Перадача ўлады: ад каго каму?
Прэсавая канферэнцыя, сабраная з нагоды стварэння грамадскага каардынацыйнага савета, мэтаю якога з’яўляецца мірны трансфер улады, канешне, пакінула больш пытанняў, чым адказаў. Па-мойму, акрамя анонсу, што такі савет створаны, арганізатары мерапрыемства больш не мелі, што сказаць.
Але, тым не менш, я далёкі ад таго, каб крытыкаваць яе арганізатараў. У гэтай ініцыятывы, нягледзячы на яе стракаты склад, усё ж бачыцца больш плюсаў, чым мінусаў.
Як зазначыла ў час прэс-канферэнцыі кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, беларускі пратэст унікальны. І ўнікальнасць яго ў тым, што ён дэцэнтралізаваны і не мае нейкага агульнага лідара. Людзі выходзяць пратэставаць не толькі ў буйных гарадах, але і ў райцэнтрах, і нават у вёсках — па ўласным жаданні і сумленні. Але ў той жа час узнікае пытанне: з кім перамаўляцца?
З кім прадстаўнікі ўлады, калі яны вырашаць стаць «на светлы бок», могуць весці перамовы? Да каго ім звяртацца — да кожнага з тых двухсот тысяч, якія ў нядзелю выйшлі на вуліцы сталіцы? Ці непасрэдна да Святланы Ціханоўскай, якая фактычна была выштурхнутая за межы краіны? Нерэальна.
Таму савет і быў патрэбны — каб даць персанальны склад людзей, якія маглі б весці нейкія перамовы. Гэта была яго найпершая задача: прадэманстраваць, што ў краіне ёсць людзі, з якімі можна дамаўляцца.
Як было зазначана на той жа прэсавай канферэнцыі, займацца такімі перамовамі здолее прэзідыўм савета, які будзе складацца з сямі чалавек. Гэта і не мала, і не шмат — якраз дастаткова, каб можна было «апрацоўваць заяўкі ў парадку іх паступлення».
Другая справа савету — праца ў экспертных групах і камісіях. І гэта таксама справа вельмі важная.
Мы цяпер патрабуем расследаваня ў дачыненні да мілцыянтаў, што здзяйснялі катаванні нашых суайчыннікаў, і пакарання вінаватых па законе. Прынамсі, гэтыя патрабаванні ўключаюцца ці не ў любыя заявы і петыцыі страйкамаў і групаў грамадзян. І тут ёсць велізарнае «але».
Улады могуць пагадзіцца на гэтыя патрабаванні, і нават выдадуць народу «стрэлачнікаў». Але расследаваць факты здзекаў будуць тыя ж следчыя што завялі крымінальную справу на блогера Нехта, і дагэтуль не завялі яе па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. А судзіць «катаў у пагонах» будуць тыя ж суддзі, якія па пратаколах, намаляваных гэтымі ж катамі, давалі іх ахвярам штрафы і адміністрацыйныя арышты.
Ці такога правасуддзя мы хочам? Альбо мы хочам сапраўды празрыстага і незалежнага расследавання?
Неяк, калі Павел Севярынец сядзеў на «хіміі» ў Купліне, я прыязджаў да яго, і ён сказаў цікавую рэч: пра тое, што ў нас тысячы суддзяў, якія выносілі несправядлівыя прысуды, дзясяткі тысячаў членаў камісій, што фальшавалі выбары з году ў год, велізарная армія ідэолагаў. «Кім мы іх заменім?», - пытаўся Павал.
Ён бачыў выйсце менавіта ў хрысціянскай дэмакратыі: каб на гэтыя месцы прыйшлі вернікі, для якіх запаветы «не забі» і «не скрадзі» — святыя. Але ці зможам мы знайсці столькі людзей, каб змяніць усіх адначасова?
Таму каардынацыйны савет, я спадзяюся, і будзе выпрацоўваць хаця б прынцыпы, хаця б першыя крокі такой рэформы. Бо мы больш за два дзесяцігоддзі жылі без незалежных судоў і з «кругавой парукай» сілавікоў і суддзяў.
Яшчэ адну немалаважную рэч, за якую павінен узяць на сябе гэты каардынацыйны савет, агучыў чалец страйкаму Мінскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі. «Людзі сабраліся, людзі незадаволеныя. А што рабіць далей? Сабраўся страйкам, людзі мяне пачулі, падтрымалі. А што далей? Выйсці на вуліцы? Як паступіць у рамках закона? Як абараніць таварышаў па працы, каб яны засталіся на сваіх працоўных месцах, і дамагчыся свайго?», — казаў ён пра тое, што хвалюе яго.
Каардынацыя — гэта таксама тое, што павінен рабіць гэты савет, таму ён і завецца «каардынацыйным». Савет павінен падказваць людзям, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі — менавіта мірна і ў межах закону.
А ёсць яшчэ і міжнародная супольнасць, якая прапаноўвае сваё пасярэдніцтва для ўрэгулявання сітуацыі ў краіне і настойліва патрабуе ўлады сесці за стол перамоваў. Канешне, Лукашэнка на такія перамовы не пагодзіцца. Але мы ж павінны хаця б прадэманстраваць гатоўнасць перамаўляцца — як цывілізаваныя людзі? Таму з нашага боку павінны быць вызначаныя адказныя за такі дыялог — а раптам здарыцца цуд, і ўлады на гэта пойдуць?
Карацей, нягледзячы на тое, што арганізатары каардынацыйнага савета вырашылі абмежаваць яго склад у 70 чалавек, і гэтых можа не хапіць для ўсіх мэтаў, што тэрмінова давядзецца вырашаць.
Адзіную праблему пакуль бачаць як грамадства, так і арганізатары — тое, што каардынацыйны савет можа ператварыцца ў балбатню. Пісьменнік Віктар Марціновіч ў Фэйсбуку нагадаў, што былі ўжо такія саветы — напрыклад, так званыя «перамовы ўлады і апазіцыі» пад эгідай Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ на чале з Хансам-Георгам Вікам. Тады сапраўды ўсё проста «забалбаталі». Але тое, што арганізатары ўсведамляюць такую небяспеку, сведчыць на карысць гэтага кансультацыйнага савета.
Агулам жа я лічу, што, калі пад «дахам» гэтай структуры будзе створаны хаця б рэспубліканскі страйкам (той жа Сяргей Дылеўскі казаў пра неабходнасць каардынацыі дзеянняў страйкамаў з розных заводаў і прадпрыемстваў) — гэта будзе ўжо няблага.
Галоўнае — каб людзі не супакоіліся, і не пераклалі адказнасць на гэты савет за ўсе далейшыя дзеянні. Незалежна ад таго, ёсць каардынацыйны савет, ці няма — трэба працягваць ціск на ўладу. Трэба працягваць вулічныя акцыі, падтрымку страйкоўцаў (не ў малой ступені важна і маральная падтрымка), агульныя зборы і высоўванне патрабаванняў да ўлады. Каб яна не думала, што ўсё сцішыцца само сабою. А, падаецца, менавіта на гэта цяпер і разлічаная тактыка ўлады.