Ірпеньскія хронікі. Беларуска пра два тыдні пад абстрэлам
Памятаеце дзяўчыну, якая вязала БЧБ-шалік на плошчы Незалежнасці перад шэрагамі АМАПу ў жніўні 2020-га? Яна была вымушана з’ехаць ва Украіну, жыла ў Ірпені са сваім жаніхом, брала ўдзел у акцыях падтрымкі Беларусі ў Кіеве. Але прыйшла вайна. Кацярына «Nokt Aeon» Манкевіч, вакалістка гурта «DYMNA LOTVA», распавяла «Новаму Часу» пра тое, што не павінен перажыць ніхто.
З Беларусі я да апошняга з'язджаць не хацела, нават калі нам забаранілі выступы. Не хацела, нават калі забралі музыкаў з гурта «IRDORATH» і мне пачалі пісаць і казаць, што час надышоў — я таксама спявала і грала на пратэстах. Якога ляда я павінна кудысьці бегчы з-за страціўшых сумленне паганцаў ва ўладзе?
А напрыканцы жніўня 2021 г. да майго жаніха Мікіты прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі КДБ. Забралі тэлефон, паказалі яму два сумнавядомых артыкула Крымінальнага кодэксу і пайшлі. Чаму не затрымалі — невядома. Але гэта я прыняла за нейкі знак, што надышоў той самы час. За двое сутак мы сабраліся, вырашылі арганізацыйныя пытанні, узялі валізу і гітару ды паехалі. Абралі шлях праз Расію, каб выключыць сустрэчу з беларускімі памежнікамі. Праз 36 гадзін дарогі і перасадак мы былі ў Кіеве. Нас сустрэлі сябры, з’ехаўшыя ў 2020 г., і прапанавалі рыэлтара-беларуса, які літаральна за дзень знайшоў нам кватэру ў Ірпені. Там было танней, ёсць беларуская дыяспара, сябры — вырашылі спыніцца менавіта на гэтым варыянце. Разважалі, што калі Мікіта пачне працаваць, назапасім грошай — тады можна і ў Кіеў перабрацца. Я з 2020 г. працавала на «выдалёнцы», і гэта значна спрасціла пераезд.
Пачатак вайны я літаральна праспала. Стэлефаноўка па працы ў мяне павінна была адбыцца каля 11 ранку, і я добра так да 11 спала. Прачнулася, знайшла навушнікі, падключылася са спазненнем хвілін на 5, а там ужо ўсе: «Ты жывая? Ты жывая!». А я ж яшчэ амаль сплю, не разумею нічога! Потым зайшла ў Тэлеграм і натуральна абалдзела, доўга не магла паверыць... Напярэдадні мы да чатырох раніцы сядзелі з Мікітам — быў прагноз пачатку вайны, але нічога не пачалося, і мы пайшлі спаць. За дзень да таго хадзілі ў краму — набылі некалькі кансерваў, так і з'елі іх адразу, бо: «Ну, якая вайна? Што вы?».
Вельмі цяжка ў той дзень было асэнсаваць навіны. Вырашылі пайсці да банкамата, каб зняць грошай. Выйшлі з дому і адразу ўбачылі агромністы слуп чорнага дыму! Гэта гарэў аэрапорт у Гастомелі. Так вось адразу і побач апынулася вайна. Унутры ўсё пераўтварылася ў халодны ком. Пайшлі ў банк — зачынена. Дайшлі да супермаркета з банкаматам, там у чарзе стаялі больш за паўтары гадзіны, потым дадому. У той жа дзень пачала «працаваць» супрацьпаветраная абарона ў самім Ірпені. Гэта я зараз ужо адрозніваю як «Град» гучыць, як СПА, як ракеты, дзе ўкраінскія войскі страляюць, дзе акупанты. А тады: усё, мы пад абстрэлам! Але панікі ніякай не было, людзі ўвогуле вельмі мужныя і вытрыманыя. Спачатку было страшна, а потым ужо амаль прызвычаіліся...
Дзе хавацца, мы не ведалі. У нашым доме сутарэння не было. Я глядзела мапу бомбасховішчаў — у нашым раёне іх было зусім няшмат. Бліжэйшае на тэрыторыі вайсковага шпіталю. Гэта хвілін 15-20 пешшу, але я туды не збіралася ісці, бо было зразумела, што яно можа таксама трапіць пад абстрэл. Так потым і здарылася. Ані разу мы ў натуральнае бомбасховішча не патрапілі. Сядзелі па розных падвалах з 25 лютага па 8 сакавіка, выключаючы 2-3 дні, калі давялося пажыць у прыватным сектары ў дзядзі Колі. Але там таксама прыходзілася лезці ў сховішча, калі выбухі адбываліся зусім побач.
