Палітолаг: Магчыма, мы ўбачым самыя масавыя пратэсты з 1996 года
Разрыў паміж надзеямі грамадства і вынікамі ад ЦВК, хутчэй за ўсё, падштурхне беларусаў да актыўнага грамадзянскага дзеяння па абароне сваіх галасоў, лічыць старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
![Андрэй Ягораў. Фота Дзіяны Серадзюк Андрэй Ягораў. Фота Дзіяны Серадзюк](/img/v1/images/pa107686_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Андрэй Ягораў. Фота Дзіяны Серадзюк
«Відавочна, што ход на аб'яднанне быў палітычна эфектыўным. Самае важнае, што гэта аб'яднанне змагло перахапіць дынаміку росту падтрымкі, якая была ў альтэрнатыўных кандыдатаў, перш за ўсё, у Віктара Бабарыкі. Гэта значыць, тое, што Святлана Ціханоўская, зусім новы ў палітыцы чалавек, стала лідарам кампаніі, не прывяло да зніжэння дынамікі. Гэта, напэўна, у палітычным сэнсе цяпер самае галоўнае», — сказаў Андрэй Ягораў пра падзеі мінулага тыдня сайту thinktanks.by.
Цень «рукі Масквы»
Мабыць, у камандзе кааліцыі ўважліва вывучаюць разлютаваныя спрэчкі ў сацсетках па розных аспектах дзеянняў аб'яднаных штабоў. Папрокі ў адсутнасці нацыянальнага складніку — Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава пачынаюць звяртацца да прысутных на беларускай, са сцэны гучыць «Жыве Беларусь!». «На каманду працуюць прафесійныя піяршчыкі, гэта факт, некаторыя з іх вядомыя — гэта класныя беларускія спецыялісты, гэта не нейкая знешняя каманда. З таго, што мне вядома, тут няма працы нанятых у Расіі альбо дзесьці яшчэ прафесійных паліттэхнолагаў — гэта толькі беларускія рэсурсы, па меншай меры, з моманту аб'яднання штабоў, — адзначае Андрэй Ягораў. — Самыя неадназначныя выказванні, якія выклікаюць недавер у часткі прыхільнікаў пераменаў, звязаныя з фігурай Валерыя Цапкалы, які днямі заяўляў пра магчымасць для Расіі стаць гарантам законнасці беларускіх выбараў, пра неблагія перспектывы Саюзнай дзяржавы і г.д. Акрамя таго, сваю лепту ўнёс і некаторы расійскі след у гісторыі Сяргея Ціханоўскага, які прасочваўся яшчэ раней і быў нядаўна абнародаваны — так, усё гэта ёсць і не можа не трывожыць».
«Але ў якім аспекце гэта трывожыць цяпер? Гэтыя ідэі могуць эксплуатавацца ў ключы таго, што калі ў Беларусі падчас або пасля выбараў здарыцца палітычны крызіс, усталюецца двоеўладдзе, супрацьстаянне паміж прыхільнікамі пераменаў і беларускай уладай, то можа ўзнікнуць ідэя, дапусцім, запрашэння расійскіх сенатараў, уплывовых асоб у якасці нейкіх пасярэднікаў ці гарантаў перамоваў з беларускай уладай. Мы памятаем, чым гэта скончылася ў 1996 годзе, калі прыезд расійскай дэлегацыі на чале з Віктарам Чарнамырдзіным дазволіў Лукашэнку выйграць час і ў палітычным супрацьстаянні перамагчы парламент і Канстытуцыйны суд. Не думаю, што ёсць хоць нейкія шанцы на тое, што сённяшняя Расія можа падтрымаць дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Такія дзеянні будуць вельмі небяспечныя і прывядуць, хутчэй, да таго, што Лукашэнка захавае ўладу», — лічыць палітолаг. На думку Андрэя Ягорава, кааліцыя толькі ўзмацніла б свае пазіцыі, калі б «публічна акрэсліла сваю пазіцыю па пытанні ўключэння якіх-небудзь знешніх суб'ектаў у вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі». «З майго пункту гледжання, гэта зняло б вельмі шмат пытанняў, прэтэнзій і занепакоенасці, якія ёсць сярод людзей, якія падтрымліваюць незалежнасць Беларусі — проста заява аб тым, што ніякія знешнія суб'екты не могуць уплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі, што гэта выключна наша ўнутрыбеларуская справа — змены ў краіне», — сказаў Андрэй Ягораў.
