Еўрапарламент прагаласаваў за стварэнне трыбунала для Пуціна і Лукашэнкі

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб стварэнні спецтрыбунала для разгляду злачынства агрэсіі супраць Украіны. За такія злачынствы нясе адказнасць вышэйшае кіраўніцтва краіны.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Еўрапейскі Саюз і яго чальцы павінны дамагацца стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала для разгляду злачынства агрэсіі супраць Украіны, здзейсненага палітычным і ваенным кіраўніцтвам Расіі, абвяшчае рэзалюцыя Еўрапейскага парламента, прынятая ў чацвер, 19 студзеня, у Страсбургу. За яе прагаласавалі 472 еўрадэпутаты, супраць — 19, устрымаліся — 33, паведамляе «Нямецкая хваля».

Спецыяльны трыбунал — па аналогіі з Нюрнбергскім працэсам пасля Другой сусветнай вайны, дзе судзілі нацысцкіх лідараў — павінен стварацца ў цесным супрацоўніцтве з Украінай і міжнароднай супольнасцю, пажадана праз ААН, вырашыў Еўрапарламент. Такія трыбуналы ствараліся па рашэнні Савета Бяспекі ААН для судовага пераследу асоб, вінаватых у здзяйсненні ваенных злачынстваў у былой Югаславіі і Руандзе.

Зняць імунітэт з Пуціна і Лукашэнкі

Галоўная задача аўтараў ініцыятывы — знайсці агульны юрыдычна абгрунтаваны шлях, галоўная ўмова — суд павінен валодаць юрысдыкцыяй для пераследу Уладзіміра Пуціна, палітычнага і вайсковага кіраўніцтва РФ, а таксама Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніцтва Беларусі як дзяржавы, з тэрыторыі і пры падтрымцы якой Расія вядзе вайну супраць Украіны.

За злачынствы агрэсіі нясе адказнасць вышэйшае кіраўніцтва краіны, але на яго распаўсюджваецца міжнародны імунітэт ад замежнай крымінальнай юрысдыкцыі. Гэта значыць, што для падобнага трыбунала неабходна зняць імунітэт. Для гэтага і патрэбна магутная падтрымка сусветнай супольнасці, паколькі Рада Бяспекі ААН паралізавана ў любым пытанні, што тычыцца вайны ва Украіне, бо Расія — яе пастаянны чалец, які валодае правам вета.

Таму ЕС і Украіна павінны шукаць падтрымку ў Генеральнай Асамблеі ААН і на іншых міжнародных форумах, актыўна выкарыстоўваць публічную дыпламатыю і стратэгічную камунікацыю, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі Еўрапарламента. 


Пусціць актывы РФ на рэпарацыі Украіне

Еўрапарламент заклікаў Еўрасаюз і яго партнёраў абмеркаваць прававыя шляхі выкарыстання замарожаных актываў Цэнтрабанка РФ у якасці рэпарацый за парушэнне Расіяй міжнароднага права ва Украіне. У прыватнасці, разгледзець патэнцыйную адмову ў абароне суверэннага імунітэту гэтых актываў у сувязі з цяжарам правапарушэнняў. Без зняцця імунітэту гаворкі аб канфіскацыі грамадскіх расійскіх актываў быць не можа.

Стварэнне трыбунала паслужыць выразным сігналам як расійскай, так і міжнароднай супольнасці аб тым, што Пуцін і кіраўніцтва РФ могуць паўстаць перад судом за злачынства агрэсіі ва Украіне, перакананы ў Еўрапарламенце. А палітычнай, дзелавой эліце Расіі і хаўруснікам Крамля гэта павінна прадэманстраваць, што краіна пад кіраўніцтвам Пуціна больш не зможа вярнуцца да звыклага вядзення спраў з Захадам, падкрэсліваюць еўрапарламентарыі.

«Як ні парадаксальна, такі трыбунал патрэбен самой Расіі, — сказаў падчас дэбатаў латвійскі дэпутат Робертс Зіле. — Ён важны, каб спыніць у яе грамадстве імперыялістычны наратыў і каб будучыя пакаленні гэтай краіны паклалі канец расійскаму імперыялістычнаму мілітарызму».

Еўрапарламентарыі ўпэўнены, што для Украіны трыбунал адыграе важную ролю ў дасягненні справядлівасці, а для ўсяго свету — у стрымліванні іншых дзяржаў ад паўтарэння агрэсіі. 

Першы этап — міжнародная спецпракуратура

Найважнейшым практычным крокам на шляху стварэння спецтрыбунала павінна быць міжнародная спецпракуратура для расследавання злачынства агрэсіі супраць Украіны, сказана ў рэзалюцыі Еўрапарламента. Пра гэта казаў і еўракамісар па пытаннях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрс. У сваім выступленні перад дэпутатамі ён падкрэсліў, што перш, чым запрацуе трыбунал, патрэбны механізм расследавання злачынства агрэсіі.

Спецыяльная міжнародная пракуратура стане першым этапам у барацьбе з беспакаранасцю гэтага злачынства, здзейсненага ва Украіне. Са слоў Рэйндэрса, Еўрасаюз ужо абмяркоўвае стварэнне пракуратуры з афіцыйным Кіевам, Еўраюстам і Міжнародным крымінальным судом (МКС).

МКС валодае юрысдыкцыяй у дачыненні да ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці і злачынстваў генацыду, учыненых на тэрыторыі Украіны з лістапада 2013 года. Аднак ён не мае юрысдыкцыі ў дачыненні да злачынства агрэсіі, як яно вызначана ў Рымскім статуце, таму што ні Украіна, ні Расія не ратыфікавалі названы статут і папраўкі, якія тычацца злачынства агрэсіі.

У сувязі з гэтым Еўрапарламент і Еўракамісія падкрэсліваюць важнасць ратыфікацыі Украінай Рымскага статута МКС, паправак да яго, а таксама афіцыйнага ўступлення ў МКС.

«Гэта стала б важным знешнім і ўнутраным сігналам з боку Кіева», — падкрэсліў Рэйндэрс.

Расія ў 2016 годзе адмовілася ад удзелу ў МКС пасля таго, як анексія Крыма была прызнана акупацыяй. А Украіна за паўтара года да таго часткова прызнала яго юрысдыкцыю, што і адкрыла магчымасць для офіса пракурора МКС у Гаазе распачаць следства пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання. 


Пакласці канец беспакаранасці агрэсіі супраць Украіны

Стварэнне спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі не паўплывае на юрысдыкцыю МКС, а толькі дапоўніць яе, перакананы ў ЕС. «Расійскія лідары цяпер не могуць быць прыцягнуты да адказнасці за злачынства агрэсіі ні ў якой юрысдыкцыі», — растлумачыў Рэйндэрс. Таму «стварэнне такога трыбунала запоўніла б вялікі прабел у структуры Міжнароднага крымінальнага правасуддзя», сказана ў рэзалюцыі Еўрапарламента.

Са свайго боку, пракурор МКС засяродзіцца на расследаванні меркаваных злачынстваў генацыду, ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых ва Украіне.

Падрыхтоўчую працу ЕС па спецтрыбунале варта пачаць неадкладна, вырашылі еўрадэпутаты.

«Давайце не спознімся хаця б з трыбуналам, калі ўжо мы спазніліся з «Леапардамі», — заклікаў літоўскі дэпутат Андрус Кубілюс.

Расійскае злачынства агрэсіі супраць Украіны «ў інтарэсах сусветнай бяспекі і заснаванага на правілах міжнароднага парадку не можа заставацца без адказу з боку міжнароднай супольнасці», падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Пераклад «НЧ»