БНФ падала скаргі на фармаванне участковых камісій ва ўсе суды Мінску
Мінская гарадская арганізацыя Партыі БНФ падала скаргі на фармаванне ўчастковых выбарчых камісій ва ўсе дзевяць раённых судоў горада Мінску.
![narodny.org narodny.org](/img/v1/images/sud_18.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
narodny.org
Як паведамляе управа Партыі БНФ, агулам структуры БНФ вылучалі 194 прадстаўнікі ў склад выбарчых камісій участковага ўзроўню: праз партыйныя арганізацыі ў склад камісій было накіравана 109 прадстаўнікоў БНФ, яшчэ 85 чалавек былі вылучаныя ад мясцовых арганізацый грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне».
Аднак, у склад участковых камісій былі ўключаныя толькі тры прадстаўнікі Партыі БНФ, а астатнім было адмоўлена. У тым ліку ў Мінску раённыя адміністрацыі адмовілі ва ўключэнні ў склад участковых выбаркамаў усім 95 прадстаўнікам, якія вылучаліся ад БНФ – 44 ад Партыі БНФ і 49 ад грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне». У выніку ў Мінску няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі ва ўчастковых камісіях.
У скаргах, пададзеных у дзевяць раённых судоў Мінску, Партыя БНФ сцвярджае, што неўключэннем у склад камісіяў прадстаўнікоў партыі ўлады парушылі правы Партыі БНФ на ўдзел у выбарах, гарантаваныя часткай 1 артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях».
Першай будзе разгледжаная скарга на рашэнне пра фармаванне камісій ў Фрунзенскім раёне, якое атрымала вялікі грамадзкі рэзананс праз трансляцыю ў этэры перамоваў сябраў адміністрацыі датычна кандыдатур, што вылучаліся з ініцыятывы грамадсскасці насуперак жаданню адміністрацыі.
Разгляд скаргі Партыі БНФ на фармаванне ўчастковых камісій па Фрунзенскім раёне прызначаны ў Фрунзенскім раённым судзе на 29 чэрвеня, пачатак а 12.30, суддзя Алеся Гузоўская. Інтарэсы партыі ў судзе будзе прадстаўляць сябра Сойму Юрый Чавусаў.
Апроч дзевяці раённых судоў Мінску, скаргі на фармаванне ўчастковых камісій пададзеныя БНФ ў Віцебску, Гродне, Слоніме і ў іншых гарадах, дзе прадстаўнікоў БНФ не дапусцілі ў склад камісій. Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, суды павінныя разгледзець скаргі на фармаванне выбарчых камісіяў цягам трох дзён.
Агулам па ўсёй краіне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі патрапілі толькі шасцёра прадстаўнікоў апазіцыі – па тры чалавекі ад Партыі БНФ і БСДП «Грамада».
На мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе ва ўчастковыя камісіі было вылучана 96 прадстаўнікоў Партыі БНФ і 51 прадстаўнік Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне», аднак у склад камісій былі ўключаны толькі тры сябры БНФ. На мінулагодніх парламенцкіх выбарах улады ўключылі ва ўчастковыя камісіі толькі пяцёх з 250 вылучэнцаў ад БНФ.
Як адзначае намеснік старшыні БНФ Зміцер Салошкін, татальная зачыстка участковых камісій ад апазыцыі зьвязаная з памкненнем зрабіць немагчымым грамадскі кантроль за працэсам падрыхтоўкі выбараў і падліку галасоў:
«Як і на папярэдніх выбарах у 2015 годзе, улады цяпер таксама ўключылі ў камісіі толькі трох прадстаўнікоў БНФ. Гэта вельмі нізкі паказчык, вылучэнцы ад лаяльных уладам арганізацыяў уключаныя ў камісіі амаль на сто адсоткаў. Гэта сьведчыць пра тое, што сёлетнія выбары прэзідэнта адбудуцца ў закрытым ад грамадскасці рэжыме. Пры такіх абставінах мы не можам давяраць працы камісіяў, якія сфармаваныя ў складзе, цалкам падкантрольным выканаўчай уладзе», – сказаў Зміцер Салошкін.
Па выніках фармавання ўчастковых выбарчых камісій Управа БНФ прыняла заяву, у якой асуджае недэмакратычнае і несумленнае фармаванне ўчастковых выбарчых камісіяў, масавыя адмовы ва ўключэнні ў камісіі прадстаўнікам Партыі БНФ і ГА БНФ «Адраджэньне», іншых дэмакратычных партыяў ды рухаў, прадстаўнікам беларускага народу, якія вылучаліся праз подпісы грамадзянаў. «Гвалт, хлусня і маніпуляцыі — вось падмурак цяперашняй улады. Яна зусім не ставіць задачу атрымаць на гэтых выбарах падтрымку народу. Наадварот, яны цудоўна ведаюць пра адсутнасць такой падтрымкі з боку беларусаў – і таму фармуюць камісіі такім чынам», – гаворыцца ў заяве Управы БНФ.
narodny.org