Пётр Кузняцоў: Закулісна і інфармацыйна Мінск робіць ці не ўсё магчымае, каб дыстанцыявацца ад Расіі
Аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў лічыць, што цяпер вельмі добра бачна, як многія падзеі апошняга месяца выбудоўваюцца ў нейкі лагічны для Беларусі ланцужок. Праўда, гэта своеасаблівая, беларуская логіка.
Давайце ўспомнім: не так даўно прагучалі патрабаванні абавязкова ўключыць Беларусь у перамоўны працэс паміж Расіяй і Украінай. Матывам да гэтага выступлення можа быць як жаданне зноў здабыць міжнародную палітычную суб'ектнасць, так і надыктаваная воля Расіі з тым, каб уключыць Мінск у пул гарантаў Украіны, як сваю пешку. Аднак важнай рыскай з'яўляецца тое, што пасля гэтыя патрабаванні былі расшыфраваныя як неабходнасць атрымаць гарантыі бяспекі. Якія — не ўдакладнялася, і тут ёсць шэраг пытанняў. Ад Захаду? Дык ёсць расійскі ядзерны парасон — або мы не давяраем Расіі? Ад Украіны? Так тут тое ж самае. Ці, усё ж, ад Расіі — па ўкраінскім узоры?
Яшчэ адным цікавым момантам, вядома ж, з'яўляецца апублікаваны не так даўно ліст Макея лідарам Еўрасаюза з прапановай пачаць дыялог, то-бок, «перагарнуць старонку». Паказальна вось што. ЕС застаўся глухі, што выявілася ў публікацыі гэтага ліста без якога-небудзь адказу. Літаральна на гэтым тыдні мы ўбачылі, як пасля некаторага ўмоўнага і адноснага зацішша на фоне вайны, у Беларусі аднавіўся накат на грамадзянскую супольнасць (яго рэшткі) — масавы хапун прафсаюзных актывістаў. Калі глядзець на гэтыя падзеі ў паслядоўнасці, іх можна ўспрымаць як спробу ў адносінах з Еўропай вярнуцца ў старую, хай і праблемную, але зразумелую рамку: мы гандлюемся з вамі па пытаннях звыклых — дэмакратыя, палітвязні. Родная каляіна.
Ну і, нарэшце, коратка пра апошні, як кажуць амерыканцы і англічане: the last but not least зліў украінскай выведкай копіі дакумента аб меркаваным уварванні РФ у Беларусь на фоне пратэстаў 2020 года.
Бачыў некалькі версій, дзе бенефіцыярамі ад гэтага называецца сама Украіна, нібыта ўнясеннем разладу паміж Мінскам і Масквой, у чымсьці Расія і Беларусь. На мой погляд, адкрытыя ляпы і агульны кантэкст кажуць, хутчэй, аб наступным. Усе, у прынцыпе, ужо даўно зразумелі, хто больш за ўсё любіць паказваць свету, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. Яно, вядома, магло і можа быць адусюль, гэта мы таксама даўно ведаем. Але ў гэтым канкрэтным выпадку гэтая папера — вельмі адкрыты і незавуаляваны мэсэдж, падазраю, усё таму ж Захаду: «Калі б мы не разграмілі пратэсты сваімі сіламі, то гэта зрабіла б Расія сваімі метадамі». І тут міжволі ўспамінаецца адна з фраз, сказаных у адным з нядаўніх інтэрв'ю аб ходзе вайны. Што, маўляў, Пуцін жа прапаноўваў Зяленскаму нармальныя ўмовы — проста быць як Беларусь. За тэтым так жа вельмі выразна чытаецца намёк, што і перад Беларуссю альтэрнатыва вельмі простая: ці — як ёсць, ці — як Украіна.
Высновы з гэтай чарады падзей вельмі простыя. Закулісна і інфармацыйна Мінск цяпер робіць калі не ўсё магчымае, то вельмі многае для таго, каб дыстанцыявацца, адмежавацца ад Расіі. Прадэманстраваць, што гуляў НЕ сваю гульню і НЕ па сваёй волі, а пад вельмі непрыемнымі перспектывамі. Што па меры аслаблення пазіцый Расіі ў канфлікце гатовы да рознага выгляду дыялогаў, у першую чаргу прапаноўваючы, гэтым разам Еўропе і Захаду, галоўны козыр і тавар — сваю незалежнасць і дзяржаўнасць, яе захаванне. Пры дапамозе, галоўным чынам эканамічнай, вядома ж, ад усё таго ж Захаду, хаця б у выглядзе калі не адмены, дык не ўзмацнення санкцыйнага ціску.