Дракахруст: «Cітуацыя нагадвае першыя дні ўварвання. Калі здавалася, што Беларусь вось-вось уступіць у баявыя дзеянні»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары «Филину» падзяліўся меркаваннем, чаму ў атачэнні Лукашэнкі ўсё часцей гучыць слова «вайна».

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст. Фота: facebook.com

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст. Фота: facebook.com


— На нарадзе са старшынёй КДБ Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў вымавіў слова «вайна». Блізкі да яго телеграм-канал суправадзіў навіну драматычным загалоўкам «Калі не дай Бог вайна». Ці няма ў вас адчування, што сітуацыя і праўда абвастраецца? Што беларускі кіраўнік на самой справе рыхтуецца да вайны?
— Баюся, нешта ўсё ж наспявае. Я не кажу, што так і будзе, што гэта гарантавана. Гаворка пра тое, што верагоднасць гэтага вырасла. Мы бачым пэўную фактуру: ідзе цэлы каскад вайсковых вучэнняў — адно за адным, пры гэтым фактычна адпрацоўваюцца баявыя дзеянні.
Акрамя таго, створана новае аператыўнае камандаванне — Паўднёвае. Украінцы паведамляюць, што некаторыя беларускія вайсковыя часткі прыведзеныя ў баявую гатоўнасць. І ўсё гэта — канкрэтныя дзеянні.
Так, мэтай усяго гэтага, магчыма, з'яўляецца спроба адцягнуць украінскія сілы, дэзарыентаваць іх, а не ваяваць самім. Але ў дадзеным выпадку і для ўдзелу ў вайне былі б задзейнічаны тыя ж меры.
І ў гэтым сэнсе калі яшчэ месяц таму здавалася, што хутчэй не, то сёння, па адчуваннях, сітуацыя нагадвае першыя дні вайны. Калі здавалася, што Беларусь вось-вось уступіць у баявыя дзеянні.
Любому чалавеку цяпер відавочна, што апошняе, што збіраецца цяпер зрабіць НАТА ці Украіна — гэта напасці на Беларусь. Зразумела, што ніхто гэтага не будзе рабіць. Але не выключана, што Пуцін і Лукашэнка, ці нават проста Пуцін, прынялі такое рашэнне.
Мне складана апісваць нейкія сцэнары. Нагадаю пра інтэрв'ю Лукашэнкі «Associated Press», у якім ён сказаў пра транзіт з Польшчы праз заходнія вобласці Украіны. Маўляў, раз так, то чаму б яго і не перакрыць?
Не выключана, што беларуская армія і паспрабуе гэта зрабіць. Пры гэтым, што стане прычынай, падставай для такіх дзеянняў, не мае значэння, што-небудзь знойдзецца. У рэшце рэшт, што было казусам бэлі 24 лютага? Нічога.
Магчыма, і зараз будзе нешта падобнае. Лукашэнка зноў пакажа, «адкуль на нас рыхтаваўся напад». Нагода тут не мае значэння. Значэнне мае той факт, прынята рашэнне ці не.
І ўсе гэтыя моманты — нарады па КДБ, словы пра вайну — я вельмі асцярожна скажу, — могуць сведчыць пра тое, што рызыка удзелу беларускага войска ў вайне павысілася, нават у параўнанні з сітуацыяй месячнай даўніны.  
— Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў на днях заявіў, што варта было б нанесці агнявы ўдар па расійскіх войсках на тэрыторыі Беларусі — пры наяўнасці тэхнічных магчымасцей для гэтага. Якім можа быць кошт такіх заяў у сітуацыі, калі рызыка прамога сутыкнення ўзрастае?
— Ведаеце, як кажуць: «Няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны». Вы разумееце, у якой сітуацыі зараз знаходзяцца ўкраінцы — псіхалагічнай, палітычнай, экзістэнцыяльнай. Браць некаторыя рэчы пад увагу людзям складана.
Ваенны эксперт — гэта ваенны эксперт, ён не нясе нейкай адказнасці, ён не Вярхоўны галоўнакамандуючы.
Успомнім самы пачатак вайны, калі сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў заявіў (досыць асцярожна), што ВСУ могуць нанесці ўдар па аб'ектах расійскай ваеннай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі, калі такое рашэнне ўхваліць галоўнакамандуючы.
Розныя людзі могуць агучваць самыя розныя думкі, але мне ўсё ж здаецца, што палітычнае кіраўніцтва Украіны зыходзіць з таго, што рабіць гэтага не варта, бо і аднаго ўдару можа хапіць, каб яшчэ больш адкрыць гэтую скрыню Пандоры.
Я не выключаю, што такія заявы могуць выкарыстоўваць беларускія прапагандысты ці сам Лукашэнка. Маўляў, ва Украіне кажуць, што трэба напасці на Беларусь. Хто кажа, які эксперт? Няважна — «ва Украіне кажуць». А раз так кажуць, то, значыць, збіраюцца напасці. А раз збіраюцца напасці, то, лічы, ужо напалі. А раз напалі, то мы павінны даць адпор.
Безумоўна, калі будзе прынята адпаведнае рашэнне, то такія заявы будуць выкарыстаныя. Але трэба разумець, што гэта палітычнае рашэнне і яно ініцыятыўнае, а не рэакцыйнае (на нас напалі — мы адрэагавалі).
Пры гэтым, калі рашэнне будзе прынята не ўдзельнічаць, то нават калі нешта і адбудзецца, нейкі невялікі інцыдэнт на мяжы, гэта заўсёды можна праігнараваць. Калі, вядома, гэта не будзе шырокамаштабнае ўварванне з боку Украіны, што я асабіста ўсё ж выключаю.
І наадварот, калі рашэнне будзе прынята ўлезці ў канфлікт, то знойдзецца любая прычына. Усё тая ж несмяротная формула «а я вам пакажу...».
— Усё гэта гучыць трывожна.
— Так. І парадокс у тым, што адны і тыя ж дзеянні уладаў і вайскоўцаў можна трактаваць па-рознаму. І як падрыхтоўку да рэальнай вайны, і як спробы адцягнуць увагу ВСУ, дэзарыентаваць іх, але самім не ўцягвацца ў прамое сутыкненне.
Нагадаю, што напярэдадні вайны амерыканская выведка пайшла на дзіўны крок, калі агучыла сваю інфармацыю. І, мяркуючы па ўсім, гэта былі не толькі спадарожнікавыя здымкі, але і рэальная выведінфармацыя з Крамля.
Адносна Беларусі розныя эксперты разважаюць: будзе напад, не будзе. А амерыканцы маўчаць, хоць, я думаю, яны ведаюць адказ на гэтае пытанне. Але гэта не стрымала Пуціна, а Лукашэнку тым больш не стрымае. Таму гуляць з ім у такую адкрытасць ніхто не будзе. Так што мы даведаемся пра тое, што гэта адбылося, тады, калі гэта ўжо адбудзецца.