«Что же будет с родиной и с нами?»
Пытанне з'яўлення новай Беларусі — пытанне часу. Ужо не такога
далёкага часу. Сістэма хавае сама сябе пад акампанемент гумовых куль і стук
дручкоў аб шкло спыненых аўтамабіляў. Трэба думаць пра тое, што будзе заўтра.
Яшчэ ў сакавіку, калі верыць чуткам, у асяроддзі Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне наконт магчымасці яго невылучэння на новых выбарах. Пытанне пераемніка. Кажуць, што ў якасці патэнцыйнага кандыдата часцей за ўсё фігуравала ў гэтых размовах Наталля Качанава — разумная, дасведчаная, якая карыстаецца даверам першай асобы.
Але нешта здарылася. Магчыма, спрацаваў вечны недавер Лукашэнкі да тых, хто мог — хаця б тэарэтычна — прэтэндаваць на яго месца. Памятаеце яго нечаканую заяву аб тым, што жанчыну-камандуючага ён сабе не ўяўляе? Гэта не было сказана на адрас Ціханоўскай, якая яшчэ не была "па факце адзіным кандыдатам". Гэта быў адказ тым, хто працягваў настойваць на Качанавай.
А далей мы ўсе бачылі, што адбывалася. І чулі клятвы Наталлі Іванаўны ў тым, што будзе яна з гэтым прэзідэнтам да канца. Яна, праўда, не ўдакладняла, што маецца на ўвазе пад канцом, калі ён наступіць, і што яна будзе рабіць у гэты момант і пасля. А цяпер “пераемніцы”, якой яна так і не стала, і зусім не чуваць. Добра гэта ці дрэнна — мы не можам ведаць…
У любым выпадку, маем тое, што маем. Заўтра, 14 жніўня, Цэнтрвыбаркам збіраецца абвясціць афіцыйныя вынікі выбараў. У гэты ж дзень будзе праходзіць пасяджэнне Рады Еўрапейскага Саюза, на якое нашы бліжэйшыя суседзі, Польшча і Літва, як можна здагадвацца, усё ж такі вынесуць «беларускае пытанне». І калі першае «абвяшчэнне» вынікаў мы можам прагназаваць, то з другім цяжэй. Так, з Літвой у нас цяпер вельмі напружаныя адносіны ў сувязі з планаваным уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС. Але з Польшчай, некалькі міністраў замежных спраў таму, кантакты былі незвычайна цёплыя. Наш Уладзімір Макей быў вельмі эфектыўны па частцы прыдумляння страшылак і ў пераконванні партнёраў у тым, што прыйдзе Крэмль, захопіць сінявокую Беларусь — і ўсё будзе проста жахліва. А цяпер вось нават гэта не дзейнічае.
«Что же будет с родиной и с нами?» — дазволю я сабе працытаваць песню Юрыя Шаўчука.
Сапраўды, што?
Сёння — ва ўсякім выпадку, тады, калі я пішу гэтыя радкі, — пратэсты супраць масавых фальсіфікацый вынікаў галасавання працягваюцца. Усё больш людзей абураныя відавочным, хамскім грэбаваннем іх пазіцыяй і выкраданнем іх голасу. Гаворка зусім не ідзе пра неадкладнае ўзыходжанне Святланы Ціханоўскай —урэшце, пад дручкі і гумовыя кулі (у Брэсце была ўжытая ўжо і табельная зброя) падстаўляюцца не за добрую матухну-царыцу, а за прынцыпы. І наколькі моцным будзе эфект ад чарговага маналогу Лідзіі Ярмошынай, ніхто прадказаць не бярэцца. Але ў тым, што ён будзе, сумненняў ужо няма.
Паказальная пазіцыя Масквы. Беларускае кіраўніцтва так доўга палохала народ сваёй краіны ўмяшаннем Крамля ва ўнутраныя справы (адносна доўга — прыкладна з зімы 2018–2019 гг.), што цяпер нават звярнуцца па дапамогу "ў навядзенні канстытуцыйнага парадку" не можа. Дазволю сабе чарговым разам працытаваць Дзмітрыя Мядзведзева, які заявіў у самым пачатку беларускай перадвыбарнай кампаніі: каго абярэ беларускі народ, з тым Расія і будзе працаваць. І вось цяпер пайдзі і дакажы Мядзведзеву (і не толькі, як мы разумеем, яму), што народ абраў менавіта цябе, калі ты толькі і робіш, што «мочыш» гэтых самых выбаршчыкаў дручкамі АМАПу.
Паказальная пазіцыя і ўласных чыноўнікаў і сілавікоў. Усе яны добра разумеюць: збегчы з краіны ў выпадку, калі пратэсты дасягнуць рэальна высокага ўзроўню, змогуць хіба што "генералы" — і ў пагонах, і палітычныя. А ўсе гэтыя шматлікія намеснікі старшыні райвыканкамаў, дырэктары і галоўныя спецыялісты дзяржпрадпрыемстваў — і нават некаторыя міністры — будуць проста кінутыя вышэйшай уладай на волю лёсу і паўсталага народа, які закіпае ўсё больш і больш па меры размахвання АМАПу дубінкамі. Што будзе з імі?
Што будзе з дэпутатамі ўсіх узроўняў, якія маўчаць і чакаюць, хто і на якіх умовах зможа зафіксаваць сваю перамогу? Так, Лукашэнка за столькі гадоў пабудаваў амаль ідэальную сістэму ўтрымання ўлады (узурпацыі яе). Але цяпер на вачах надыходзіць фінал гэтай сістэмы, яе распад. Хто з гэтых людзей паспеў скрасці столькі грошай, каб мець магчымасць — як атачэнне Віктара Януковіча — пражыць рэшту жыцця на віле ў Еўропе або на дачы ў блізкім Падмаскоўі? Якая краіна, такая і карупцыя. Няма ў іх гэтых грошай. Драбязою кралі. А таму і гінуць за вялікага і мудрага правадыра наўрад ці яны захочуць.
Пытанне з'яўлення новай Беларусі — пытанне часу. Ужо не такога далёкага часу. Сістэма хавае сама сябе пад акампанемент гумовых куль і стук дручкоў аб шкло спыненых аўтамабіляў. Трэба думаць пра тое, што будзе заўтра. Што будзе заўтра — і з Радзімай, і з намі? Бо беларусы не ў стане дэпартаваць палову краіны на Марс ці нават у Сібір. Няма ў нас Сібіры, ды і экспедыцыю на Марс ніякай Мясніковіч не паспеў запланаваць. Вырашаць усе праблемы прыйдзецца тут і цяпер. Заўтра. Сёння. Учора.