Дзень народзінаў пад сценамі Валадаркі (фота, відэа, абноўлена)
Сёння, 18
жніўня, свой 42-гі дзень народзінаў адзначае вядомы
блогер і прадпрымальнік Сяргей Ціханоўскі. Павіншаваць яго людзі збіраюцца пад вокнамі Валадаркі.

Падыходы да турмы свабодныя, дарогі не перакрытыя, хаця побач заўважана машына ДАІ.
Сябры штаба Святланы Ціханоўскай прывезлі да СІЗА вялікія белыя і чырвоныя шары.


Да шароў прывязваюць тапкі — сімвал своеасаблівы лозунга Ціханоўскага "Стоп таракан!"


На гукаўзмацняльнай апаратуры ўключаюць песню "Стены рухнут", якая стала своеасаблівым перадвыбарчай сімвалам кампаніі Святланы Ціханоўскай. Людзі спяваюць усе разам.
Таксама гучыць песня гурта "Ляпіс Трубецкой" "Не быць скотам!" на словы Янкі Купалы.
Пасля некалькіх песень, якія сталі сімвалам змагання, людзі спелі "Пусть бегут неуклюже пешеходы по лужам".

Людзі праспявалі "Муры" па-беларуску, скандуюць "Свабоду!", "Сяргей, з Днём нараджэння!", падыходзяць да вольнага мікрафона, віншуюць вязня, а таксама заклікаюць беларусаў не маўчаць і працягваць змаганне за свабоду.

Ахвотныя могуць падпісаць паштоўкі з віншаваннямі для Сяргея Ціханоўскага.
Дарэчы, ёсць хуткі і недарагі спосаб павіншаваць Сяргея Ціханоўскага. З хатняга тэлефона з 7.00 да 22.00 трэба набраць нумар 166 і надыктаваць тэкст тэлеграмы. Каштуе яна ўсяго 0,04 рубля за слова, але гэта дарагога варты чын салідарнасці. Тэлеграму адпраўляйце на адрас: горад Мінск, 220050, следчы ізалятар №1, вул. Валадарскага, 2, Ціханоўскаму Сяргею Леанідавічу.
Павіншаваць палітвязня агулам прыйшло больш за сто чалавек.
Не забудзьцеся і пра іншых палітвязняў. Так, 12 жніўня за кратамі свой дзень народзінаў адзначыў іншы лідар вулічных пратэстаў Мікола Статкевіч: ён таксама зняволены на ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Там знаходзяцца і яшчэ цэлы шэраг палітвязняў, у тым ліку гэтай выбарчай кампаніі. Поўны спіс палітвязняў – тут. https://palitviazni.info/vid/z-pazbaulenniem-voli Асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах, у тым ліку палітык Павел Севярынец, які не адзін свой дзень народзінаў адзначыў у зняволенні, утрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама па адрасе: завулак 1-ы Акрэсціна 36, Мінск, 220089.
Пішыце лісты падтрымкі!