Міхаіл Падаляк: Лукашэнка ў разгубленасці і ў прыгнечаным стане
Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у чарговы раз ацаніў магчымасць уварвання з боку Беларусі. Але, па яго словах, канцэнтрацыя ў Беларусі расійскіх войскаў небяспечная, перш за ўсё, для Лукашэнкі.

— Лукашэнка вельмі разгублены, бо мае вельмі вялікія праблемы ўнутры краіны пасля 2020 года. З іншага боку, ён знаходзіцца пад надзвычайным ціскам Пуціна, — патлумачыў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк незайздроснае становішча беларускага кіраўніка ў эфіры канала «УНІАН».
Ён упэўнены, што расійскія ўлады хочуць ад Саюзнай дзяржавы больш інтэнсіўнага ўдзелу ў вайне, аднак для Беларусі гэта небяспечна абнуленнем перспектыў дзяржаўнасці.
— І беларусы, у тым ліку і сам Лукашэнка, разумеюць, што прамы ўдзел у вайне пацягне за сабой і рэзкі рост санкцыйнага ціску, а таксама дасць магчымасць эфектыўнай працы ўкраінскай арміі на тэрыторыі Беларусі.
Таму Лукашэнка ў разгубленасці і ў прыгнечаным стане. Ён спрабуе дэманстраваць нейкія знешнія крокі, якія як бы павінны падкрэсліць яго лаяльнасць да Расіі, але ў той жа час спрабуе не рабіць ніякіх канкрэтных дзеянняў.
Пацвярджаюць гэта і вучэнні, якія праходзяць у Беларусі. Яны вонкава нешта паказваюць, але не правакуюць далейшую эскалацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Мы, дарэчы, таксама там пастаянна праводзім вучэнні. У нас там сканцэнтраваны пэўныя сілы абароны, якія выразна разумеюць, што рабіць. Перыметр мяжы вельмі добра ахоўваецца, там ёсць мінныя палі, працуе і выведка, і контрвыведка, — адзначыў Падаляк.
Ён не выключае таго, што частка мабілізаваных расійцаў патрапіць на тэрыторыю Беларусі, аднак, на думку ўкраінскага палітыка, гэта можа абярнуцца супраць саміх беларускіх улад.
— Мы разумеем настроі і ў беларускіх палітычных элітах, і сярод вайскоўцаў. Безумоўна, Расія сёння спрабуе адправіць туды пэўную колькасць мабілізаваных, мы мяркуем, што 20-30 тысяч.
Дарэчы, інфільтрацыя расійскіх генералаў у Лукашэнкі на розных узроўнях надзвычай высокая.
Акрамя таго, што тычыцца мабілізаваных, то, на наш погляд, яны ўяўляюць вельмі дэмаралізаваную частку непадрыхтаванага войска, яны не прафесіяналы, ваяваць не ўмеюць, усе знаходзяцца ў стане псіхалагічнага шоку, і мы спадзяемся, што гэта будзе толькі пагаршацца.
Таму да «беларускага кірунку» мы рыхтуемся, разумеем, што Расія паспрабуе яго актываваць, але шанцаў у яе з кожным днём становіцца ўсё менш і менш. А пасля кожнага Лімана такіх шанцаў будзе надзвычай мала, — падкрэсліў Міхаіл Падаляк.
