Аналітык: Расіяне спецыяльна вядуць агонь па мірных жыхарах, каб прымусіць іх пакідаць свае дамы

Польскі даследчык перакананы ў тым, што Пуцін хоча штучна стварыць у Еўропе найбольшы міграцыйны крызіс з часоў Другой сусветнай вайны.

anna-news.info

anna-news.info

Мэта Уладзіміра Пуціна — не толькі захапіць Украіну, але таксама стварыць у Еўрасаюзе грамадскае напружанне. Расійскі дыктатар хоча стварыць у Еўропе сур’ёзны міграцыйны крызіс — найбольшы з часоў Другой сусветнай вайны. Такое меркаванне ў інтэрв’ю парталу wp.pl выказаў намеснік дырэктара «Цэнтра ўсходніх даследаванняў» Войцех Каноньчук.

Паводле спецыяліста, асноўная мэта Пуціна — хуткі захоп Украіны, — не была рэалізаваная. Таму ён спрабуе знайсці дадатковыя рычагі ціску на Еўропу і ў якасці свайго роду зброі выкарыстоўвае бежанцаў. Каб прымусіць людзей уцякаць і пакідаць свае дамы Расія абстрэльвае мірных жыхароў. Гэтыя абстрэлы ўзмацніліся ў апошні час.

«Гэта не адбываецца выпадкова ці памылкова, як сцвярджаюць расіяне. Гэта — запланаваная злачынная аперацыя, мэта якой — запужаць мірнае насельніцтва і прымусіць як мага найбольшую колькасць людзей уцякаць за мяжу», — перакананы Войцех Каноньчук. Дарэчы, такое ж меркаванне дэманструюць іншыя польскія і замежныя эксперты, паведамляе партал wp.pl.

Вайна ў Сірыі прымусіла 4-5 мільёнаў чалавек пакінуць свае дамы. Калі ваенныя дзеянні ва Украіне зацягнуцца, то нельга выключыць, што столькі ж людзей пакіне Украіну. Ужо цяпер з Украіны выехалі 2 мільёны чалавек, толькі ў адну Польшчу — больш за 1 мільён 200 тысяч.. Гэта колькасць бежанцаў, з якой не ў стане справіцца ні адна дзяржава, гаворыць Каноньчук.

Паводле www.polskieradio.pl