Еўрапарламент не прызнаў Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі
17 верасня на пасяджэнні сесіі Еўрапарламенту дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб Беларусі, у якой пацвердзілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і што пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Еўрапарламент не будзе лічыць яго прэзідэнтам.
Еўрапарламент рэкамэндаваў Еўракамісіі:
- павялічыць фінансаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі;
- замарозіць трансферы сродкаў Еўразвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам;
- спыніць пазыкі ўраду ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і ЕББР;
- арганізаваць канферэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў;
- прыпыніць з Беларуссю перамовы аб прыярытэтах еўрапейскага партнёрства;
- стварыць гуманітарны калідор і спрасціць выдачу візаў палітычным уцекачам і тым, хто мае патрэбу ў медычнай дапамозе пасля гвалту;
- распрацаваць у Еўропе адмысловую стыпендыяльную праграму для студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ з палітычных матываў;
- заклікаць не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе.
Еўрапарламент заклікаў таксама інстытуты Еўрасаюза і ўрады краін ЕС «вывучыць магчымасць пашырэння санкцыйнага спісу на прадмет уключэння расійскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».
Акрамя таго, у рэзалюцыі вітаецца дзейнасць Каардынацыйнай рады на чале са Святланай Ціханоўскай, названай "пераходным прадстаўніцтвам народа" і адкрытай да дыялогу з усімі палітычнымі і грамадскімі сіламі. Рэзалюцыя заклікае кіраўніцтва ЕС аказваць садзейнічанне Радзе, а таксама патрабуе неадкладнага вызвалення яе членаў, якія знаходзяцца пад вартай.
За рэзалюцыю прагаласавалі 574 дэпутатаў, супраць – 37, устрымаліся – 82 .