Міжнародны трыбунал па Расіі можа з'явіцца «да лета»?

Міжнародны трыбунал або іншы механізм для прыцягнення Расіі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы ва Украіне можа паўстаць да лета. Пра гэта заявіла намесніца дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд.

Нюрнберг, трыбунал

Нюрнберг, трыбунал

ЗША і чальцы «Вялікай сямёркі» цяпер «напружана працуюць» над стварэннем такога механізма, заявіла памочніца дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд на слуханнях у камітэце па міжнародных справах Сената ЗША ў чацвер, 26 студзеня, піша «Голас Амерыкі».

«Мы шмат працуем над гэтым з нашымі партнёрамі па G7 і з Украінай, мы працуем над рознымі мадэлямі. Я хацела б, каб мы прыйшлі да завяршэння да гадавіны (уварвання РФ ва Украіну. — Рэд.) — прыкладна ў лютым, але гэта можа заняць яшчэ некалькі месяцаў. Але да лета я хацела б, каб гэты механізм з’явіўся», — сказала Нуланд, калі адказвала на пытанне сенатара-дэмакрата ад штата Мэрыленд Бэна Кардына.

Задаючы пытанне, сенатар Кардзін падкрэсліў, што напярэдадні Дня памяці ахвяр халакосту, які адзначаецца 27 студзеня, ён лічыць, што для міжнароднай супольнасці вельмі важна ведаць, што будзе судовы пераслед, што будзе міжнародны механізм, «напрыклад, як Нюрнбергскі працэс пасля Другой сусветнай вайны».

Вікторыя Нуланд адказала, што такая праца вядзецца — як па стварэнні прававых механізмаў, так і па зборы доказаў.


Нуланд распавяла, што калі ў верасні яна была ў Кіеве з дзяржсакратаром ЗША, яны сустрэліся ў Ірпені з няўрадавымі арганізацыямі, якія «збіраюць доказы і дакументуюць іх» для перадачы ў суды. Некаторыя з гэтых арганізацый працуюць пры падтрымцы USAID, падкрэсліла Нуланд.

Таксама ў чацвер, 26 студзеня, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) аднагалосна прагаласавала за стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала па справе аб агрэсіі супраць Украіны.

На мінулым тыдні Брытанія заклікала стварыць «спецыяльны трыбунал з абмежаванай увагай да злачынства агрэсіі» ў дадатак да расследавання, якое праводзіцца Міжнародным крымінальным судом (ICC).


Варта згадаць, што падчас выступу ў Давосе кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак заявіў, што ва Украіне зарэгістравана 80 тысяч злачынстваў з боку расійскіх вайскоўцаў, загінулі больш за 9 тысяч мірных жыхароў, з іх 453 — дзеці. Таму Украіна імкнецца стварыць спецыяльны міжнародны трыбунал для суда над расійскімі палітычнымі лідарамі і дзеля кампенсацыі разбурэнняў, выкліканых расійскім уварваннем.