладу на месцах, калі б аб'ядналіся ў структуры — гарадскія, абласныя, агульнанацыянальную. Але тое, што засталося ад лукашэнкаўскай улады, умее раз'ядноўваць. З буйных інфармацыйных рэсурсаў практычна ніхто не напісаў, напрыклад, пра тое, што некалькі дзён таму ў Любанскім СІЗА быў збіты буйны дзеяч незалежных прафсаюзаў Мікалай Зімін. Асуджаныя вядомыя дзеячы незалежных прафсаюзаў Максім Серада і Сяргей Гурло. Гэта, вядома, менш цікава журналістам, чым звальненне калектыву Купалаўскага тэатра, але гэта паказальна: ліквідавалі тых, хто мог арганізаваць працоўны пратэст. Стыхія жа захлынецца. Калі? Дыктатура пачакае.
Паказальна, што ў Каардынацыйную раду не ўключаны ні адзін дзеючы прафсаюзнік або актывіст страйкаму. Мы ўступаем у царства эльфаў. Каардынаваць дзейнасць стачкамаў няма каму, а дзяржаўны апарат, зразумела, на думку кіраўнікоў гэтай незразумелай Рады, можна будзе зачараваць ігрой на флейце. Як факір зачароўвае кобру.
Прамаруджванне дэмакратычных сіл смерці падобна.
А дыктатура ўмее чакаць.
Аляксандр Фядута belsat.eu