Адзінае салідарнае дзеянне
«Байкот і агітацыя за байкот страцілі сэнс яшчэ з моманту росту выбухной папулярнасці альтэрнатыўных кандыдатаў. Тады стала зразумела, што байкот ужо не можа адбыцца, калі толькі ён не стане краевугольным каменем у стратэгіі саміх кандыдатаў. Я працягваю лічыць, што байкот быў найбольш аптымальнай стратэгіяй, але ўсё, што можа адбыцца сёння, звязана з масавым калектыўным дзеяннем. Святлана Ціханоўская, якая кажа пра тое, што нам патрэбныя ўсе галасы, займае правільную пазіцыю, цяпер важна адзінае салідарнае дзеянне, ну а паколькі лідарамі гэтага адзінага салідарнага дзеяння цяпер выступаюць аб'яднаныя штабы, то, вядома, трэба прытрымлівацца іх закліку», — адзначыў Андрэй Ягораў.
Пратэсты непазбежныя і ўлада да іх рыхтуецца
«Пратэсты, якія вызначаюцца па характары грамадскага ўздыму, выглядаюць усё больш і больш непазбежнымі. Надзеі людзей падаграваюцца зараз агітацыйнай кампаніяй, людзі пачынаюць верыць у магчымасць пераменаў праз выбары, яны спадзяюцца, што змогуць абараніць свае галасы, — сказаў палітолаг. — Відавочна, што ўлады не збіраюцца арганізоўваць справядлівае галасаванне. Разрыў паміж надзеямі і вынікамі, якія будуць абвешчаныя ЦВК, хутчэй за ўсё, выпхне масы на вуліцы ў актыўнае грамадзянскае дзеянне па абароне сваіх галасоў. Гэта будуць мірныя пратэсты, але, хутчэй за ўсё, яны распаўсюдзяцца на ўсю Беларусь. Магчыма, мы ўбачым самыя масавыя пратэсты з 1996 года. Вядома, улада рыхтуецца да падаўлення гэтых пратэстаў, але складана прагназаваць, як гэта ўсё будзе разгортвацца, у якім рэжыме. Многае будзе залежаць ад таго, што будуць гаварыць і рабіць лідары кампаніі падчас гэтых пратэстаў. Якія патрабаванні яны будуць выстаўляць уладам, калі гэта будзе масавы і працяглы пратэст, да чаго яны будуць заклікаць людзей, наколькі людзі будуць давяраць ім ці не давяраць... Бо можа быць і адмова ад барацьбы за вынікі галасавання, аб'ява аб пераходзе да рэалізацыі ідэі рэферэндуму, стварэння палітычнай партыі».
Але ёсць верагоднасць і таго, што кааліцыя «будзе патрабаваць ад уладаў прызнання несапраўднымі вынікаў выбараў, запатрабуе прызначыць новыя выбары пры пераглядзе складу ЦВК — масавыя пратэсты тады сур'ёзна ўзмоцняць іх пазіцыю на магчымых перамовах з уладай». «Складана сказаць, як гэта будзе. Але калі пратэсты будуць разгромленыя, калі штабы не падтрымаюць хвалю, то, вядома, гэта выкліча новую масавую дэпрэсію ў грамадстве», — лічыць Андрэй Ягораў.
Палітолаг адзначае, што сённяшняя сітуацыя ў краіне робіць «вельмі складаным доўгатэрміновы прагноз».
«Хацелася б пагадзіцца з сцвярджэннямі аб тым, што цяпер мы бачым перараджэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якое прывядзе да сістэмных зменаў у краіне. У мяне, на жаль, няма пакуль падставаў для такога роду меркаванняў цяпер. Але ўлады зрабілі ўсё магчымае для таго, каб дэлегітымізаваць гэтыя выбары ўжо сёння, што падрывае легітымнасць сістэмы ў цэлым. Можа быць пасля падзей у дзень галасавання і некалькі наступных мы ўбачым і нараджэнне новага парадку: парытэт сіл і перамовы з уладай аб новых выбарах. Цяпер жа на гэтым кароткім прамежку да выбараў важна тое грамадскі ціск, які аказваецца на выбарчыя камісіі. Сістэма выглядае маналітнай, але калі частка сябраў камісій і старшыняў адмовіцца ад дзеянняў у звыклай логіцы і пачне падыгрываць прыхільнікам пераменаў, то можа пачацца каскадны эфект абвалу. Гэта было б яшчэ адным фактарам дэлегітымізацыі выбараў і сур'ёзна б падмацоўвала сцвярджэнне аб іх незаконнасці і несправядлівасці», — сказаў Андрэй Ягораў.