Дзядзя Коля — выключная асоба. Мы сядзелі яшчэ ў першым сутарэнні, і людзі з бліжэйшых дамоў прыватнага сектару баяліся выхадзіць нават за ежай, толькі адна гераічная бабуля лазіла праз плот да сябе за яйкамі. І вось да нас заходзіць вясёлы такі гучны мужык гадоў каля 50 з агромністым тэрмасам гарбаты і гарачай ежай. Прыходзіў кожны дзень то з блінамі, то з пірагом, то з каструляй макаронаў... Ён быў апрануты ў зялёную майку, я спачатку думала, што гэта хтосьці з байцоў тэрытарыяльнай абароны, але ж высветлілася што дзядзя Коля — просты мясцовы жыхар, жыве побач, хавацца лічыць ніжэйшым за яго годнасць.
Праз некалькі дзён стала троху цішэй, і некалькі чалавек вырашылі вярнуцца ў свае дамы. А нам ісці няма куды — супрацьлеглая частка Ірпеня, да дому больш гадзіны пешшу, мы з рэчамі ды катом у пераносцы. Заходзіць дзядзя Коля: «А вы чаго тут адны сядзіце?» Распавялі яму. Адказ быў такі: «У мяне жыць будзеце пакуль. На выхад!». У яго дом быў побач, яны там разам з жонкай Вікторыяй жылі і яшчэ пітомнік хаскі. Разам з ім потым 4 гадзіны ў чарзе ў аптэку стаялі пад абстрэлам, у краму хадзілі. У супермаркеце крупы няма, мяса ды малака няма, за хлебам асобная чарга не менш чым на гадзіну і па адной буханцы на чалавека. Але ж хамон ляжыць, ялавічына мармуровая, сыр з цвіллю, крэветкі нават.
З’ехаць мы спрабавалі амаль з першага дня. Запісаліся на эвакуацыйны рэйс ад BELARUS FREE CENTER, але ж ён мусіў быць з Кіева. Гэта б не было праблемай, але падарвалі мост… У Кіеў ніяк не дабрацца, нават на нешматлікіх таксі. Дамовіліся з валанцёрамі, што мы выязджаем на Жытомірскую трасу і нас там забяруць. Неяк знайшла таксі, каб выехаць хоць куды (кошт 3000 грыўняў). Селі, толькі паехалі, і тут з BELARUS FREE CENTER патэлефанавалі і сказалі, што аўтобус будзе ехаць без аніякіх прыпынкаў і нікога на трасе шукаць не будзе. Абзац! Таксовец прапанаваў адвезці нас у сховішча. Так мы апынуліся ў нашым першым сутарэнні. Былі і іншыя...
Тройчы мы спрабавалі выехаць з Ірпеня. Гучыць нібыта зусім анічога, але ж з рэчамі і катом пад абстрэламі шмат не пабегаеш. Разглядалі верагоднасць паехаць, бяспеку і спрабавалі. 25 лютага не атрымалася. Потым было 3 ці 4 сакавіка — другі дзень эвакуацыі цягніком. Гэта быў самы жудасны дзень у маім жыцці! Мы ледзьве збеглі. Самы моцны абстрэл і вельмі побач!
Мы ведалі пра шлях праз разбураны мост на Раманаўцы ад самога пачатку, аднак туды не пайшлі. Вельмі шмат ісці, а мы з рэчамі ды цяжкім катом, які важыць каля 7 кілаграмаў ды яшчэ ж пераноска вялікая. Мы яго ў лістападзе 2021 здолелі перавезці з Мінска і больш ніколі нідзе не пакінем! Да таго ж яшчэ і не ведалі гэтую частку горада, пастаянныя абстрэлы, інфармацыя аб загінулых падчас эвакуацыі... Гэта вельмі страшна! Як толькі мы атрымалі больш інфармацыі і з'явіўся варыянт туды трапіць — мы вырашылі пайсці, хаця некаторыя суседзі спрабавалі нас адгаварыць.
8 сакавіка. Зранку сабралі рэчы, ні з кім не развітваліся — гэта дрэнная прыкмета. Валанцёр Максім, які дапамагаў нам дабрацца, параіў мне неяк прыкрыць маю чырвоную куртку, якая падобная на мішэнь. Дагэтуль я тры ночы правяла пад белай шубай, што пакінула адна бабуля, якая наважылася пайсці да першага эвакуацыйнага рэйса. Ці дабралася яна — невядома. Апранула я гэтую шубу і стала падобная на амерыканскага сутэнёра з дрэннага баевіка.
Мы селі ў машыну, але адразу паехаць не атрымалася, бо мужыкі побач папрасілі «прыкурыць» іх аўто. Гэта ўсё здавалася такім працяглым і было вельмі страшна. Па дарозе ўвесь час думалі, каго б яшчэ падвезці, але людзі ішлі гуртамі, а ў нас было толькі паўтара месца. Максім насамрэч нам вельмі дапамог са зборам (прывёз цыгарэты, тэрмабялізну, нават памперсы для ката!), стараўся везці нас ціхімі вуліцамі і даставіў да месца. Там вельмі далёка, мы бы не дайшлі. Мы вельмі яму ўдзячныя і спадзяемся, што ён застанецца жывым у гэтым пекле!
Моцная завіруха, чорныя фігуры людзей з пераноскамі ды чамаданамі, стрэлы, выбухі...Так мы праехалі праз Ірпень. Шмат разбураных бомбамі ды ракетамі дамоў, я старалася менш глядзець, каб зберагчы рэшткі нерваў на потым. На мосце шмат пакінутых машын, палова з іх згарэлая. Мост узарваны, у рэчцы пад ім перакулены бус. Пад мостам натоўп людзей. Шмат замежных журналістаў. Людзі вельмі нервуюцца, чарга амаль не рухаецца — потым мы даведаліся, што праз рэчку доўга пераносілі некалькіх ляжачых дзядуль ды бабуль. Потым неяк зрабілася чарга для людзей з дзецьмі і пачаўся невялікі рух. Дзесьці праз рэчку перакінута некалькі вузкіх дошак, дзесьці трэба прабрацца па парэштках моста, кожныя некалькі крокаў стаяць хлопцы з тэрытарыяльнай абароны і падтрымліваюць тых, каму цяжка ісці. Нам вельмі пашанцавала — мы не зваліліся ў рэчку, не страцілі пераноску з катом і рэчы, не пашкодзілі ногі (у мяне нядаўна былі пашкоджаны звязкі на назе ды ў чамадана адарваліся ручкі).
На іншым беразе мы набіліся ў грузавік амаль як селядцы. І ён пагнаў! Гнаў вельмі хутка, гнаў як мага хутчэй і далей ад небяспечнага месца, гнаў у лес. Як мы ў кузаве не падавілі адно аднаго — не ведаю. У лесе нас чакаў звычайны гарадскі аўтобус. Мне дапамог паднесці чамадан нейкі мужчына ў камуфляжы. У аўтобус зайшоў вельмі падобны да майго «памочніка» мужчына, усіх заспакоіў, гучна сказаў, што мы зараз паедзем у Кіеў. Мы паехалі, а ён застаўся дапамагаць далей на месцы. Потым я даведалася што гэта быў мэр Ірпеня Аляксандр Маркушын.
Нас прывезлі на ўскрайкі Кіева. Я адразу напісала ў Фэйсбук і Тэлеграм, што мы выбраліся і шукаем месца на пару дзён. Пару разоў папалілі, далі невялікае інтэрв’ю нейкаму тэлеканалу. За гэты час у нас ужо з'явілася шмат прапаноў і два канкрэтныя адрасы. Абралі той, што бліжэй ды небяспечней. Нам даў дах наш калега, гітарыст гурта «Angered Crowd» Іван Герман. Мы ехалі на таксі і дурэлі з таго, як змяніўся Кіеў — блокпасты, вайскойцы, грамадзянскіх амаль няма. І ЦІШЫНЯ! Пасля Ірпеня гэта была сапраўдная цішыня!
Мы паспалі, памыліся і на наступны дзень селі на эвакуацыйны аўтобус BELARUS FREE CENTER да Львова. Спакойна даехалі, на блокпастах хлопцы досыць ветлівыя ды мілыя. Зараз будзем прыходзіць у сябе і жыць далей.
А, і яшчэ добрая навіна — дзядзя Коля з жонкай і сваімі сабакамі таксама выбраўся з Ірпеня і зараз у бяспецы.